Працоўная дынастыя ўрачоў Фядураў

Працоўная дынастыя ўрачоў Фядураў

У Жабінкаўскай раённай бальніцы свой шлях працягвае працоўная дынастыя ўрачоў Фядураў, якая беражліва перадае веды і вопыт з пакалення ў пакаленне. Уявіце сабе, іх агульны працоўны стаж — больш чым трыста гадоў!
Нядаўна я пабывала ў гасцях у адной з прадстаўніц гэтай дынастыі, доктара ў трэцім пакаленні Таццяны Уладзіміраўны Глебік. Вось што яна мне паведала.
Заснавальнік дынастыі Міхаіл Сямёнавіч Фядура нарадзіўся ў 1914 годзе ў вёсцы Шашы, што на Віцебшчыне. У 1935-ым паступіў у Мінскі медінстытут, але да Вялікай Айчыннай вайны закончыць не паспеў. У партызанскім атрадзе быў урачом, яму даводзілася рабіць складаныя аперацыі, у тым ліку ампутацыі, затым стаў начальнікам шпіталя. Быў узнагаро-джаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Славы, медалямі. Медінстытут закончыў ужо ў 1946 годзе, атрымаў дыплом урача-тэрапеўта. Працаваў галоўным урачом участковай бальніцы.
Са слоў Таццяны Уладзіміраўны дзед быў шчодрым, любіў паляваць, збіраць грыбы, дома вёў немалую гаспадарку. Вельмі любіў унукаў, вадзіў іх партызанскімі сцежкамі, каля вогнішча чытаў ім напамяць творы Янкі Купалы:
Партызаны, партызаны,
                Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы,
Рэшце гітлерцаў паганых,
                Каб не ўскрэслі век яны.
Яго жонка Кацярына Яўхімаўна была настаўніцай пачатковых класаў, лета праводзіла з унукамі, якія былі ў іх на адпачынку, надавала шмат часу іх выхаванню.
Далей Таццяна Уладзіміраўна гэтак жа цёпла пачала распавядаць пра бацькоў. У дзяцінстве Уладзімір Фядура, фізічна загартаваны і рамантык у душы, марыў стаць геолагам. Аднак дзед Міхаіл, ягоны бацька, настаяў на прафесіі ўрача, думаў пра сямейную дынастыю. І сын годна працягваў ягоную справу, няхай больш сціпла, без гераізму. Закончыў Віцебскі медінстытут, застацца там, хоць запрашалі, не захацеў, паехаў у Бярозу, а потым аж да пенсіі працаваў у Жабінкаўскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, многія гады ўзначальваў яго, быў галоўным санітарным урачом нашага раёна. “Ён вельмі просты чалавек, — кажа дачка Таццяна, — выконваў нароўні з усімі грамадскія абавязкі, працуючы на адказнай пасадзе”.
Таццяніна мама Галіна Андрэеўна таксама былы медык. Пасля Пінскага вучылішча працавала акушэркаю ў Малоткавічах, затым у аддзяленні тубдыспансера ў Пінску. Адзначана медалём “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна”.  Як згадвала Таццяна, маці была заўсёды патрабавальнай да дачок, хацела, каб яны добра вучыліся, не дазваляла прапускаць заняткі. Любіла вышываць, шыць, радаваць сваіх дзяўчатак новымі сукенкамі да святаў. Цяпер здароўе ў яе слабое. Але яна як і раней любуецца сваімі прыгажунямі-дочкамі, рада за ўнукаў, а іх — трое.
Па слядах бацькоў ідуць дочкі — Вольга і яна, Таццяна. Маладыя ўрачы працягваюць дынастыю Фядураў. Як ваду з крыніцы чэрпаюць ад сваіх бацькоў самыя высакародныя чалавечыя рысы. Вольга Уладзіміраўна закончыла СШ №1 у Жабінцы і Віцебскі медінстытут — з чырвоным дыпломам. Вярнулася ў родны горад, урач-тэрапеўт і надзвычай творчая натура. Захапленні — фота, вышыўка, любіць чытаць класіку, кнігі аб прыродзе. Мае некалькі калекцый: лялькі, мішкі, старадаўнія паштоўкі, карціны. У вольны час многа падарожнічае: Іспанія, Турцыя, Чарнагорыя, Крым і, вядома ж, Беларусь, асабліва захапляецца беларускай гісторыяй, замкамі. Наведвае рыцарскія турніры, выставы. Бывае на моры, адкуль прывозіць ракавінкі, марскія каменьчыкі…
Вольга Страйсцян — рэабілітолаг. Верыць, што пасля рамонту ў яе кабінеце з’явіцца сучаснае абсталяванне, камфортней будзе ўрачу і пацыентам. У асноўным гэта 16 чалавек, тых, што на дзённым стацыянары. Для іх яна ўкараняе новыя метады лячэння. У Вольгі Уладзіміраўны добрае і чулае сэрца. Усім, хто звяртаецца па дапамогу, усяляе надзею на выздараўленне, а гэта часам дае лепшы вынік, чым лекі.
