Працавітасць і напорыстасць. Тады і будоўля ў радасць

Працавітасць і напорыстасць. Тады і будоўля ў радасць

Калі зазірнуць у гісторыю, то сярод шматлікіх важных момантаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Жабінкаўшчыны, фарміравання яе арганізацыйных, наглядных, кадравых структур ёсць такі важны факт: 23 лютага 1973 года пры Жабінкаўскім райвыканкаме было ўтворана ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, якое ўзначаліў Іван Рыгоравіч Шыла, а з 1974-га кіраўніцтва ім перайшло да Анатоля Уладзіміравіча Бакея, які 20 гадоў свайго жыцця прысвяціў гэтай працы. У розныя гады кіраўнікамі яго былі Уладзімір Яўстаф’евіч Наліўка і Мікалай Васільевіч Бобрык.
У сённяшняга дырэктара КУП “Жабінкаўскае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва” Галіны Канстанцінаўны Саўчук акурат дзесяцігадовы юбілей, як яна ўзначальвае калектыў, які выконвае функцыі заказчыка ў вытворчым, жыллёвым, камунальным, сацыяльна-культурным і бытавым будаўніцтве ў раёне і аказвае тэхнічную дапамогу будаўнікам, што ўзводзяць аб’екты гаспадарчым спосабам. Праўда, працуе тут яна ўжо ўдвая больш: спачатку была інжынерам тэхнагляду, потым — галоўным інжынерам. Тэарэтычных ведаў, практычных навыкаў, прынцыповасці, арганізатарскіх здольнасцяў у яе хапае, каб умела, мэтанакіравана ажыццяўляць працу ўпраўлення.
— Калектыў наш невялікі, — расказала Галіна Канстанцінаўна. — Міхаіл Сцяпанавіч Пятрэнка выконвае абавязкі галоўнага інжынера. Побач з намі за праблемамі ў будаўнічай галіне, якасцю работ сочаць яшчэ тры спецыялісты, кожны з якіх, так як і мы, мае кваліфікацыйны атэстат, што дае права ажыццяўляць тэхнічны кантроль і нагляд за будаўніцтвам аб’ектаў. Калектыў—  самастойнае падраздзяленне, якое працуе паводле гаспадарчага разліку, таму ў нас ёсць уласныя галоўны бухгалтар, інжынер-эканаміст, сакратар. Вядома, без транспарту не абысціся, таму маем вадзіцеля, за чысцінёй і ўтульнасцю сочыць прыбіральшчыца. Мікраклімат спрыяе зладжанай і эфектыўнай працы.
У чым яна заключаецца? За чатыры дзесяцігоддзі УКБ было заказчыкам шматлікіх аб’ектаў. У прыватнасці, пабудаваны трэцяя гарадская школа і райбальніца, рэканструяваны дзіцячы сад пад школу мастацтваў, зроблена прыбудова да райвыканкама, да абласных дажынкаў цалкам абнавіўся гарадскі стадыён, сучасны выгляд займела плошча, капітальна адрамантаваны гарадскі Дом культуры, утульнымі сталі многія вуліцы горада, прыдамовыя тэрыторыі… А колькі “вырасла” жыллёва-будаўнічых кааператываў на Жабінкаўшчыне! “Спачатку, —гаварыла Г.К.Саўчук, — штогод узводзіўся адзін ЖБСК. Аднак жыллёвае будаўніцтва стала набіраць тэмпы. Самы “ўраджайны” на новае жыллё — 2010 год, калі толькі ў горадзе было здадзена чатыры кааператывы, а наваселлі адсвяткавалі 220 сем’яў. Цяпер тэмпы ўзвядзення жылля знізіліся: летась быў уведзены ў эксплуатацыю адзін жыллёва-будаўнічы кааператыў, сёлета — таксама адзін, у планах — здача яшчэ аднаго. Усё ўпіраецца ў фінансаванне, новыя яго ўмовы. У кастрычніку плануецца пачаць будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома, але пакуль за сродкі забудоўшчыка. Словам, заказчыкамі мы выступалі ўжо ў 25 ЖБСК як у горадзе, так і ў вёсцы. За 20 апошніх гадоў пабудавана 1130 кватэр. Вялі таксама кантроль і нагляд за будаўніча-мантажнымі работамі на іх. Асаблівых нараканняў ад навасёлаў, што прыемна, не мелі”.
Жабінкаўскае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва яшчэ й заказчык многіх малочнатаварных ферм на Жабінкаўшчыне, будаўніча-мантажнымі работамі, дзе займаюцца, акрамя падрадчыка, шматлікія субпадрадныя арганізацыі. У тым, што такія аб’екты здаюцца своечасова, з добрай якасцю, ёсць заслуга і інжынераў УКБ Міхаіла Пятрэнкі, Вадзіма Дрыча, Вячаслава Раднянскага, Сцяпана Клімука. Менавіта, кожны з іх вёў нагляд і кантроль за пэўным участкам работ. Задаволены і яны, і рагазнянцы-жывёлаводы, і кіраўніцтва гэтай гаспадаркі МТФ “Бусні” на 1 000 галоў. Летась, напрыклад, УКБ выступала заказчыкам у рэканструкцыі ферм ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах, такіх было восем, здадзены першыя іх пускавыя комплексы. Цяпер яны дабудоўваюцца гаспадарчым спосабам, так што парада, падказка вопытнага спецыяліста з упраўлення капітальнага будаўніцтва заўсёды да месца. Вядуцца работы на фермах “Бусні-1”, “Вярхі”, “Стрыганец”, “Навасады”, “Дзяменічы”, “Грабаўцы”. Дапамагаюць вяскоўцам ПМК-19, Жабінкаўская райсельгастэхніка, будаўнікі з Кобрына, хто ў будаўніцтве сянажных траншэй ці ў мантажы стойлавага і малочнага абсталявання, хто ва ўзвядзенні жалезабетонных канструкцый.
