Матулін наказ: не напускай у хату холаду!

Матулін наказ: не напускай у хату холаду!

“Сказаць хачу” — новая вершаваная кніга паэта Арабейкі, за якую Іван Сяргеевіч быў уганараваны літаратурнай прэміяй імя У.Калесніка. Страшэнна пакутліва і доўга, з вялікім перапынкам і балючым роздумам, ішла яна да чытача.
20 лютага ў школе мастацтваў прайшла прэзентацыя Арабейкавай кнігі, якая сабрала старшакласнікаў гарадскіх школ. Вяла вечарыну супрацоўніца чытальнай залы райбібліятэкі Валянціна Славуціч. Яна расказала пра жыццёвы і творчы шлях паэта, а навучэнцы ліцэя Ілья Кішкун, Ганна Мяснікова і Таццяна Даманская чыталі яго творы.
Слова атрымлівае аўтар. Іван Арабейка з уласцівай для яго сціпласцю і немнагаслоўнасцю сказаў, што паходзіць з мясцінаў, адкуль гурт “Хмелеўскія валацугі”, нядаўна адзначаны прэміяй Прэзідэнта, і дзе знаходзіцца мужчынскі манастыр. Адтуль, з Хмелева, і ён родам. А паводле дыплома тэхнар, ды ў душы — паэт.
І гэта сапраўды так: Арабейка, як вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце, наведваў пасяджэнні літаб’яднання пры газеце “Чырвоная змена”, у гэты ж час былі надрукаваны ягоныя першыя паэтычныя творы.
Паэт, аўтар прадмовы да новай кнігі Алесь Каско адзначыў, што ў Арабейкавых вершах пастаянна прысутнічае трохадзіная аснова: пачуццё, думка, вобраз. Яны разам садзейнічаюць стварэнню мастацкіх паэтычных твораў высокага кшталту. Нягледзячы на пэўную аддаленасць мясцовай гаворкі ад беларускамоўнага асяродку, Іван Сяргеевіч піша і размаўляе выключна па-беларуску.
— Са школьнай пары я запомніў Арабейкавы радкі: “Не ўстаць табе, сяло Драмлёва. Не ўстаць — цяжкая галава”. Зараз дадаліся яшчэ гэтыя: “Не напускай у хату холаду”, — казаў пісьменнік Анатоль Бензярук. — Яны не толькі пра хату, жыллё, а перш за ўсё пра ўзаемаадносіны людзей. І добра, што сам Іван Сяргеевіч не страціў цеплыні ў сэрцы і ахвотна аддае яе чытачам…
Адказваючы на пытанне, як нараджаюцца вершы, паэт сказаў: “Яны прыходзяць самі, нават калі не чакаеш. Іван Сяргеевіч узгадаў, што ў дзяцінстве яму выпала быць сведкам, як гарэла ў Хмелеве хата, як людзі білі ў рэйку, якая вісела на клёне, заклікалі тушыць пажар. Праз гады ўспамін пра гэты выпадак нарадзіў верш “Клён”.
Хто стаў правобразам для лірычнага героя з верша “Быў”? Не называючы канкрэтнага імя, Арабейка сказаў, што сустракаўся з ім у Жыціні. Дый не адзін ён, хто з-за свайго разбэшчанага жыцця не стварыў сям’і, не даў працягу свайму роду. Словам, “ні роду, ні плоду, як камень у воду, — адно толькі званне, што быў”.
Чаму сягоння паэт жыве не ў Хмелеве, а ў Жыціні? На гэта быў адказ: “То хата маёй маці, старэнькая, невялічкая, — не такая, як цяперашнія, нават вясковыя, забудовы, а мне ў ёй цёпла і ўтульна”.
Мне прыгадаліся два выпускі перадачы “Край” з удзелам Івана Арабейкі: простая сялянская хата, прадзецца льняная нітка, а паэт, седзячы на табурэтцы, чытае верш “Запавет”:
Праз калаўротны спеў чуваць:
— Не напускай у хату холаду.
Захоўваць у душы цяпло — мацярынскі наказ Івану Сяргеевічу, які ён годна нясе праз гады. Таму ўсе выступоўцы жадалі Арабейку жыццёвага і творчага даўгалецця. Каб з’яўляліся новыя кнігі, каб доўжылася шчырая размова з чытачом. А зборнік “Сказаць хачу” ўжо ўключыўся ў гэтую размову. Калі нехта хоча набыць кнігу ва ўласную хатнюю бібліятэчку, можа звяртацца па яе да супрацоўнікаў райбібліятэкі.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымках: у час прэзентацыі кнігі
Івана Арабейкі
“Сказаць хачу”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top