Іх прадукцыя найлепшая ў краіне

Штогод у рэспубліканскім конкурсе “Лепшыя тавары Беларусі” ўдзельнічае ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Ужо сталі вядомыя вынікі 2012 года. Лаўрэатамі конкурсу ў намінацыі “Прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння” названы жабінкаўскія вытворцы прадукцый “Камбікорм для козаматак халастых, сукозных першага перыяду К-122”, “Прыкормка для лоўлі рыбы “Удачный улов” і “Камбікорм-канцэнтрат для буйной рагатай жывёлы ва ўзросце 10-75 дзён КР-1”. Прыкорму для рыбы “Удачный лов” прысуджаны статус “Навінка года”. У тым, што гэтая прадукцыя прызнана ў краіне найлепшай, ёсць пэўны ўклад вядучых інжынера-тэхнолага Вольгі Мікалаеўны Батуля і ветэрынарнага ўрача аддзела маркетынгу Віктара Іванавіча Алексеюка.

Раённае радыё выходзіць у эфір

Правадное радыё паступова саступае месца свайму нашчадку — эфірнаму вяшчанню, на якое ў будучыні плануе перайсці і Жабінкаўскі раённы вузел электрычнай сувязі. Правадное вяшчанне патрабуе высокіх эксплуатацыйных затрат. Таксама трэба ўлічыць, што некаторыя абаненты праваднога вяшчання звяртаюцца ў раённы вузел электрасувязі з просьбай зняць радыёкропку. Сёння раённае радыё запісваецца на магнітную плёнку, а затым пераводзіцца ў лічбавы фармат, але робіцца ўсё, каб праграма яго адразу запісвалася на камп’ютары, што дазволіць палепшыць якасць гучання. Ужо зараз праводзяцца пробныя эфіры раённага радыё, якія можна пачуць па УКХ-прыёмніках, а значыць хутка навіны нашага раёна стануць даступнымі не толькі жабінкаўцам, але і жыхарам суседніх раёнаў.

Парушэнняў не меншае

Паток аўтамабіляў праз тэрмінал “Федзькавічы” не змяншаецца, у тым ліку цяжкавагавых і вялікагрузных. Відаць, кожны ведае, што з уладальнікаў іх бярэцца пэўная плата, кантралююцца вагавыя параметры грузу. Аднак не ўсе вадзіцелі законапаслухмяныя, парушаюць правілы праезду. Аховай і наглядам за парадкам праезду тэрмінала другі год займаецца пост і аддзел вагагабарытнага кантролю, што ўваходзіць у філіял Транспартнай інспекцыі ў Брэсцкай вобласці.
Як паведаміў начальнік яго Васіль Галюнчык, ужо сёлета праведзена звыш 1620 тэматычных аператыўных праверак, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 490 вадзіцеляў. Сума штрафаў ад парушэння заканадаўства пры праездзе дарог склала 518,7 мільёна беларускіх рублёў. У 143 выпадках — гэта кіроўцы цяжкавагавых і буйнагабарытных транспартных сродкаў, з якіх спагнана штрафных кампенсацый 170 мільёнаў беларускіх рублёў. Правядзенне такіх мерапрыемстваў дазваляе падтрымліваць парадак на дарогах краіны і захоўваць іх якасць.

Паклікаў “Вясёлкавы карагод”

У Кобрынскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі слыху прайшоў занальны тур фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”. У ім удзельнічалі вучні васьмі школ-інтэрнатаў заходняй часткі Брэсцкай вобласці. Што было асабліва адзначана журы, Жабінкаўская школа-інтэрнат адзіная прадстаўляла на конкурсе харавое мастацтва ў выкананні вакальнай студыі “Вясёлка” пад кіраўніцтвам колішняга выпускніка школы Эдуарда Пішчыка. Акрамя хору, у абласны фінал, які пройдзе ў красавіку ў Брэсцкім Цэнтры моладзевай творчасці, выйшлі салісты Павел Галавач і Соф’я Марцішка, танцавальны нумар “Казакі” (яго рыхтавалі пад кіраўніцтвам Ірыны Румко).

Рыхтуюцца абараніць гонар вобласці

З 11 па 16 сакавіка на базе сярэдняй школы №1 г.Жабінка праходзяць трэніровачныя зборы ў падрыхтоўцы да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па абслуговай працы. Сярод дзевяці ўдзельніц, якія будуць абараняць гонар Берасцейшчыны ёсць вучаніцы нашага раёна — васьмікласніца другой гарадской адзінаццацігодкі Кацярына Федаш і вучаніца дзясятага класа сярэдняй школы №1 г.Жабінка Юлія Вярэніч.
Рыхтуюць каманду вобласці вопытныя настаўнікі абслуговай працы трох гарадскіх школ: Людміла Віктараўна Рудніцкая, Таццяна Уладзіміраўна Вярэніч і Ганна Яўгенаўна Кулагіна.
Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды пройдзе з 25 па 29 сакавіка на базе ўстаноў адукацыі горада Ліда Гро-дзенскай вобласці. Прадстаўніцы Брэстчыны пакажуць свае веды як у тэарэтычным, так і практычным турах алімпіяды.
Жадаем поспехаў!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top