Дзве дарогі — адзін лёс

Дзве дарогі — адзін лёс

Як важна знайсці сваю жыццёвую дарогу, вызначыцца з прафесіяй, якая дасць табе магчымасць рэалізавацца і не памыліцца з выбарам. Ёсць такая, якую не зменіць бег часу — прафесія настаўніка.
У гэтым навучальным годзе настаўніцкая сям’я нашага раёна папоўнілася дваццацю маладымі спецыялістамі. Адны з іх атрымалі накіраванне ў гарадскія школы, іншыя — у сельскія. Мне захацелася даведацца, як ім працуецца, як складваюцца адносіны з вучнямі, калегамі, адміністрацыяй школы, хто дапамагае вырашаць надзённыя праблемы. З гэтымі пытаннямі і многімі іншымі я звярнулася да настаўніка гісторыі другой гарадской школы Максіма Мікалаевіча Сахарчука і настаўніцы матэматыкі Крыўлянскай сярэдняй школы Ганны Сцяпанаўны Кандрацюк.

Настаўнік у трэцім пакаленні

Хлопчык са Сцяпанак Максім Сахарчук з дзяцінства цікавіўся гісторыяй. Лепшым падарункам на дзень нараджэння лічыў кніжкі, якія расказвалі пра жыццё старажытных цывілізацый, пра вялікіх палкаводцаў і іх перамогі. У школе прымаў актыўны ўдзел у раённых і абласных алімпіядах па гісторыі, неаднаразова быў іх пераможцам. Удзел у рэспубліканскай алімпіядзе ў 11 класе паказаў выдатнае веданне гісторыі, але ж для паступлення ў ВНУ без экзаменаў не хапіла балаў. Хлопец не адчаіўся, свае веды пацвердзіў на тэсціраванні, атрымаў па сусветнай гісторыі 82 балы, гісторыі Беларусі — 89.
Вучоба ў Брэсцкім універсітэце запомнілася цікавымі лекцыямі, спецкурсамі, якіх не было тады нават у БДУ. Студэнты гістарычнага факультэта аб’ездзілі амаль усю Беларусь падчас археалагічных практык і розных экскурсій.
Пасля ўніверсітэта Максім Мікалаевіч атрымаў размеркаванне ў сярэднюю школу №2 г.Жабінка. У калектыве прынялі добра. Вучэбная нагрузка склала 18 гадзін. Акрамя гісторыі ў 5, 8, 10 і 11 класах ён вя-дзе цікавыя факультатывы: для пяцікласнікаў —“Свет старажытнай гісторыі” і для васьмікласнікаў “Беларускія землі ў складзе Рэчы Паспалітай”, заняткі гуртка “ЮІД”.
“З дысцыплінай на ўроках праблем няма, — гаворыць малады педагог. — Больш шумныя васьмікласнікі, да якіх патрэбны асаблівы падыход з-за іх пераходнага ўзросту. Мае пяцікласнікі — вялікія чамучкі, бо не паспяваю адказваць на іх шматлікія дадатковыя пытанні. Цэлая дыскусія разгарэлася на ўроку, калі праходзілі тэму паходжанне чалавека. Прыйшлося выслухоўваць меркаванні навуковага пункту гледжання і рэлігійнага. Вырастуць і вызначацца самі, я не навязваў сваё меркаванне. Менавіта пяцікласнікаў важна зацікавіць сваім прадметам, каб у старэйшых класах не прапала ахвота да вучобы, таму падбіраю цікавыя факты вывучаемай тэмы, даю заданне скласці красворд, напісаць апавяданне. Стараюся даступна падаць матэрыял ва ўсіх класах, бо сённяшнія падручнікі мяняюцца, але, на жаль, не паляпшаюцца”.
Шкадуе ён, што ў школах няма профільных класаў, што гісторыю Беларусі трэба выкладаць на рускай мове, што ў настаўніцкіх калектывах так мала выкладчыкаў-мужчын.
Максім Мікалаевіч не адзіны настаўнік з роду Сахарчукоў-Лабчукоў. Ён ганарыцца сваёй бабуляй Варварай Антонаўнай Лабчук, якая ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай матэматыкі на Століншчыне. Дзядзька Анатоль выкладаў фізіку і матэматыку, а цётка Тэрэса і зараз шчыруе на настаўніцкай ніве ў Калінінградскай вобласці ў Расіі. А яшчэ ў далёкай Бельгіі жыве цётка Людміла — настаўніца англійскай і французскай моў. Максім Мікалаевіч прадаўжальнік настаўніцкай дынастыі ў трэцім пакаленні.
Ад сваіх родзічаў-педагогаў усвядоміў, што ніколі не трэба ісці далей, калі клас не падрыхтаваўся, да незразумелай тэмы трэба абавязкова вярнуцца і патлумачыць матэрыял яшчэ раз.
Ад бабулі ў яго — вялікая прага да новых ведаў, ад дзядзькі — мэтанакіраванасць, ад бацькоў — сіла волі, прынцыповасць. Гэта і дапамагло яму паступіць у магістратуру, дзе вучыцца завочна. Раскрыю сакрэт, малады педагог плануе пасля заканчэння яе паступаць у аспірантуру.
Нягледзячы на занятасць, у яго хапае часу, каб паўдзельнічаць у спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні, любіць футбол, гуляе ў шахматы, шмат чытае.
“Мне пашанцавала з калектывам. Мяне тут разумеюць, дапамагаюць. Я ніколі не застаюся сам-насам са сваімі праблемамі, — гаворыць М.Сахарчук. — Дзякуй за заўвагі, за рэкамендацыі дырэктару школы Ірыне Міхайлаўне Кашчэва, яе намесніку, майму куратару Марыне Іванаўне Пакала, а асаблівая ўдзячнасць маёй былой настаўніцы гісторыі Кацярыне Аляксандраўне Ануфрыюк, якую заўсёды ўспамінаю добрым словам.
Упэўнены, калі вучні будуць ведаць мінулае сваёй краіны, яе гісторыю, культуру, яны змогуць ганарыцца сваімі продкамі, іх поспехамі, дасягненнямі і перамогамі, а значыць, будуць сапраўднымі патрыётамі”.

