У райвыканкаме

У райвыканкаме

22 лютага пад старшынствам М.В.Токара прайшло пасяджэнне райвыканкама.
Галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.А.Якімчук далажыла аб падрыхтоўцы сельгасарганізацый да веснавых палявых работ. Сёлета пад яравымі культурамі будзе занята 15 603 га, у тым ліку пад зерневымі і зернебабовымі — 7 010. Вырошчваць кукурузу на зерне плануецца на 1 260 га. У гаспадарках сфарміравана структура пасяўных плошчаў, складаюцца планы правядзення палявых работ, праве-дзена вучоба са спецыялістамі агранамічных службаў па інтэнсіўных тэхналогіях вырошчвання сельгаскультур з удзелам вядучых вучоных і практыкаў краіны.
Сельгаспрадпрыемствы забяспечаны насеннем зерневых і зернебабовых культур у поўным аб’ёме з улікам страхавога фонду. Цяпер вядзецца сортаабнаўленне і сортазамена, заключаны дагаворы на набыццё 70 т элітнага насення. Пастаўлена задача сеяць не ніжэй, чым першай і другой рэпрадукцыямі, правесці ўзаемаабмен насення паміж гаспадаркамі і да 15 сакавіка закончыць яго выбарку.
На выканкаме ішла гаворка і пра тэхнічную аснашчанасць сельгаспрадпрыемстваў. Летась машынна-трактарны парк добра абнавіўся. Было куплена 19 трактароў. Для правядзення веснавой сяўбы ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны тэхнікі дастаткова. Распрацаваны планы-графікі яе рамонту. На 15 лютага ў гаспадарках у цэлым была  забяспечана планавая гатоўнасць машын і агрэгатаў, за выключэннем СВК “Маціевічы” і ПУАП “Азяты”. На рамонт тэхнікі ў студзені было затрачана больш чым 1 мільярд рублёў. У снежні было выдзелена 320 млн. льготных крэдытаў, якія былі асвоены гаспадаркамі поўнасцю. Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што патрэбна падключыцца Аграпрамбанку і дапамагчы гаспадаркам адкрыць крэдытныя лініі, каб далей весці рамонт сельгастэхнікі.
Пры абмеркаванні пытання была ўзнята і праблема разлікаў мясцовых сельгасвытворцаў з ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” за правядзенне тых ці іншых работ. Яны завінаваціліся ні многа, ні мала 3,6 мільярда рублёў, і гэта ў прамым сэнсе кладзе арганізацыю на лапаткі. Справа тут, як адзначыў М.В.Токар, залежыць у многім ад кіраўніка гаспадаркі, а не ад фінансавай стабільнасці яе. І прывёў у прыклад ПУАП “Азяты”, сельгаспрадпрыемства не з моцных, але з доўгам у 700 млн. руб. перад райсельгастэхнікай, больш чым на 80% разлічылася. Старшыня райвыканкама даручыў кіраўнікам сельгасарганізацый на працягу тыдня адшукаць магчымасці, каб таксама пагасіць запазычанасць. Інакш партнёрам з акцыянернага таварыства будзе праблематычна забяспечваць гаспадаркі запаснымі часткамі, ствараць неабходны іх запас.
Да 15 сакавіка ўсе сельгасарганізацыі павінны быць укаплектаваны механізатарскімі кадрамі для работы ў дзве змены на энерганасычаных трактарах. Дарэчы, ва ўсіх гаспадарках не хапае механізатараў, асабліва востры недахоп іх адчуваюць СВК “Маціевічы”, “Рагазнянскі”, “Хмелева”, “Шпіталі”, “Арэпічы”, “Вазнясенскі”. Плануецца, што на перыяд веснавых палявых работ на дапамогу прыйдуць іншыя арганізацыі раёна. Гэтая пазіцыя зразумелая: пра харчовую бяспеку краіны павінны думаць не толькі земляробы.
На выканкаме таксама былі разгледжаны і прыняты рашэнні па наступных пытаннях: аб ходзе рэалізацыі ў 2012 годзе Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах у дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях”; аб інфармацыйнай запісцы пракуратуры раёна “Аб стане законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна ў 2012 годзе”; аб выкананні мерапрыемстваў у рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы ў водазабеспячэнні і водаадвядзенні “Чыстая вада” на 2011-2015 г.г.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top