Вартавыя нашых дарог

Вартавыя нашых дарог

Сярод міліцэйскіх падраздзяленняў, відаць, найбольш навідавоку супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі. Ад іх зладжаных і прафесійных дзеянняў залежыць не толькі спакой на дарогах, але нярэдка і найдаражэйшае наша багацце,  — чалавечае жыццё. На старонках раёнкі даўно прапісаліся рубрыкі “ДАІ паведамляе” або “ДАІ папярэджвае”, а вось непасрэдныя знаёмствы з вартавымі дарог надараюцца рэдка…
— Памятаеце, які вялікі розгалас (найперш дзякуючы інтэрнэту) мелі падзеі на галоўнай беларускай аўтамагістралі М1 раніцай 12 лютага? — нагадаў нядаўнюю “гучную” справу намеснік начальніка райаддзела ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі Андрэй Лагота. — Сітуацыя паблізу Федзькавічаў была надзвычай сур’ёзнай: вялікі рух, а хуткасная дарога, бы шкло, ад галаледзіцы, першае сутыкненне, а за ім — “цапная рэакцыя”, ад якой пашкоджаны дзясяткі аўто… Трэба было імгненна ацаніць сітуацыю і прыкласці намаганні, каб справа не мела самых трагічных вынікаў. І гэтая задача аказалася па плячы нашаму аддзяленню ДАІ: ужо праз гадзіну рух аднавіўся. Па-сутнасці, зараз мы маем невялікую групу прафесіяналаў, здольных “разруліць” нават такія няпростыя сітуацыі. Супрацоўнікі ДАІ штодня кантралююць хуткасны рэжым на трасе Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі, дзяжураць у складзе следча-аператыўнай групы, выязджаюць на дарожна-транспартныя здарэнні, вырашаюць на месцах пытанні ў дробных ДТЗ, ажыццяўляюць рэйдавыя прафілактычныя меры ў выпуску на лініі транспарту арганізацый. З ініцыятывы нашай дзяржаўтаінспекцыі ў раёне дзейнічае спецатрад “Буг”, што складаецца з найбольш падрыхтаваных ДАІшнікаў вобласці, і кантралюе паводзіны за рулём не толькі простых грамадзян, але й адказных асобаў, супрацоўнікаў міліцыі.
Узначальвае АДАІ Жабінкаўскага РАУС маёр міліцыі Андрэй Мядзведзь, які ва ўсім прыклад сваім падначаленым. Летась ён непасрэдна выявіў вадзіцеля, што збіў пешахода і збег з месца здарэння. Паводле невялічкіх рэшткаў бампера сапраўдны прафесіянал здолеў вызначыць не толькі марку машыны, але аднавіў увесь малюнак ДТЗ.
Аўтарытэтны кіраўнік умела арганізуе працу свайго калектыву, які год ад году дабіваецца пэўных поспехаў у службе. Пра што сведчаць лічбы. Калі ў 2010 годзе на Жабінкаўшчыне ў дарожна-транспартныя здарэнні трапілі 28 чалавек, з іх васьмёра загінулі, дык праз год у небяспечных дарожных сітуацыях апынуліся толькі 20 чалавек, а летась лічба ахвяраў ДТЗ скарацілася да 17, з іх двое памерлі.
— На афіцыйнай мове статыстыкі гэта завецца “ўстойлівай дынамікай зніжэння раненых і загінулых у ДТЗ”, — заўважыў А.Мядзведзь, — але не забываемся: за лічбамі — чалавечы спакой і само жыццё. Асабліва хвалюе, калі гэта жыццё дзіцяці. Пасля трагічнага выпадку ў Мінску (тады пад коламі загінуў школьнік) штораніцы супрацоўнікі ДАІ патрулююць ля гарадскіх школ у Жабінцы. Аднак паводзінам дзяцей на дарозе мы заўжды ўдзялялі вялікую ўвагу, з ахвотай наведваемся ў школы, дзіцячыя сады, каб правесці размовы, віктарыны і конкурсы “Юны інспектар дарожнага руху”.
Асабліва актыўна працуе з дзіцячымі калектывамі старшы інспектар у адміністрацыйнай практыцы маёр міліцыі Уладзімір Сарока. Не дзіўна, ён жа настаўнік, а таму мае ў запасе сакрэтныя “ключыкі”, якімі можа “адчыніць” дзіцячы інтарэс да складаных, але ж надзвычай важных праблем. Сярод непасрэдных абавязкаў У.Сарокі — адміністрацыйнае справаводства, перадача інфармацыі ў базу дадзеных, спагнанне штрафаў за парушэнні. Нават супрацоўнікі абласнога ўпраўлення дзяржаўтаінспекцыі прызнаюць, што ён — адзін з лепшых у сваёй справе ў рэспубліцы, таму веды і вопыт У.Сарокі пераймаюць многія інспектары Брэстчыны.
Старшы дзяржаўтаінспектар капітан міліцыі Раман Крупко нядаўна прыйшоў у аддзел, але ўжо зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку. Навыкі, атрыманыя раней у абласным батальёне ДПС і на пасадзе ўчастковага інспектара, дапамагаюць яму ў прафілактычнай рабоце, арганізацыі дарожнага руху і тэхнічнага нагляду.
Інспектары дарожна-паставой службы капітаны міліцыі Дзмітрый Базылюк і Яўген Хілько — з ліку найбольш вопытных у сваёй прафесіі. Сёлета спаўняецца 20 гадоў як Д.Базылюк у страі, Я.Хілько — прызнаны настаўнік маладых, паводле вынікаў 2012 года ён названы лепшым сярод супрацоўнікаў ДПС. Сваімі ведамі і навыкамі яны дзеляцца з інспектарамі Андрэем Кацубам і Валерыем Шаўчуком, што адносна нядаўнаі ў аддзяленні, але маюць перспектывы прафесійнага росту.
— А вось інспектар ДПС лейтэнант міліцыі Алег Юр’евіч Бяляк амаль праз месяц развітваецца са службай, якой прысвяціў 20 гадоў, — гаворыць начальнік АДАІ, — хочацца пажадаць яму поспехаў у далейшым жыцці на “грамадзянцы”, а ўсіх супрацоўнікаў міліцыі павіншаваць з нагоды прафесійнага свята. Спакою на дарогах, у вашых дамах і ў асабістым жыцці!
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: супрацоўнікі АДАІ Жабінкаўскага РАУС В.Ф.Шаўчук, Р.І.Крупко, А.А.Кацуба, А.А.Мядзведзь, Я.В.Хілько, У.М.Сарока, Д.С.Базылюк, А.Ю.Бяляк.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top