Незабыўны дзень у сталіцы

Незабыўны дзень у сталіцы

Наша школа ўдзельнічае ў інавацыйным праекце грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Нядаўна педагогі арганізавалі для нас экскурсію ў Мінск. Раніцай мы сабраліся ў двары школы і накіраваліся ў падарожжа. Сумаваць у час дарогі не давялося. Экскурсавод расказвала пра знакамітыя мясціны Беларусі, якія праязджалі. Хоць веды ў гісторыі, геаграфіі, літаратуры маем багатыя, аднак зразумелі, што многага яшчэ не ведаем.
Сваё знаёмства са сталіцай пачалі з прывакзальнай плошчы, з гарадскіх варотаў. На адной з вежаў знаходзіцца самы вялікі гадзіннік Беларусі. Ехалі па галоўнай плошчы — плошчы Незалежнасці, дзе ўбачылі Дом урада. Побач — касцёл святых Сымона і Алены, будынкі даваеннай пабудовы. Тут таксама шмат вышэйшых навучальных устаноў краіны: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Мінскі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, будынак адміністрацыі метрапалітэна. Многія з нас вырашылі, што будуць абавязкова паступаць у сталічныя ВНУ.
Пад час агляднай экскурсіі спыніліся на “Востраве слёз”, даведаліся, што ў цэнтры мемарыяла храм-помнік загінулым воінам-афганцам. Ён стаіць на 16 сваях, што ідуць у балоцістую глебу і ўмацаваны валунамі. У чатыры бакі звернуты погляды журботных жанчын, якія аплакваюць сваіх сыноў. У цэнтры ў падземным калодзежы знаходзіцца святое месца, дзе закладзены жмені зямлі, што прывезлі маці з магілаў сваіх сыноў. Уразіла і скульптура хлопчыка-анёла, які плача. А плача ён таму, што не змог ажыццявіць сваю місію — засцерагчы ад смерці воінаў. На беразе ляжаць валуны, дзе выбіты назвы афганскіх правінцый, у якіх вялі баі савецкія воіны. Наша экскурсавод са слязамі на вачах расказвала пра падзеі тых гадоў. Мяне і іншых маіх сяброў апанавала пачуццё гонару і смутку пад час знаходжання тут.
Далей наш шлях пралягаў па Траецкім прадмесці. Мы трапілі ў атмасферу Мінска ХІХ стагоддзя. Гэты сталічны мікрараён захаваў непаўторны каларыт старога горада з яго дворыкамі, каванымі лесвіцамі і балкончыкамі. Даведаліся, што гэта першы аб’ект сталіцы, дзе ўзноўлены першапачатковы выгляд квартала, асобных будынкаў, інтэр’ераў паводле старых фотаздымкаў, архіўных дакументаў, дадзеных археалагічных раскопак. Словам, гэта музей пад адкрытым небам. Самая першая аптэка ў горадзе, музеі М.Багдановіча і беларускай літаратуры, гістарычныя помнікі прыцягнулі нашу ўвагу.
Потым у нас была экскурсія па цэнтральных сталічных вуліцах і, канечне, не абмінулі Нацыянальную бібліятэку Беларусі, якая з’яўляецца арыгінальным і незвычайным комплексам сучаснай архітэктуры. Перад ёю — помнік беларускаму асветніку Францыску Скарыне.
Каб паглядзець на сталіцу з вышыні, падняліся на глядзельную пляцоўку Нацыянальнай бібліятэкі і яшчэ раз пераканаліся, што гэта прыгожы і цудоўны горад.
Затым нас у Дзяржаўным цырку чакала праграма “У гасцях у фестывалю ў Монтэ-Карла”, у якой удзельнічалі артысты з усяго свету і тыя, хто атрымаў самыя прэстыжныя ўзнагароды на міжнародным фестывалі цыркавога мастацтва ў Монтэ-Карла. Завяршылася наша паездка наведваннем Макдональдса. Вярталіся дадому вясёлыя, напоўненыя рознымі ўражаннямі, абмяркоўвалі суботні дзень і марылі пра новыя экскурсіі па Белай Русі.
Міхаіл ПАНФІЛА, вучань 6 “Б” класа першай гарадской адзінаццацігодкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top