Жыццё маё, ты маеш крылы

Жыццё маё, ты маеш крылы

Нарыс

Сапраўдны чалавек вымяраецца не ад ног да галавы, а ад зямлі да неба.

Кітайская прымаўка.

Мікалай Уладзіміравіч Піліпчук

Нарадзіўся 24 лютага 1958 года ў вёсцы Шадзі Жабінкаўскага раёна. Начальнік аддзела навукова-даследчай работы Галоўнага штаба Ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, старшы інспектар — лётчык 3-га аддзела Упраўлення авіяцыі ВПС і войск СПА, з лютага 2008 года — палкоўнік запасу.

Ён упэўнены, што чалавекам кіруюць тры галоўныя стыхіі: Зямля, Вада і Неба. Мікалаю Піліпчуку давялося шмат пакружаліць за аблокамі і над марскімі хвалямі. Аднак усё ж ён вярнуўся на родную зямлю. “Яно, маё жыццё, мае крылы, — гаворыць лётчык, — але й птушка некалі стамляецца ў хуткасным палёце, тады і прызямляецца ля роднага парога”.

Першы скачок

Маторы загулі. Вінты застракаталі. Яшчэ імгненне і — адрыў… “Вяртушка” ўзнімалася ў блакіт, у пух аблокаў. Узлётнае поле, апаленае млоснай спёкай, паменшылася.
“Жаўтаротыя” курсанты-першагодкі сядзелі на лаўках, чакалі загаду.
Мікалай аглядзеўся: у сябраў твары, быццам мелам абмазаныя. І сам адчуў, як знутры калоціць страх.
Дзверкі адчыніліся, інструктар загадаў рыхтавацца да скачка і паказаў “першачкам” белыя зубы. Пайшлі, як гусі, чарадой. “Давай-давай, не за-трым-лі-вай!”
Мікалай зірнуў уніз і ледзь не абамлеў: бездань раскрылася пад яго нагамі… Ды вагаўся адно імгненне, пакуль не зрабіў крок… І выдыхнуў з палёгкаю, нібыта акунуўся ў купель, пачуўшы хлапок. Парашут раскрыўся, як анёлавы крылы. І страшна перастала быць, а з грудзей вырваўся радасны выгук. Бо неба прыняло яго ў свае абдымкі, бы любае дзіця. І ўзлётнае поле, што здавалася раней памерам з капейку, хутка зрабілася з пятак, а потым — з юбілейны рубель…
Не паспеў дакрануцца да зямлі, як ужо зноў захацелася ў неба. Але ж інструктар — ужо без усмешкі — сказаў, бо сам калісь упершыню перажываў такое:
— Віншую, але на сёння — баста! Эйфарыя пройдзе. Яшчэ наскачашся. Складзі сваю “амуніцыю”. Калі памылішся, другі раз можа быць апошнім. Грымнешся, касцей не збярэш, тут кожны за сябе ў адказе.
Гэта было 35 гадоў таму над Арэнбургскім бязлюдным стэпам.

Песня ў вышыні

Не толькі скакаць, але і лятаць у Арэнбургскім вышэйшым ваенным авіяцыйным вучылішчы лётчыкаў імя І.С.Полбіна пачыналі з першага курса. Яго некалі заканчваў сам Юрый Гагарын. Адсюль да неба — толькі крок. Але спярша — на трэнажоры, дзе зямля, вада і неба бутафорныя, але ж вельмі падобныя на сапраўдныя. І толькі затым — за штурвал і — у неба!
Першыя дванаццаць гадзін побач з курсантам у крэсле інструктар. Падстрахуе і паправіць. 13-ая гадзіна — першая самастойная. Крэсла побач пустое, і ты ўжо сам-насам з небам. Міжволі згадаеш: “Грымнешся, касцей не збярэш… кожны за сябе ў адказе…”.
Мікалай раптам адчуў, як хочацца заспяваць. І не стрымаўся: “Под крылом самолёта о чём-то поёт зелёное море тайги”. Думаў, “Зямля” забароніць такое свавольства ў небе, тым больш, што і сеў груба — не так, як вучылі. Нясмела запытаўся, ці можна зноў на ўзлёт? І пачуў незвычайны прыліў энергіі, калі атрымаў дазвол. Паўторная пасадка прайшла, бы па нотах. Спраўна падышоў да камандзіра, адрапартаваў звонка:
— Таварыш капітан, курсант Піліпчук свой першы самастойны палёт выканаў!

