З ДНЁМ НАРАДЖЭННЯ, РОДНЫ ГОРАД!

З ДНЁМ НАРАДЖЭННЯ, РОДНЫ ГОРАД!

12 зорных момантаў вялікага свята

Запамінальным і вельмі яркім (не толькі ад спякотнага сонца, але й радасных усмешак і прыгожых убораў) выдаўся суботні дзень. 23 ліпеня жабінкаўцы шыкоўна адсвяткавалі дзень нараджэння роднага горада.
Разам з імі гожае свята падзялялі ганаровыя госці, у іх ліку — кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна горада Брэста Аляксандр УЛАСАВЕЦ, былыя старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Сяргей МАРТЫСЮК і Мікалай ТОКАР, ды іншыя.
З віншавальнымі словамі да ўсіх, хто завітаў, каб атрымаць святочны настрой, звярталіся кіраўнік Жабінкаўшчыны Вадзім КРАЎЧУК і намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый ГАРАДЗЕЦКІ. Між іншым, Дзмітрый Мікалаевіч зачытаў прывітальны ліст ад імя старшыні абласнога выканаўчага камітэта Юрыя ШУЛЕЙКІ.
Цёплыя і шчырыя словы знайшлі і іншыя выступоўцы: старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль ШАЛТАНЮК, дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі Сергій ПЕТРУСЕВІЧ, намеснікі старшыні райвыканкама Андрэй КУЗЬМІЧ, Іна ТАРАСЕВІЧ і Аляксандр СЦЕПАНЮК, кіраўнік абласной арганізацыі Асвода Віталь КУЛІНІЧ.

*
Стала прыгожай традыцыяй прылюдна ў святочны дзень уганароўваць найлепшых землякоў высокім званнем “Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна”. Сёлета ім абвешчаны галоўны ўрач раённай бальніцы Іосіф АРЛАВЕЦ. Пачэсную місію ўручыць пасведчанн е, стужку, дыплом і кветкі пятаму па ліку Ганароваму грамадзяніну Жабінкаўшчыны выканалі кіраўнікі раёна Вадзім Краўчук і Анатоль Шалтанюк.

**
“Дзякуем за тое, што мы жывыя”, — прамовілі са сцэны дзяўчынкі. Гісторыю іх выратавання, бадай, ведае кожны. За тое, што не абарваліся трагічна маладыя жыцці, свае ўзнагароды атрымалі Яўген КУРЫЛЮК і Ірына ШАЛЯГОВІЧ. Яны праявілі мужнасць і сапраўдны гераізм пры выратаванні на вадзе. Мо самым шчымлівым на свяце стаў момант, калі дзяўчынкі падаравалі фотапартрэт свайму выратавальніку.

 

***
У Жабінцы-спадарожніку з’явілася касмічная тэматыка. У конкурсе малых архітэктурных форм паўдзельнічалі прадпрыемствы раёна: ЖКГ, ДРБУ-103, ПМК-10, камбікормавы завод, сельгас-тэхніка, ААТ “Рагазнянскі” і іншыя арганізацыі. А чыя работа стане пераможцай, вызначаць праз інтэрнэт-галасаванне самі гараджане.
І яшчэ адзін гожы падарунак атрымаў горад да свайго дня нараджэння. Выдавецтва газеты “Вячэрні Брэст” выпусціла ў свет адмысловую кнігу “Жабінка — спадарожнік Брэста”. Яе аўтарамі сталі Аляксандр СЕДНЕЎ, Аляксандр ЯРАЦ і Анатоль БЕНЗЯРУК, сярод фотаработ нямала здымкаў Святланы КІСЛАЙ. Старшыня праўлення РВА “Вячэрні Брэст” Уладзімір ШПАРЛО атрымаў Ліст падзякі райвыканкама за стварэнне цудоўнага выдання.

****
Жабінкаўшчына заўсёды вызначалася людзьмі, адданымі працы. З часам складваліся цэлыя дынастыі, у якіх агульная справа спадчынная.
На свяце ўшаноўвалі, між іншымі, і такія сем’і. Сярод іх — працоўная дынастыя КРАЎЧУКОЎ з “Рагазнянскага”. У ёй 10 прадстаўнікоў, што працуюць-шчыруюць на роднай зямлі амаль 136 гадоў. 104 гады і 9 месяцаў у працоўным “багажы” сям’і ЯКАВУКОЎ з камбікормавага завода. А вось ДУБІНЫ з ААТ “Арэпічы” супольна займаюцца любімай справай на зямлі амаль восем дзясяткаў гадоў.

