Дзве прафесіі Вячаслава Нічыпарука

Дзве прафесіі Вячаслава Нічыпарука

Яго жыццё, нібыта займальная кніга, на старонках якой — безліч цікавых сустрэч. Напярэдадні свайго 50-га дня нараджэння Вячаслаў Пятровіч Нічыпарук згадзіўся расказаць пра марскія і сухапутныя прыгоды, пра людзей, што дапамаглі, як кажуць, “стаць на крыло” ў жыцці.

І. Мара пра мора

Далёка ад Жабінкі мора. Аднак ягоныя хвалі ажывалі на старонках прыгодніцкіх раманаў і захапілі хлопца са школьнай пары. Зусім не дзеля славы хацелася адарвацца ад роднага парога. Быў час, калі ў многіх юнакоў жыла патаемная мара пабачыць вялікі свет ва ўсёй яго непаўторнай прыгажосці. Пасля васьмі класаў Вячаслаў ужо дакладна ведаў: у ягоным лёсе павінна быць мора. Абавязкова! Настолькі моцна паклікала рамантыка далёкіх падарожжаў, што без ваганняў падаў дакументы ў Рыжскае мараходнае вучылішча. Конкурс быў, як у самую прэстыжную ВНУ: ажно 22 чалавекі на месца! Чатыры гады Нічыпарук вучыўся на штурмана, інакш — суднавадзіцеля.
Роўна трыццаць гадоў таму ён прыйшоў у Мурманскае марское параходства. Ніколі не знікнуць яркія ўспаміны ад першага паходу па бязмежным акіяне, перасячэнне экватара на шляху ў Аргенціну…
Перавозілі выключна мірныя грузы: бавоўну, цукар, трактары… Канечне, найбольш уражанняў ад паходаў у загранку: вакол еўрапейскіх берагоў, у замежжа Канаду і Злучаныя Штаты Амерыкі, на экзатычную Кубу. На Востраве Свабоды іх параход наведаў касманаўт-беларус Уладзімір Кавалёнак, які пасля доўгай касмічнай вахты адпачываў разам са сваім экіпажам у Гаване.
А марская вахта, між тым, пераменлівая: нядаўна яшчэ борт лашчылі цёплыя хвалі цэнтральнай Атлантыкі, а вось ужо свае суровыя прывітанні дасылае Паўночны Ледавіты акіян! Шмат разоў няпростым шляхам ад Мурманска да Ціксі пракладваў маршрут свайму караблю штурман Нічыпарук. Везлі харчаванне, абсталяванне на палярныя станцыі. У самых складаных месцах, калі таросы рабіліся неадольнымі, караван суднаў узначальваў флагман савецкага флоту велізарны атамаход “Ленін”. Вячаслаў Пятровіч з цеплынёй згадвае капітана ледакола Героя Сацыялістычнай Працы Барыса Сакалова:
— Кожны, хто ведаў яго асабіста, захапляўся гэтым чалавекам. Барыс Макаравіч размяняў восьмы дзясятак, а яшчэ заставаўся за штурвалам. Моцны капітанскі характар адпавядаў магутнаму ледаколу, якім ён кіраваў.

ІІ. Ніна, Вера і “Ніна Кукаверава”

Цеплаход, на якім давялося абысці паўсвету, зваўся “Ніна Кукаверава”. Карабель атрымаў імя ў гонар юнай ленінградскай партызанкі, кавалера ордэна Айчыннай вайны І ступені, закатаванай фашыстамі. Ля яе партрэта ў кают-кампаніі захоўваліся жывыя кветкі, штогод маракі святкавалі дзень нараджэння гераіні, урачыста прымалі на борце яе сваякоў, іншых цікавых гасцей. Часам нават вельмі незвычайных…
Аднойчы ўлетку параход ішоў далёкім курсам ад амерыканскага Балтымара ў Ленінград. На борце, акрамя звычайных грузаў, “прапісаўся” і сапраўдны “паласаты рэйс”: звяры са знакамітага цырка Юрыя Нікуліна. У доўгім пераходзе колькасць чатырохлапых артыстаў нечакана папоўнілася, бо… тыгрыца стала мамай… Іх гаспадары з цырку пачалі тэрмінова прыдумляць імя нованароджанай. Тут умяшалася каманда карабля:
— Што тут думаць?! Калі з’явілася на “Ніне Кукаверавай”, няхай будзе нашай хрэсніцай — Нінай!
Вясной 1984 года Вячаслаў вярнуўся на пабыўку. У Жабінцы на танцпляцоўцы запрасіў на танец прыгажуню, каб пазнаёміцца, і збянтэжыўся, калі даведаўся, што… Вера яго аднакласніца! Вось і давялося “знаёміцца” наноў пад спевы зорак замежнай эстрады. У той вечар штурман зразумеў: бывае, весці карабель прасцей, чым дзяўчыну ў танцы… Праз месяц згулялі вяселле. Жыллё было, грошы былі. Аднак былі і расстанні, калі марак на доўгія месяцы пакідаў сям’ю. Калі нарадзіўся першынец, вырашылі: прыйшоў час штурману абсесці на зямлі.

