Будні і святы салдата элітнай роты

Будні і святы салдата элітнай роты

Усе салдаты тут як на падбор: рост 185 -190, прыемная знешнасць, ідэальны склад цела, на твары і руках не павінна быць шрамаў, татуіровак, першая група здароўя, абавязкова добры зрок, адсутнасць шкодных звычак і “чыстая” біяграфія.
Беларуская рота ганаровай варты адна з самых маладых у краінах СНД: як самастойнае падраздзяленне была створана ў 1995 годзе. За час існавання толькі двое жабінкаўцаў трапілі туды на службу: Дзмітрый Дульскі, які нясе яе зараз, і Сяргей Назаранка, які 19 студзеня сёлета звольніўся ў запас і вярнуўся ў родны горад.
— У шэрагі Узброеных Сіл я быў прызваны 20 ліпеня 2011 года, трапіў у пагранічныя войскі, — расказваў Сяргей. —  Першы месяц праслужыў у Брэсце. Пасля прысягі быў адабраны ў роту ганаровай варты органаў пагранічнай службы, якую праходзіў у пасёлку Сосны, недалёка ад Мінска. Кожны дзень наша падраздзяленне выязджала ў сталіцу на трэніроўкі. Элементы пляц-парада адпрацоўваліся да дзясятага поту на тэрыторыі Мінскай камендатуры. Заняткі праходзілі незалежна ад надвор’я і пары года. Навабранцаў адразу відаць: пад час страявой яны ўслых адлічваюць рытм і старанна цягнуць насок. Спачатку важна навучыцца проста правільна хадзіць. Для таго, каб учарашні прызыўнік стаў паўнавартасным салдатам роты, патрэбна не менш чым месяц штодзённых заняткаў. Сакрэт майстэрства адзін — пляц. Нагрузкі ў падраздзяленні сапраўды вельмі сур’ёзныя: трэніроўкі доўжацца 6 гадзін, а перад адказнымі мерапрыемствамі 7-8, а як жа інакш?! У год мы ўдзельнічалі як мінімум у 50 мерапрыемствах вышэйшага ўзроўню. Гэта сустрэчы кіраўнікоў замежных дзяржаў, галоўныя святы з удзелам Прэзідэнта краіны: Дзень Незалежнасці Беларусі, Дзень Перамогі, адкрыццё помнікаў, ускладанне вянкоў да манументаў і многія іншыя.
Напрыклад, падрыхтоўка да Дня Незалежнасці пачынаецца ў лютым, за чатыры месяцы да свята, і праходзіць у некалькі этапаў. На працягу першага месяца — адзіночная падрыхтоўка стандартных элементаў, потым адпрацоўка зладжанасці, каб дзейнічаць дакладна і прыгожа. Найскладаней у сумесных рэпетыцыях з іншымі падраздзяленнямі роты ганаровай варты. У пляц-парадзе ўдзельнічаюць да 160 вайскоўцаў, і эфект выступлення ў сінхроннасці дзеянняў. Мы павінны выглядаць як адно цэлае.
— Хто распрацоўвае элементы для выступленняў?
— У асноўным афіцэрскі састаў, але ўлічваюцца пажаданні і прапановы салдат. Пад час іх дэманструецца да 30 элементаў, ёсць стандартныя, новыя. Кожны парад павінен быць сюрпрызам для гледача.
Выступалі мы з сапраўднымі карабінамі, вага якіх амаль чатыры кілаграмы. Словам, даніна традыцыі, таму што яны амаль адсутнічаюць на ўзбраенні сучаснай арміі. На пляц-канцэртах дэманструюцца страявыя прыёмы з афіцэрскімі шаблямі, гледачы ў захапленні ад віртуознага валодання гэтай зброяй.
— Ідэальны знешні выгляд — асаблівасць роты ганаровай варты?
