Час жніва і новых рэкордаў

Час жніва і новых рэкордаў

Жнівень радуе гаспадароў багатым ураджаем, а хлебаробаў — добрым надвор’ем. Для іх гэта час жніва і новых рэкордаў.

На мінулым тыдні на Жабінкаўшчыне з’явіўся першы сямейны экіпаж-тысячнік. Гэта ганаровае званне заваявалі Міхаіл і Уладзімір ЗАЛАТАРОВЫ з ААТ “Хмелева”. Міхаіл Фёдаравіч — спецыяліст вопытны, кампетэнтны і добрасумленны. Мае дом, выдзелены гаспадаркай і набыты з цягам часу ва ўласнае ўладанне, трох сыноў і дачку. Як ні дзіўна, доўгі час яго вернай памочніцай падчас уборкі ўраджаю была жонка. З 2017 года дапамагае сын Уладзімір.
— Для мяне гэта юбілейная, 25-я па ліку, уборачная кампанія, — дзеліцца старшы камбайнер Залатароў. — І як падарунак за руплівую працу — званне першага сямейнага экіпажа-тысячніка ў раёне. Мы з сынам вельмі рады!
З дасягнутым вынікам сямейную дынастыю павіншавалі старшыня райвыканкама Вадзім КРАЎЧУК, яго першы намеснік — начальнік упраўлення па сельскай гас-падарцы і харчаванні Андрэй КУЗЬМІЧ, кіраўнік райкама прафсаюза работнікаў АПК Любоў КАБЕРНА і дырэктар гаспадаркі Барыс ПАРАФЯНЮК (фота 3).
Лідары жніва атрымалі Пісьмы падзякі і падарункі: наборы гаечных ключоў, майкі, кепкі і кветкі.
5 жніўня прадстаўнічая дэлегацыя на чале з кіраўніком раёна Вадзімам КРАЎЧУКОМ віншавала другі па ліку сямейны экіпаж, які ўзяў тысячную планку ў ААТ “Жабінкаўскі”. Героямі дня сталі бацька і сын Аляксандр і Віктар ЗАСІМЫ (фота 2).
Аляксандр Леанідавіч у сельскай гаспадарцы з 1992 года, сын Віктар — з 2016-га. Цяпер ён за штурвалам камбайна, а бацька — яго памочнік, раней было наадварот. Тысячнікамі Засімы сталі ўпершыню і трохі хваляваліся ад увагі да іх сціплых персон з боку раённага кіраўніцтва і журналістаў.
Традыцыйна лідараў віншавалі прама ў полі, бо падчас жніва кожная хвілінка на ўліку. У цырымоніі ўзнагароджання ў той дзень прыняў удзел старшыня Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ян ВЯНСКОВІЧ і кіраўнік “Жабінкаўскага” Міхаіл ВЯЧОРКА. Да Лістоў падзякі дадаліся каравай, наклейка-зорка “1000 тон”, майкі, кепкі, букеты хрызантэм, а таксама каштоўны падарунак — мікрахвалевая печ.
Затым урачыстая цырымонія ўгана-роўвання лепшых працаўнікоў перамяс-цілася ў ААТ “Рагазнянскі”. Тут першымі ў раёне 2000 тон збожжа дапрацавалі аператары сушыльнай устаноўкі Аляксандр ДАНЯЛЮК і Аляксандр МАКАЕД (фота 1). Яны штогадовыя лідары ў сваёй намінацыі, да тэле- і фотакамер звыклыя.
Чвэрць веку працуе ў “Рагазнянскім” Аляксандр Данялюк, у пяць разоў меней — яго малодшы калега. Прасушка — адзін з важнейшых этапаў перапрацоўкі збожжа, таму аператары КЗС разу-меюць, што ад іх працы напрамую залежыць яго якасць.
А праца ўсіх аграрыяў у цэлым залежыць ад Яго Вялікасці Надвор’я. Таму кіраўнік раёна пажадаў хлебаробам далейшых поспехаў, здароўя і спрыяльнага надвор’я.
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара і Яўгена ЛАЎЦОВА

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top