Знакаміты лекар з Брэстчыны Данііл Юльянавіч Крыўчэня

Знакаміты лекар з Брэстчыны Данііл Юльянавіч Крыўчэня

(Да 75-годдзя з дня нараджэння Данііла Юльянавіча Крыўчэні — доктара медыцынскіх навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі Украіны, акадэміка АН Украіны)  
Наш зямляк, які дасягнуў вяршыняў у медыцынскіх ведах, Данііл Юльянавіч Крыўчэня нарадзіўся ў вёсцы Вярхі Жабінкаўскага раёна 16 сакавіка 1938г. Бацька быў служачым, працаваў на чыгунцы, маці — краўчыхай. У 1939 годзе сям’я пераехала ў Брэст. У час Вялікай Айчыннай вайны зноў вярнуліся ў роднае сяло, дзе яшчэ захаваліся жыллё і гаспадарка. Усё ж бяспечней было жыць у вёсцы. Пасля вайны сям’я вяртаецца ў Брэст. У 1954г. Данііл Крыўчэня скончыў сярэднюю школу з сярэбраным медалём, а ў 1960г. — з адзнакай Кіеўскі медінстытут. На пятым курсе пачаў працаваць фельчарам на Кіеўскай станцыі хуткай дапамогі ў выязной брыгадзе на стаўку з кругласутачным дзяжурствам. На апошнім курсе, пасля азнаямлення з клінікай Амосава — акадэміка з сусветным імем, пасля праслухоўвання некалькіх яго лекцый, абраў сваю будучую спецыяльнасць — таракальную хірургію. У 1967г. Крыўчэня абараніў кандыдацкую дысертацыю з правам самастойнага выканання аперацый не толькі пры лёгачных, але і сардэчных захворваннях, праз 11 гадоў была абаронена доктарская на тэму «Хірургічнае лячэнне набытых парокаў сэрца ў дзяцей і падлеткаў». Аперацыі на сэрцы Данііл Юльянавіч укараніў у практыку са знакамітым хірургам акадэмікам А.А.Шалімавым, а ў 1980 годзе заснаваў і ўзначаліў кафедру дзіцячай хірургіі ў Інстытуце ўдасканалення ўрачоў і клінікі складаных парокаў развіцця ў дзяцей у Інстытуце педыятрыі, акушэрства і гінекалогіі АМН Украіны. З 1992г. Данііл Юльянавіч — загадчык кафедры дзіцячай хірургіі Нацыянальнага медыцынскага ўніверсітэта ім. А.А.Багамольца.
Прафесар Данііл Юльянавіч Крыўчэня — сын зямлі Жабінкаўскай, вучань двух геніяў хірургіі — акадэмікаў М.Амосава і А.Шалімава — працягвае ажыццяўляць актыўную працоўную дзейнасць у дзіцячай хірургіі і з’яўляецца вартым прадаўжальнікам спраў сваіх настаўнікаў. Ён аўтар больш за 350 навуковых прац, з’яўляецца Прэзідэнтам Усеўкраінскай асацыяцыі дзіцячых хірургаў, лаўрэат міжнароднай прэміі 2006 года. Сёння ён узначальвае хірургічную клініку Украінскай дзіцячай спецыялізаванай бальніцы «Охматдет» і кафедру дзіцячай хірургіі Нацыянальнага медыцынскага ўніверсітэта ім. А.А.Багамольца. Хірург, які неаднойчы трымаў чалавечыя сэрцы ў сваіх далонях, і цяпер нясе надзею людзям.
Аб Д.Крыўчэні можна прачытаць у кнізе Р. і А. Бензерукоў «Сорак дарог» і ў кнізе «Памяць: Жабінкаўскі раён».
Марына КАРПІШЧУК, бібліёграф раённай бібліятэкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top