*****
Чытачы “СП” памятаюць, што напярэдадні свята прафсаюзы правялі раённы фотаконкурс. І вось цяпер заслужаныя ўзнагароды за творчы погляд на свет праз аб’ектыў камеры атрымалі пераможцы. З прыемнасцю называем іх імёны. Гэта Алена РАДКЕВІЧ, Рыта ЯКІМЕНКА і Лізавета ДУЛЕВІЧ.

******
У Дзень горада адзначаны залатыя пары Васіля Яфімавіча і Валянціны Мікалаеўны ПАНІНЫХ, Мікалая Канстанцінавіча і Людмілы Якаўлеўны КАНДРАЦЮКОЎ. Срэбнае вяселле справілі Сяргей і Тамара РАДКАЎЦЫ, першы год агульнага жыцця ўжо стаў сямейнай гісторыяй для Аляксея і Крысціны НАЗАРЧУКОЎ, а Павел і Анастасія ІЛЬЮЧЫКІ стварылі сваю сям’ю ў дзень нараджэння роднай Жабінкі. Пашана і слава ўсім, хто годна піша летапіс свайго роду!

*******
З нагоды Дня работнікаў гандлю граматы раённага выканаўчага камітэта атрымалі вядучы эка-наміст філіяла “Жабінкаўскі” Брэсцкай міжраённай гандлёвай базы Таццяна БЫКАВА і прадавец магазіна “Гасцінец” Ала ЦІВАНЧУК.

********
Нездарма гаворыцца: “Жабінка на таленты багата”. У гэтым кожны мог пераканацца, калі на сцэну па ўзнагароды ўзнімаліся сапраўдныя прафесіяналы. Сярод іх выдатны трэнер Юрый АЎЧЫННІКАЎ. Ён шмат у чым пасадзейнічаў, каб Жабінка па праве стала звацца сталіцай боксу, і быў уганараваны Падзякай міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука. Граматамі райвыканкама адзначаны праца педагогаў Таццяны ДАНІЛЮК і Вольгі КАРПУК, нязменнага кіраўніка ўзорнага ансамблю народнага танца “Каруначкі” Ірыны РУМКО. Дарэчы, яе выхаванцы ў гарачым танцы і ў Дзень горада ўзнімалі настрой гледачоў.

*********
Апладысментамі сустакалі жабінкаўцы дырэктараў камбікор-мавага завода і сельгастэхнікі Ігара ЛАБАДУ і Уладзіміра ДЗЕМІДЗЮКА. Кіраўнікі атрымалі заслужаныя ўзнагароды іх прадпрыемстваў: граматай райсавета быў уганараваны калектыў камбікормаўцаў, а працаўнікі сельгастэхнікі адзначаны дыпломам за лепшае добраўпарадкаванне, санітарны стан і кветкавае афармленне. А вось лепшай прысядзібнай тэрыторыяй сярод шматкватэрных жылых дамоў абвешчаны “Жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў
№ 12” у Жабінцы.

**********
Напярэдадні Дня пажарнай службы былі ўганараваны таксама прадстаўнікі высакароднай прафесіі агняборцаў — старшы інжынер РАНС Вікторыя
КАДЭНСКАЯ, якой уручана грамата райвыканкама, і начальнік каравула Ігар БАНДАРЧУК, што атрымаў грамату раённага Савета дэпутатаў.

***********
Нельга ўявіць ніякае свята без прадстаўнікоў культуры. Найперш свае таленты ва ўвесь моц разгарнулі лепшыя жабінкаўскія калектывы і асобныя выканаўцы. Прыгожым працягам, сапраўднай эстафетай, падхопленай творцамі, сталі багатыя выступленні запрошаных калектываў з Задонскага раёна Ліпецкай вобласці і беларускіх гарадоў-спада-рожнікаў Скідзеля, Лагойска і Рудзенска. Акрамя таго, святочную праграму разнастаіла рок-група “Sun Road-21”.

************
“Ой! Якія зорачкі запальваюцца!” — такі дзіцячы захоплены вокліч пачуўся, як толькі вечаровае неба ўспыхнула ад бліскавіцаў святочнага салюта. Прыгожы наш край, багаты і самабытны, сустрэў сваё свята з надзеяй, якую некалі выказаў паэт:
У горадзе маім — спакой і чысціня,
а рэчка Жабінка бруіць у вечнасць воды,
і хочацца, каб так было штодня,
і верыцца, што будзе так заўсёды.

На свяце пабывалі і пра яго расказалі Анатоль РОСТАЎ і Святлана БЯЛЯК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top