Нарошчваць магутнасці — праз мадэрнізацыю

Нарошчваць магутнасці — праз мадэрнізацыю

Аб неабходнасці мадэрнізацыі вытворчасці гаворыцца не першы год. Аднак сёлета гэтае пытанне пад асаблівы кантроль узяў Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, які запатрабаваў, каб на кожным прадпрыемстве быў распрацаваны эфектыўны план мадэрнізацыі, які дазволіць павялічыць прадукцыйнасць працы, а разам з тым заработную плату работнікаў. Аб тым, на якіх прадпрыемствах сёлета маштабна будзе ісці мадэрнізацыя, і як гэта адаб’ецца на дабрабыце раёна, паведаміў у размове намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Пятровіч Грыгарчук.
— Аляксандр Пятровіч, што ўвогуле маецца на ўвазе пад мадэрнізацыяй вытворчасці?
— Мадэрнізацыя — гэта не толькі тэхнічнае пераабсталяванне вытворчасці, але ж і пытанні высокакваліфікаваных кадраў, арыентавання на міжнародную дзейнасць, паляпшэнне сацыяльнай сферы. Прасцей кажучы, мадэрнізацыя павінна перш за ўсё засяродзіцца на трансфармацыі ўпраўленчага мыслення, закрануць усе этапы вытворчасці, і, галоўнае, павысіць узровень жыцця грамадзян, павялічыць іх даходы.
— Перад якімі суб’ектамі гаспадарання раёна сёння пастаўлена задача комплекснай мадэрнізацыі вытворчасці?
— На Жабінкаўшчыне мадэрнізацыя адбудзецца на трох прадпрыемствах рэспубліканскага значэння — гэта ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” і ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”, а таксама на адзінаццаці — мясцовага. Працягваецца пераабсталяванне дзевяці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Яшчэ дзевяць арганізацый не падлягаюць мадэрнізацыі, але ж на іх распрацаваны мерапрыемствы, якія будуць садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці работы.
— Сродкі на мадэрнізацыю вытворчасці прадпрыемствы павінны знаходзіць у сябе ці існуюць нейкія дзяржаўныя датацыі?
— Асноўныя крыніцы фінансавання — гэта крэдыты банка і асабістыя сродкі прадпрыемства. У мясцовым бюджэце не запланаваны расходы на мадэрнізацыю вытворчай сферы дзейнасці. Да прыкладу, цукровы завод збіраецца праводзіць мадэрнізацыю і з дапамогай крэдытаў, і за свае сродкі. “Жабінкаўская ПМК-10” увогуле не плануе карыстацца крэдытамі. Торфабрыкетны завод разлічвае праводзіць мадэрнізацыю, скарыстаўшы сродкі рэспубліканскага інавацыйнага фонду.
— Аляксандр Пятровіч, што неабходна, каб вызначаныя планы не засталіся на паперы, а сталі рэальнасцю?
— Разважаючы аб мадэрнізацыі вытворчасці, нельга забываць, што да гэтага часу нашы прадпрыемствы не стаялі на месцы, яны пастаянна працавалі над  аптымізацыяй вытворчасці, стваралі трывалую тэхнічную базу. Той жа цукровы завод кожны год праводзіць мадэрнізацыю і паступова нарошчвае магутнасці ў вытворчасці цукру, перапрацоўцы сырцу і цукровых буракоў. Увесь час аднаўляецца і камбікормавы завод. Сёлета тут запланавана замена лініі гранулявання з заменай гранулятара, а таксама ўвядзенне ў эксплуатацыю свінагадоўчага комплексу на 24 тысячы галоў. Бізнес-планы гэтых праектаў мадэрнізацыі завода зацверджаны яшчэ ў мінулым годзе.
— Якія яшчэ змены чакаюць прадпрыемствы нашага раёна?
— ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” будзе далей працягваць рэканструкцыю, каб у 2016 годзе агульная вытворчая магутнасць дазваляла перапрацоўваць да 10 тысяч тон цукровых буракоў у суткі. Асноўнай задачай для завадчан застаецца эфектыўнасць продажу. Неабходна нарошчваць экспарт цукру на новых рынках збыту з умовай бяспошліннага ўвозу сырцу, яго перапрацоўкі і вывазу гатовай прадукцыі ў іншыя краіны.
Торфабрыкетчыкам трэба рэканструяваць кацельню з пераўтварэннем яе ў міні-ТЭЦ на мясцовых відах паліва.
— А якія інавацыі патрабуе сельскагаспадарчая сфера?
— Павелічэння вытворчасці раслінаводчай прадукцыі плануецца дасягнуць праз натуральную ўрадлівасць глебы, унясенне арганічных і мінеральных угнаенняў. У жывёлагадоўчай галіне ставіцца задача ў 2013 годзе давесці пагалоўе кароў да 10 тысяч 400 галоў, атрымаць 56 тысяч 400 тон малака, рэалізаваць 3 тысячы 750 тон мяса — у цэлым павысіць аб’ём вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі на 10 працэнтаў. Таму ў бягучым годзе трэба працягваць рэканструкцыю дзесяці малочнатаварных ферм.
Гутарыла Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top