— Парадная форма павінна мець бездакорны выгляд. Ніякіх складак, незашпіленых гузікаў. Бляск кожны наводзіць сам, таму з прасам хлопцы ўпраўляюцца не горш, чым з карабінам. Адметна, што парадны мундзір шыецца ў Доме ваеннага адзення пад кожнага салдата індывідуальна. Пакой, дзе форма знаходзіцца, нагадвае тэатральную касцюмерную: у асобных секцыях люстраных шафаў вісяць кіцелі і шынелі, на антрэсолях у спецыяльных кардонках ляжаць каракулевыя шапкі. Дарэчы, боты для салдат роты ганаровай варты шыюцца ўручную, а замест цвікоў выкарыстоўваюцца драўляныя калочкі. Тут не прызнаюцца берцы, хаця ўся армія даўно перайшла на іх. Паўсядзённы абутак — боты з пакарочанай халявай. Для выразнасці і чаканнасці на абцасы прыбіваюцца металічныя набойкі. Мы іх называлі “нядзелькі”. Пры нашых нагрузках больш чым сем дзён яны не вытрымлівалі.
Пры звальненні ў запас парадны касцюм з аксельбантамі і залатымі пагонамі, на жаль, належыць утылізацыі. Прызыўніку-зменшчыку шыюць новы, каб сядзеў як уліты.
— У якім значным мерапрыемстве ты прымаў удзел, што запомнілася найбольш?
— Гэта паездка ў Катар у лістападзе 2012 года, амаль напрыканцы службы, калі прымалі ўдзел ва ўра-чыстасцях у гонар завяршэння шматнацыянальнага вучэння “Разгневаны сокал-2012”. На беразе Персідскага заліва, у самым сэрцы Дохі, сабраліся дэ-легацыі 30 дзяржаў, прадстаўнікі якіх удзель-нічалі ў вучэнні, шматлікія жыхары горада і турысты. Пляц-парад беларускай зводнай роты ганаровай варты выклікаў у прысутных шквал бурных эмоцый, нам крычалі “брава”, прыйшлося выступаць “на біс”.
У прэсе затым з’явіўся матэрыял пад такой назвай “Прыехалі. Паказалі. Пакарылі”, так высока быў ацэнены наш пляц-парад. Усе яго ўдзельнікі атрымалі ад кіраўніцтва Катара пісьмовую па-дзяку і сувенір — ручку ў прыгожай шкатулцы. Гадзіннікі ад старшыні Дзяржпагранкамітэта Рэспублікі Беларусь чакалі нас на Радзіме.
— Што самае галоўнае, на твой погляд, выпрацоўваецца ў вайскоўцаў роты ганаровай варты?
— Жалезная вытрымка і сіла волі. Адчуванні хвалюючыя, вось дзе сапраўдны адрэналін! А дзе б я яшчэ змог так блізка ўбачыць прэзідэнта, кіраўнікоў іншых дзяржаў? Успаміны пра службу застануцца на ўсё жыццё. Ні кропелькі не шкадую, што трапіў у роту ганаровай варты, ганаруся гэтым.
Ганарацца службай сына мама Ніна Уладзіміраўна, тата Аляксандр Сяргеевіч, якія спачатку, як і ўсе бацькі, перажывалі: будзе складана, можа, не справіцца Сяргей з фізічнымі нагрузкамі. Але ж… Справіўся і быў адным з лепшых. Вось як характарызавалі Сяргея Назаранку камандзіры: “Хутка асвоіўся ў калектыве, знайшоў добры кантакт з саслужыўцамі. Чулы, гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу ў цяжкія хвіліны. Лёгка спраўляецца з задачамі, якія патрабуюць арганізатарскіх здольнасцяў. Умела праяўляе ініцыятыву. Не церпіць недахопаў. Лічыцца з меркаваннямі іншых, улічвае іх пры прыняцці аптымальнага рашэння. Адказна і добрасумленна нясе службу”. За гэта Сяргей Назаранка неаднаразова заахвочваўся водпускам.
— Цяжка было служыць? — апошняе, што я спытала на развітанне. Крыху падумаў суразмоўца і адказаў:
— Ды, не…
Другога адказу я і не чакала, ды яго і не магло быць. Прадстаўнік элітнага падраздзялення Узброеных Сіл Беларусі не мог адказаць інакш. Бо рота ганаровай варты — твар краіны, яе сімвал, дзе служаць адны з лепшых, якімі ганарыцца Радзіма.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: Сяргей Назаранка (справа) у ганаровай варце.
Фота з сямейнага архіва.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top