Свята штодня з табою

Свята штодня з табою

— Яны на мяне па-крыўдзіліся, вось і… заплакалі, — з нейкай вінаватай усмешкай прамовіла гаспадыня. — Але ж я прызнала сваю віну, абяцала выправіцца… Толькі дакранулася, паліла і — ажылі!
Гэтак Ірына пачала нас знаёміць са сваімі хатнімі ва ўтульным доме ў Курпічах: спачатку кветкамі, а потым і дзеткамі.
Без кветак, лічыць дбайная гаспадыня, не наступае сапраўднай вясны. Бо краскі ствараюць аптымістычны настрой. Таму, каб свята не пакідала хату, каб заставалася на кожны дзень, Ірына клапоціцца пра кветкі.
— Ніколі не купляю адразу ўсю расліну — набываю ўсяго адзін лісцік, каб назіраць, як ён спакваля ператвараецца з невялічкага і кволага ў вялікую прыгажосць. Ад гэтага звычайнага цуда нельга вачэй адвесці!
Так, зямныя краскі жанчына вырошчвае самастойна. А вось дачок і маленькага сына выхоўвае разам з мужам Паўлам.
Яны сустрэліся-пазнаёміліся, каб неўзабаве пайсці поруч у жыцці ў Вялікіх Сяхновічах, ля старажытнага храма, пабудаванага славутымі Касцюшкамі-Сяхновіцкімі.
… Набліжалася Па-кроўскае свята 2000 года. Была мяжа тысячагоддзяў, і палахліва-забабонны свет у чарговы раз чакаў свайго “канца”. А Ірына і Павел не сумняваліся, што жыццё будзе працягвацца. Бо шчасце — у іх уласных руках, толькі што заручаных…
— Люблю 8 Сакавіка — найлепшае са святаў. Нездарма залатыя пярсцёнкі, калі іх аб’яднаць, ствараюць васьмёрку, а яшчэ — знак вечнасці, у якім павінны быць уплецены каханне і, канечне ж, дзеці.
Прыгожы дом, пабудаваны клопатам Паўла Леанідавіча, вырас на ўчастку, атрыманым у спадчыну. Першыя цагліны былі закладзены ўлетку 2001-га, калі ў маладой сям’і, нарадзілася першаніца Дар’я. І пакуль, як у народзе кажуць, на вільчаку з’явілася “квітка”, у Ірыны з Паўлам была ўжо і Аляксандра.
Ішлі гады, раслі і дзеці, за дапамогу маладая жанчына шчыра ўдзячная свекрыві:
— Вера Паўлаўна жыве ў Вялікіх Сяхновічах, з першага дня прыняла мяне за родную. Пакуль будаваліся, бывала з дзяўчынкамі ў яе і заўжды адчувала: побач чалавек, з якім лёгка вырашаюцца ўсялякія жыццёвыя пытанні. Часта наведвае нас і мая мама Ларыса Міхайлаўна, якая ў захапленні ад унукаў. Аднак яе энергічнасці, клапатлівасці хапае не толькі для родных: ужо не першы год вяскоўцы выбіраюць яе старастай вёскі Курпічы.
Дзеці ў сям’і Юбко вельмі дружныя, са сваімі звычкамі і характарамі, энергічныя, шумлівыя.
Для сваіх маленькіх прынцэс Ірына Міхайлаўна (у прафесіі яна швачка-закройшчыца) ахвотна стварае арыгінальныя сукенкі, робіць гэта з асаблівым густам і любоўю. Дзяўчынкі вучацца ў трэцяй гарадской школе, куды некалі хадзіла па веды іх матуля. Другакласніца Аляксандра — чалавек сур’ёзны, хоць галоўныя прыхільнасці ў яе пакуль мульцікі ды хатні сабачка Шэна.
А вось Даша — маміна памочніца, старанная вучаніца-шасцікласніца, цікавіцца ўсімі без выключэння прадметамі. Старэйшая дачка, калі Ірына Міхайлаўна занятая хатнімі справамі, наглядае за брацікам Глебам. Ён — для ўсёй сям’і ўцеха, не мае яшчэ й двух гадкоў, таму ўвесь час, калі ў доме былі чужыя, туліўся да матулі.
Прыгадала Ірына, як пасля нараджэння Глеба ў раённым выканаўчым камітэце атрымала пасведчанне шматдзетнай маці.
— Запомніліся віншаванні намесніка старшыні райвыканкама Алы Сцяпанаўны Ануфрыюк, яе словы: “Дай вам Бог, пабачыць шчасце ўсіх сваіх дзяцей!”
— Дык шчасце бачыце сваё?
Матуля ў адказ усміх-нулася і шчыльней пры-туліла свае крывіначкі…
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Ірына Міхайлаўна Юбко з дзецьмі Дар’яй, Аляксандрай, Глебам і сямейнай любіміцай Шэнай.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top