Вядома, што якасць будаўніча-мантажных работ, першасная задача пры ўзвядзенні любога аб’екта. Дырэктар УКБ Г.К.Саўчук пад час размовы заўважыла, што будзь-то дом ці ферма, цяпер яны здаюцца з вышэйшай якасцю, чым раней. Гэтаму спрыяюць найперш будаўнічыя матэрыялы, выбар якіх даволі разнастайны з-за мноства пастаўшчыкоў. Тэндар выйграе, канечне, больш якасная прадукцыя будаўнічай вытворчасці. Закупляе яе генпадрадчык, у нас гэта ў асноўным ПМК-10, дзе ёсць аддзел забеспячэння, склады для захоўвання, транспарт для перавозкі. Як заказчык, спецыялісты УКБ маюць права голасу ў тэндарах.
Хоць будаўнікоў і заахвочваюць за якасна выкананыя работы, аднак да ідэальнасці яшчэ далёка. І асноўная прычына, відаць, у тым, што не хапае прафесійных кадраў з-за невысокай заработнай платы. Такая праблема не толькі ў нашым раёне.
Дырэктар і інжынеры ўпраўлення капітальнага будаўніцтва якасць работ бачаць не ў час здачы аб’екта, а пры тэхнічным наглядзе ў перыяд яго ўзвядзення. Прынцып іхняй працы заключаецца ў тым, што робяць выезды на будоўлі, кантралююць ход будаўніча-мантажных работ, іх адпаведнасць праектна-каштарыснай дакументацыі і патрабаванням будаўнічых нормаў. “У нашай практыцы, — расказала Галіна Канстанцінаўна, — былі гады, калі мы вялі тэхнагляд амаль за 100 аб’ектамі. Цяпер вельмі сур’ёзны і адказны аб’ект свінакомплекс на 24 тысячы галоў, які будуе ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Не менш сур’ёзная для нас будоўля — праваслаўны храм імя Кірылы Тураўскага, які “расце” ў Жабінцы. Праўда, тэхнагляд на ім вядзём на дабрачынных умовах, г. зн. бясплатна. За арганізацыю тэхнічнага нагляду ўпраўленню пералічваюцца пэўныя грашовыя сродкі ў залежнасці ад аб’ёму фактычна выкананых работ. За іх мы і жывём”.
Дарэчы, заказчыкам Жабінкаўскае УКБ можа быць толькі ў сваім раёне, а тэхнічны нагляд ажыццяўляць у любым. Да паслуг жабінкаўскіх спецыялістаў у ім звярталіся пад час святаў “Дажынкі” пружанскія і кобрынскія будаўнікі. У Кобрыне, напрыклад, было вельмі многа дамоў, дзе праводзіўся капітальны рамонт. Жабінкаўцы тут зарабілі 200 мільёнаў рублёў. Добры ўнёсак у скарбонку калектыву быў і тады, калі вялі тэхнагляд за будаўніцтвам СТАА “МадэрсБудІнвест” цэха для дрэваапрацоўкі. Часта да КУП “Жабінкаўскае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва” па аказанне паслуг звяртаецца жыллёва-камунальная гаспадарка, калі будуецца інфраструктура — водазабеспячэнне, каналізацыйныя сеткі, пад’язныя дарогі, праводзіцца добраўпарадкаванне прыдамовых тэрыторый, пляцовак для стаянкі аўтамабіляў, інш.
Аб’ёмы будаўніча-мантажных работ зніжаюцца. Пра гэта гавораць і пішуць. Як жа будзе працаваць у такой сітуацыі ўпраўленне капітальнага будаўніцтва? На што Галіна Канстанцінаўна сказала: “Будзем старацца. З 2013 года нам дазволілі займацца каналізацыйнымі сеткамі кварталаў індывідуальнай забудовы, у прыватнасці, “Пралеска”, “Паўднёвы”, “Усходні”. Распрацоў-ваюцца новыя падыходы да жыллёвага будаўніцтва (арэнднае і продаж жылля пад час завяршэння будоўлі). У перспектыве будаўніцтва новай фермы ў Маціевічах на 1 000 галоў з поўным тэхналагічным цыклам. Будзем спадзявацца, што планы здзейсняцца. Працы хопіць і для нас”.
Людміла КОСЦІНА.
На здымках: галоўны інжынер М.С.Пятрэнка і дырэктар Г.К.Саўчук; вядучы інжынер-эканаміст Н.М.Пятручык і галоўны бухгалтар Н.В.Ган; сакратар Г.П.Кудласевіч.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*