Часу хапае на ўсё

З удзячнасцю Ганна Сцяпанаўна Кандрацюк успамінае сваіх былых настаўнікаў Вольгу Мітрафанаўну Палівода і Ларысу Мікалаеўну Лаўранюк, якія паўплывалі на выбар прафесіі. Яшчэ ў пачатковай школе маленькая Ганначка проста ўлюбілася ў сваю першую настаўніцу. Маладая, прыгожая, стыльна апранутая, з макіяжам. Вольга Мітрафанаўна ўразіла першакласнікаў сваім голасам, усмешкай, добрымі адносінамі. А як цікава было з ёю на ўроках!
У 5-ым класе, ужо ў Крыўлянах, Аня сустрэлася з Ларысай Мікалаеўнай, якая не толькі выкладала матэматыку, але была яшчэ і класным кіраўніком. Аж да выпускнога класа Аня Кандрацюк асвойвала матэматыку са сваёй любімай настаўніцай: рашала дадатковыя заданні, наведвала матэматычны профіль, там жа рыхтавалася да цэнтралізаванага тэсціравання. Іспыты ў ВНУ здала добра, абрала спецыялізацыю матэматыка-інфарматыка ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. Вучылася паспяхова.
На 4 курсе вырашыла атрымаць яшчэ адну спецыяльнасць — эканаміста. Чаму б і не, калі ёсць такая магчымасць. Гады вучобы ва ўніверсітэце былі цікавымі, запамінальнымі, насычанымі. Дзяўчына прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта, абараняла яго гонар у спартыўных спаборніцтвах, займалася ў турыстычным клубе “Бярэсце”, была прызнана лепшым камісарам студэнцкіх атрадаў у рэспубліцы.
На апошнім курсе наведвала клуб “Дзелавых жанчын” і ў дадатак да дыплома атрымала яшчэ сертыфікат візажыста 4 разраду.
Пасля ўніверсітэта дзяўчына вярнулася ў сваю школу, якую сама некалі закончыла. Адчувалася, што развітання зусім не было — настаўнікі родныя, людзі знаёмыя. Класы атрымала розныя. Найскладаней, канечне, з пяцікласнікамі: яны праходзяць адаптацыю, знаёмяцца з новымі настаўнікамі. Тут самае асноўнае — як зацікавіць сваім прадметам, як заахвоціць. Маладая настаўніца праводзіць урокі-казкі, якія вельмі падабаюцца вучням. Да дзяцей на ўрок прыходзяць і царыца навук Матэматыка, і Віні-Пух з Пятачком. На такіх уроках, дзякуючы гульні, добра засвойваецца самы складаны матэрыял. А яшчэ за дадатковыя правільна выкананыя заданні вучні атрымліваюць жэтоны — у каго іх больш, у таго абавязкова будзе “дзясятка”, нават і не адна.
Ёсць у Ганны Сцяпанаўны і 9-класнікі, якіх трэба добра падрыхтаваць да экзаменаў. З тымі вучнямі, якія больш цікавяцца прадметам, займаецца дадаткова. На такіх занятках рашаюць задачы павышанай цяжкасці рознымі спосабамі, удала спраўляюцца з матэматычнымі галаваломкамі. Ёсць такія, якія просяць дадатковыя заданні, каб рашыць іх дома, наперад перарэшваюць задачы ў падручніку. Адна з улюбёных у матэматыку — вучаніца 5 класа Юля Дубовік.