ІІІ. З электрыкай  на “ты”

Аднак не проста сказаць мору: “Бывай”. У тайне ад жонкі Вячаслаў выправіўся ў апошні рэйс, здалёк даслаў тэлеграму: “Пры-вітанне, каханая, штармуем у Атлантыцы…”. Усё ж прыйшоў час сысці на бераг. Падобна герою даўняга фільма, ён паўтараў: “Я штурман, і больш нічога рабіць не ўмею.” Давялося навучыцца!
Некалі, у якасці памочніка капітана, Нічыпарук абслугоўваў электранавігацыйныя прыборы. А гэта значыць: быў з электрыкай на “ты”. Таму пачаў шукаць сябе ў гэтай сферы. Уладкаваўся на падстанцыі 330 кВ “Брэст-1”, размешчанай паблізу вёскі Сакалова. З першага дня пачаў дасканала вучыць абсталяванне, каб здаць экзамены для самастойнай працы на шчыце кіравання. І вось з чэрвеня 1990 года да сённяшняга дня Вячаслаў Пятровіч — дыспетчар падстанцыі, адзін з лепшых у сваёй прафесіі.
— Ужо склалася сап-раўдная працоўная дынастыя Нічыпарукоў, — гаворыць суразмоўца. — Ля яе вытокаў, вядома, мой бацька. Пётр Фёдаравіч быў самародкам, хоць і меў за спіною толькі адукацыю ў чыгуначным вучылішчы, добра разбіраўся ва ўсялякіх механізмах і электрыцы. Сваё захапленне перадаў найперш майму малодшаму брату Анатолю — энергетыку ў Федзькавічах, на пункце ззымання дарожных збораў. А потым ужо і я далучыўся да сямейнай справы.
І не толькі сам, але й сыноў прыахвоціў. Зараз старэйшы Андрэй — электраманцёр сістэмы цэнтралізаванай блакіроўкі на станцыі Брэст-Усходні. А Ігар, якому хутка дваццаць, заканчвае Белаазёрскі энергетычны каледж. Вучэбную практыку праходзіў побач з бацькам, надалей і працаваць, напэўна, будуць разам.
— Змена на змену не падобныя, — адразу патлумачыў сыну. — Найлепшае пажаданне, якое гавораць тым, хто заступае на дзяжурства: “Безаварыйнай працы!”
Усё ж здараюцца экстраныя сітуацыі. Аднойчы ў непагадзь упала апора і адключыліся дзве высакавольтныя лініі “Усходняя” і “Кіеўская”, што сілкуюць электрычнасцю горад над Бугам.
— Аднак берасцейцы нават не заўважылі, што была аварыя. Бо выдатна спрацавала аўтаматычная ахова, а спецыялісты хутка выправілі непаладкі. Гэта, лічу, і ёсць прафесіяналізм,— пад-сумаваў Нічыпарук. — Сёння ў калектыве падстанцыі, якім кіруе Сяргей Сцяпанавіч Дзяркач, 18 прафесіяналаў, здольных выканаць самыя адказныя заданні. Усім сябрам зычу, каб мелі моцнае здароўе, каб абсталяванне працавала на выдатна…
…Часта ў дзень нараджэння жадаюць простага чалавечага шчасця, а энергетыкі дадаюць: шчасця абавязкова светлага!
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Вячаслаў Пятровіч  Нічыпарук.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top