Медаль за любоў да зямлі

Медаль за любоў да зямлі

У ААТ “Ракітніца” ніхто нават не здзівіўся, што намеснік дырэктара па вытворчасці Анатоль Максімавіч Ілючык атрымаў медаль за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай эканомікі. Гавораць у калектыве: “Яму і ордэн даць не шкода, бо спецыяліст ён экстра-класа, душой “хварэе” за сваю працу, дбае пра набыткі сельгасвытворцаў”. Ушанаванне заслужаных людзей Беларусі, сярод якіх быў і Анатоль Максімавіч, адбылося ў сталіцы ў лютым, пад час якога Прэм’ер-міністр краіны Міхаіл Мясніковіч уручыў дзяржаўныя ўзнагароды 50 работнікам прамысловага комплексу, аховы здароўя, мытных органаў, адукацыі, навукі і культуры.
Надзелены прыроднай сціпласцю, Анатоль Максімавіч не любіць гаварыць аб сваіх дасягненнях, але гэта і не абавязкова, плён яго працавітасці штогод відаць на палях гаспадаркі. Добры кіраўнік, кваліфікаваны аграном, у яго атрымліваецца перадаваць свой працоўны запал работнікам, умела клапаціцца пра ўрадлівасць глебы, дзяліцца вопытам, назапашаным многімі гадамі работы ў сельскай гаспадарцы.
Ён вырас у вёсцы Чэлішэвічы, што ў Кобрынскім раёне, таму з дзяцінства прывык працаваць на зямлі. У 17 гадоў стаў паляводам, праз год любоў да кніг прывяла яго ў бібліятэку сярэдняй школы ў вёсцы Аніскавічы, дзе ён працаваў да армейскай службы. Пасля паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, дзе вучыўся на агранома. Першым месцам яго працы быў калгас “Заветы Ільіча” Кобрынскага раёна, праз чатыры гады стаў намеснікам старшыні і галоўным аграномам калгаса “Беларусь” на Жабінкаўшчыне. Тут ён затрымаўся на 20 гадоў. У ААТ “Ракітніца” прыйшоў  у 1999 годзе. Быў аграномам і намеснікам дырэктара племсаўгаса “Беларусь”. Год за годам пад яго вопытным наглядам і клопатам вырастае новы ўраджай, даволі паспяхова развіваецца раслінаводчая галіна гаспадаркі. Партрэт Анатоля Максімавіча знаходзіцца на Дошцы гонару ААТ “Ракітніца”.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: Анатоль Максімавіч Ілючык
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top