“Самае складанае ў рабоце — данесці матэрыял так, каб дзеці яго зразумелі. Да кожнага працоўнага дня рыхтуюся дасканала: прадумваю кожны этап урока, абавязкова рашаю ўсе заданні, якія будзем разглядаць, падбіраю задачы павышанай цяжкасці для тых, хто іх чакае кожны ўрок. Бываюць выпадкі, калі хтосьці ў класе не выканаў дамашняе заданне, з такімі застаюся пасля ўрокаў, тлумачу яшчэ раз, рашаем разам, і толькі потым яны самастойна спраўляюцца з заданнямі, якія не паддаліся ім дома. Радуюся поспехам сваіх вучняў, перажываю, калі нешта ў іх не атрымліваецца. Яны адкрытыя, непасрэдныя, прыходзяць да мяне па параду. Напрыклад, старшакласнікі раяцца са мной наконт будучай прафесіі. Я ім падказваю, якія спецыяльнасці зараз запатрабаваныя на працоўным рынку. Самае галоўнае — у мяне ёсць кантакт з вучнямі, я гэта адчуваю. Яны ўсе для мяне родныя і блізкія. Стараюся аднолькава адносіцца да ўсіх, нават да сястры Маргарыты, у якой таксама выкладаю.
Калектыў — гэта сям’я, у якой мяне разумеюць і падтрымліваюць. На дапамогу заўжды прыйдуць і Аляксандр Іванавіч Казюра, дырэктар школы, і яго намеснікі Вольга Іванаўна Марчук, Інеса Анатольеўна Буза. Побач са мною заўсёды мой куратар — Ларыса Мікалаеўна Лаўранюк, якая і крытыкуе, і дае парады, я вельмі ім удзячная за ўсё”, — расказала Г.С.Кандрацюк.
З задавальненнем вучні Крыўлянскай школы наведваюць гурткі “Акцёрскае майстэртва” і “Школа візажа”, у якіх заняткі вядзе Ганна Сцяпанаўна.
Яна рэдактар школьнай краязнаўчай насценгазеты, дзе асвятляюцца поспехі турыстычнага клуба “Трыал”, якім кіруе гісторык Уладзімір Аляксандравіч Марковіч.
Ганна Сцяпанаўна яшчэ і педагог-арганізатар. У яе на ўсё хапае часу, яна не любіць сядзець на месцы. “Усе магчымасці, якія дае табе жыццё, трэба выкарыстоўваць на ўсе 100”, — гаворыць яна.
Хутка Ганна Сцяпанаўна атрымае вадзіцельскае пасведчанне і на работу будзе дабірацца на машыне. У вольны час яна любіць маляваць. Падчас вячэрніх прабежак назірае за прыгажосцю, а потым дадае сваёй фантазіі і перадае гэтую прыгажосць на белым аркушы паперы.
Героі майго допісу — сучасныя маладыя людзі, якія звязалі свой лёс са школай. Цікавыя суразмоўнікі. Пад час гутаркі ні разу не пашкадавалі пра абраны шлях. Вучаць і самі вучацца. Энергічныя, творчыя, неабыякавыя да той справы, якой займаюцца. Жыццё сваіх вучняў імкнуцца зрабіць цікавым, насычаным. Я рада, што педагагічныя калектывы нашага раёна папоўніліся сёлета вось такімі маладымі настаўнікамі, імі можна па праву ганарыцца. Веру, што ў іх абавязкова ўсё атрымаецца, а як жа інакш?
Алёна НІКАНЧУК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top