А цяпер — пра маю суразмоўніцу. Таццяна Уладзіміраўна — старэйшая з сясцёр — нарадзілася ў Бярозе. У дзяцінстве марыла стаць балерынай. Мая Плісецкая і цяпер застаецца для яе ідэалам жанчыны. Потым думала паступаць у інстытут замежных моў. Але бацькі хацелі, каб яна стала ўрачом. Кожнае лета Таццяна адпачывала на Віцебшчыне ў дзеда. Са сваёй цёцяй-цёзкай дзяжурыла ў бальніцы, разам з ёю ездзіла на выклікі на машыне “хуткай дапамогі”. Гэта і адыграла галоўную ролю ў выбары будучай прафесіі.
Пасля заканчэння СШ №1 Жабінкі паступіла таксама ў Віцебскі мед-інстытут. На апошнім курсе выйшла замуж за аднакласніка Руслана Глебіка і вярнулася ў Жабінку, пайшла на працу ў раённую бальніцу. Таццяна — урач-гінеколаг. Яна вопытны доктар і нязменна душэўная жанчына, добрая і чулая. Так пра яе гавораць, такую ведаюць і любяць многія яе пацыенты, жыхаркі Жабінкаўшчыны. Больш чым дваццаць гадоў яна аказвае ім медыцынскую дапамогу, найперш — будучым мамам — справіцца з хваробамі, вучыць цяжарных, як падтрымліваць і захоўваць сваё здароўе і дзіцяці. Бывае, трэба за лічаныя хвіліны прыняць адзіна правільнае рашэнне, і Т.У.Глебік робіць гэта хутка і прафесійна, таму што мае асаблівае адчуванне і інтуіцыю. Урач яна ад Бога і чалавек цудоўны.
“Так, мая праца вельмі адказная і цікавая, — кажа доктар Таццяна Уладзіміраўна. — Калі пачаць усё спачатку, зноў выбрала б медыцыну”. А ў вольны час яна ахвотна чытае кнігі, часопісы, з задавальненнем летам працуе на агародзе. Клапоціцца пра сваё здароўе (бывае ў басейне, у лесе, многа ходзіць пешкі). Яе заўсёды радуе вясна. Шчаслівая, што працуе поруч з сястрой Вольгай. Чаго не любіць? Ляноты і няшчырасці.
Сын Таццяны і Руслана Юрый — студэнт шостага курса Віцебскага (зноў жа!) медуніверсітэта: будзе анестэзіёлагам, рэаніматолагам. Хоча стаць самастойным. Сам свядома выбраў прафесію ўрача. Праходзіў практыку ў раённай і ў Брэсцкай абласной бальніцах.
Дарэчы, Юра жыве ў роднай бацькавай сястры Таццяны Міхайлаўны Янкоўскай. Яна кардыёлаг у Віцебску, аднак гэта яшчэ не ўсе сваякі-медыкі! Ёсць сярод іх хірургі, афтальмолагі, пульманолагі, псіхіятры.
Мая суразмоўніца прыгадвае-падлічвае, а потым з усмешкай кажа: “Словам, калі ўжо збяромся ўсе разам, што здараецца часцей за ўсё летам, дык атрымліваецца сапраўдны медыцынскі кансіліум! І кожны імкнецца адстаяць свой пункт гледжання, мае сваю пазіцыю. Мяне гэта вельмі радуе. Сын Юра на прыкладзе родзічаў бачыў, якая гэта нялёгкая карпатлівая праца. Бо доктар, дзе б ён ні знаходзіўся, заўсёды абавязаны быць гатовым у любы момант аказаць дапамогу”.
Прафесіянальны лёс вялікай сям’і Фядураў склаўся, на дзіва, удала — ім было наканавана і на вайне, і ў мірны час ратаваць чалавечыя жыцці. Зрэшты, дынастыя ўрачоў — з’ява нярэдкая. Усе яны зведалі не толькі радасць ад поспехаў, было таксама многа поту, слёз, страху. Але калі дома, на працы ці побач з табой, з раніцы да вечара родная душа, якая суперажывае, падтрымлівае, разумее, адчуваеш сябе ўпэўнена і надзейна.
Лідзія БАРАДЗІНА,
наш няштатны карэспандэнт.
На здымку: урачы з дынастыі Фядураў — Таццяна Глебік і Вольга Страйсцян, медыкі УАЗ «Жабінкаўская ЦРБ».
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top