Поспехі Алега Міранюка

У свае 32 гады вадзіцель Жабінкаўскай ПМК-10 Алег МІРАНЮК дасягнуў значных поспехаў і ў жыцці, і ў працы. Напэўна, працоўныя ўсё ж такі пэўным чынам залежаць ад сямейных. Калі ў сям’і каханне і згода, дык і на працы добрая “пагода”. А калі работа без заганаў, то па працы і пашана. Сёлета імя Алега Міранюка занесена ў Галерэю працоўнай славы раёна, яго фотаздымак упрыгожвае раённую Дошку гонару.

Арэпіцкі хлопец ніякай работы не баіцца, таму што змалку да яе прывучаны. Вырас Алег у шматдзетнай сям’і, скончыў Крыўлянскую школу, затым Брэсцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж прыборабудавання — атрымаў спецыяльнасць токара.
Працоўную дзейнасць пачынаў на малой радзіме ў СВК “Арэпічы”, затым шэсць гадоў шчыраваў вадзіцелем у ПМК-19 і апошнія чатыры — у ПМК-10. Тысячы дарог за плячыма ў маладога вадзіцеля, сотні аб’ектаў. Самыя запамінальныя з іх: будаўніцтва сярэдняй школы і медыцынскага цэнтра ў Брэсце, шматпавярховак і новага дзіцячага сада — у Жабінцы. Алег Мікалаевіч дастаўляе да новабудоўляў гравій, пясок, шчэбень, плітку, іншыя матэрыялы. Ён у пастаянным руху, у дарозе, бываюць і камандзіроўкі па Беларусі, найчасцей — у Мікашэвічы.
Як і ў вешчага Алега з быліны, у яго ёсць верны “конь” — двухгадовы 30-тонны МАЗ. Гаспадар яго старанна даглядае, непаладкі хутка ўстараняе. І зноў чарговым ранкам Алег за абаранкам. І зноўку кіламетры, грузы і аб’екты…
У Жабінкаўскай ПМК паважаюць Міранюка. “Адказны, сумленны, працалюбівы, яму можна даверыць любую справу — Алег ніколі не падвядзе”, — кажа начальнік прадпрыемства Аляксандр ЯКІМУК.
Гавораць, хто ўмее працаваць, той умее адпачываць. Гэта якраз пра Алега Міранюка. Шчыры руплівец і шматдзетны тата мае захапленняў багата: рыбалка, грыбы, ягады. Хобі падзяляюць жонка Вікторыя з дзецьмі Мацвеем, Златай і Юлечкай. Міранюкі з задавальненнем ездзяць у Арэпічы да адной бабулі і ў Ліду — да другой.
Восенню споўніцца 11 гадоў, як Алег і Вікторыя стварылі сям’ю. За гэты час пабудавалі дзве кватэры (другую атрымалі ўжо як шматдзетныя, а першую — у доме, які ўзводзіла родная ПМК-10).
— Прыемна будаваць жыллё ды іншыя аб’екты і ведаць, што твая праца неўзабаве падорыць радасць навасёлам, — дзеліцца Алег Мікалаевіч. — У верасні зазвіняць галасы ў дзіцячым садзіку, пазней — у новых шматпавярхоўках.

Напярэдадні прафесійнага свята будаўнікоў наш герой жадае калегам здароўя, шчасця, новых заказаў і сродкаў на іх выкананне!

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара і Святланы КІСЛАЙ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.