90-гадовы юбілей святкуе жабінкавец Аляксей Фядосавіч Галаванчук

90-гадовы юбілей святкуе жабінкавец Аляксей Фядосавіч Галаванчук

Часы вайны, часы сумленнай працы

На Жабінкаўшчыне стала добрай традыцыяй святкаваць юбілеі паважаных ветэранаў. 5 сакавіка дзверы ў хаце Аляксея Фядосавіча Галаванчука, які жыве ў райцэнтры на вуліцы 17 Верасня, амаль не зачыняліся. Павіншаваць шаноўнага ўдзельніка вайны і руплівага працаўніка з 90-годдзем прыходзілі шматлікія госці.

Першымі з падарункамі і добрымі словамі завіталі супрацоўнікі чыгуначнай станцыі Брэст-Цэнтральная, на якой Аляксей Фядосавіч адпрацаваў без малога чатыры дзясяткі гадоў.

Гэта была праца, хоць і напружаная, ды ўсё ж мірная. Найчасцей у гэты дзень згадвалі пра баявы шлях ветэрана. Прызваны ў Чырвоную Армію, як многія жабінкаўцы, пасля вызвалення ўлетку 1944 года, новы сорак пяты ён сустракаў на перадавой і ўжо праз два тыдні зведаў, што такое наступленне на Сандамірскім напрамку. Той, хто вывучаў гісторыю са школьных падручнікаў альбо кніг, ведае, наколькі лютым быў вораг перад сваім крахам. А Галаванчуку і ягоным таварышам давялося сусветную гісторыю “вывучаць” у акопе, а геаграфію на маршы па польскай, нямецкай, аўстрыйскай землях.

— Перадаю вам прывітанне ад усіх вэтэранаў-франтафікоў — вашых сяброў па зброі, — гаварыў старшыня раённага савета ветэранаў Васіль Міхайлавіч Шышчыц. — Няўмольны час, на жаль, змяншае ветэранскія шэрагі, але ў памяці людзей вы застаецеся і будзеце жыць. Тройчы жадаем вам здароўя і даўгалецця, дарагі Аляксей Фядосавіч, каб сутрэлі 70-годдзе Вялікай Перамогі, за якую пралівалі сваю кроў.

Як каштоўная рэліквія дасюль зберагаецца ў сям’і, згадвае сын юбіляра Віктар Галаванчук, Ганаровая грамата, падпісаная Маршалам Савецкага Саюза Іванам Коневым. На ёй дэвіз “Наше дело правое, мы победили!” — і дзеля гэтай перамогі салдаты не шкадавалі жыцця.

Як кожны баец на жорсткай вайне, Аляксей Фядосавіч бачыў жахлівы твар смерці, таму расчуліўся да слёз, калі ўзгадаў, як на ягоных вачах загінуў ад снайперскага стрэлу сябар.

Па-вайсковаму простымі і зразумелымі былі віншаванні ад ваеннага камісара Жабінкаўскага раёна Андрэя Іосіфавіча Юруця. Лірычныя словы гучалі з вуснаў загадчыцы аддзялення сацыяльнай дапамогі дома раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алены Міхайлаўны Бойка. У падарунак яна прынесла ветэрану рэчы, што зрабілі інваліды аддзялення дзённага знаходжання ў цэнтры.

— Цеплыня і пяшчота іх рук няхай вам перададуцца і сагрэюць. А мы і надалей будзем вам дапамагаць.

І гэта не проста словы ветлівасці. Бо ўжо два гады за ветэранам наглядае ягоная сваячка Надзея Валер’еўна, якая працуе сацыяльным работнікам у тэрытарыяльным цэнтры.

Анатоль РОСТАЎ.

На здымку: 90-гадовы юбілей святкуе жабінкавец Аляксей Фядосавіч Галаванчук.

Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*