З пашпартам — у дарослае жыццё

З пашпартам — у дарослае жыццё

Урачыстыя сходы і святочныя канцэрты, прысвечаныя дзяржаўнаму святу — Дню Канстытуцыі, прайшлі ва ўсёй краіне 15 сакавіка. Жабінка не стала выключэннем. Цырымонія ўручэння пашпартоў юным грамадзянам ладзілася ў зале пасяджэнняў райвыканкама.
Старшыня Жабінкаўскага райвыканкама М.В. Токар, павіншаваў усіх з Днём Канстытуцыі, расказаў пра гісторыю стварэння асноўнага дакумента дзяржавы, спыніўся на тых раздзелах, з якіх ён складаецца, нагадаў правы і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь. У сваім слове старшыня падкрэсліў, што, дзякуючы Канстытуцыі, кожны грамадзянін нашай краіны мае права на годнае жыццё і асабістае развіццё, яна адкрывае для чалавека новыя магчымасці для адраджэння духоўных і культурных каштоўнасцяў, нацэлена на захаванне сацыяльна-палітычнай стабільнасці, абарону правоў і свабод асобы.
“Канстытуцыя з’яўляецца адлюстраваннем менталітэту народа, люстэркам жыцця краіны, таму яна аднаўляецца разам з самім грамадствам. У мінулым годзе з’явілася вельмі важнае новаўвядзенне: калі раней пашпарты ўручалі маладым людзям ва ўзросце 16 гадоў, дык цяпер узроставы парог для атрымання першага дакумента, які засведчвае асобу, зніжаны да 14 гадоў. Інтэлектуальнае і фізічнае развіццё моладзі павінна суправаджацца грамадскай сталасцю, аб чым сведчыць наяўнасць пашпарту”, — гаварыў Мікалай Васільевіч.
Сімвалічна, што менавіта ў Дзень Канстытуцыі раённы камітэт грамадскага аб’яднання “БРСМ” праводзіць усебеларускую патрыятычную акцыю «Мы — грамадзяне Беларусі», у час якой юнакам і дзяўчатам ва ўрачыстай атмасферы ўручаюць пашпарты, а разам з імі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і кнігу «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь».
У Жабінцы ў Дзень Канстытуцыі галоўны дакумент грамадзяніна краіны — пашпарт — атрымалі 13 школьнікаў. Гэта Ксенія Амяльчук, Уладзімір Баброў, Мілена Дзмітрук, Ганна Кір’янава, Маргарыта Кандрацюк, Андрэй Конюх, Кацярына Касмовіч, Аляксандр Кулік, Аляксандра Мартынчук, Юлія Мышкавец, Сняжана Рамейка, Іна Трафімук і Вераніка Целянкевіч. З цёплым і шчырым словам звярнулася да моладзі матуля Іна Касмовіч. Яна пажадала, каб жыццёвы шлях іх быў роўны, а ў цяжкія хвіліны падтрымлівалі добрыя, сумленныя і шчырыя людзі.
— Атрыманне пашпарта — сімвал таго, што мы ўступаем у дарослае жыццё. Як яго пражыць, кожны выбірае сам. Аднак пакінуць свой след на зямлі можна толькі пры ўмове добрасумленнай працы. Мы апора старэйшага пакалення і толькі ад нас залежыць будучыня краіны, — адзначала Аляксандра Мартынчук, якая атрымала пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Наперадзе ў юнакоў і дзяўчат яшчэ будзе не адзін урачысты момант: апошні званок, выпускныя экзамены, атрыманне атэстата сталасці… Але гэты дзень, калі перад сябрамі, бацькамі, прадстаўнікамі ўлады Жабінкаўшчыны ім былі ўручаны пашпарты, запомніцца на ўсё жыццё. Хочацца спадзявацца, што іх маладосць, энергія і энтузіязм будуць спрыяць росквіту і развіццю Беларусі.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top