Як “кухціх” узляцеў

Курсант спяшаўся на пабыўку ў роднае Падрэчча, дзе жылі бацькі. У хаце Піліпчукоў сабралася ўся сям’я. Бацька Уладзімір Раманавіч паслухаў сына і сказаў з усмешкай:
— Кажаш, бацькі-камандзіры ўжо штурвал даверылі? А помніш, Міколка, як я табе штурвал давяраў?
Так-так, задоўга да першага палёту Мікола ўжо шчыраваў на зямлі, дапамагаў бацьку-механізатару. Неяк трэба было перагнаць камбайн з поля каля Жыціня на суседняе. Доўгая жатка перагарадзіла прасёлкавую дарогу, па якой рухаўся рэйсавы аўтобус. Пасажыры незадаволеныя, вадзіцель сігналіць. Тут зірнулі, а за рулём… няма нікога. Фантастыка нейкая! Потым прыглядзеліся, а ў камбайнерскім крэсле… хлапчына — метр з кепкаю! — і… запляскалі ў далоні. Неўзабаве Мікалай пры ДТСААФ вывучыўся на шафёра і уладкаваўся ў калгасе.
У юначыя гады, вядома, справы маладыя: вясною, летам працаваў на трактары або камбайне, а надвячоркам — ледзь пыл з вушэй страсаў! — бег на танцы ў Сцяпанкі.
Сялянскай працы Мікалай паспытаў з самага маленства, калі дапамагаў маці. Валянціна Макараўна — знатная ў раёне даярка, уганараваная ордэнам. Свае ўзнагароды апранаць не любіла, хоць усе яны былі шчодра “аплочаны” цяжкай працай…
Малодшы брат Сяргей вучыўся ў тэхнікуме на повара, Мікола заўважыў, з якой павагай глядзіць на ягоную форму, таму горача загаварыў:
— Сярога, будзеш тут усё жыццё кашаварыць з апалонікам, станеш “кухцікам” або поварам, а ў лётным — мужчынская работа, рамантыка, неба, павага…
Маці яго спыніла:
— Колька, не баламуць Сярожку. Ты з роднага гнязда выляцеў, а ён няхай зямной справай займаецца!
На тое запярэчылі бацька і матулін брат Пятро Казулька, старшыня калгаса імя Чапаева:
— Ты, Макараўна, хлопцам з пустымі вёдрамі дарогу не пераходзь. Калі наканавана лётаць — ля спадніцы не ўтрымаеш!
Праз колькі месяцаў Сяргей стаяў на КПП вучылішча лётчыкаў. Сустрэліся з загадчыкам кафедры матэматыкі.
— Што, Піліпчук, брата прывёў? — спытаўся Уладзімір Іванавіч. — Сла-бі-на, нічога ён у цябе не ведае ў матэматыцы.
Сам Мікалай у дакладных навуках быў знаток: сярод 25 курсантаў — лепшы, ра-зам з сябрам Васем Шпількіным як семечкі лускалі задачкі за ўсю групу. Таму прафесару Мікола паабяцаў:
— Я брату дапамагу. Справімся!
Сяргей дасюль удзячны брату, што ўзяў тады “на буксір”. Год службы на Поўначы залічваўся за два, і ў трыццаць два Сяргей Піліпчук аформіў вайсковую пенсію, падаўся ў камерцыю, затым у палітыку, зараз — мэр невялічкага горада Катуніна Архангельскай вобласці, дзе некалі праходзіў службу.
Адным словам, высока “кухцік” узляцеў!

“Горад” сярод мора

А Мікалай не мог наталіцца небам. Блакітнае і чорнае, ласкавае і грознае, яно цягнула магнітам, не адпускала. Служыў у марской авіяцыі, накіравалі на Другі Чырванасцяжны Балтыйскі флот, у горад Востраў. Побач — ракетная часць, якую клікалі “маўчы-маўчы” (сакрэтнасць найвышэйшая, таму ракетчыкаў інакш як “нямымі” не звалі).
З 1982 года лейтэнант Піліпчук лятаў на ТУ-16. Гэтае тварэнне канструктарскага бюро імя А.М.Тупалева было не дзеля мірных мэтаў: цяжкі ракетаносец, што мог несці і ядзерную зброю, патруляваў у нейтральных водах. Ляталі “за вугал” (так паміж сабою звалі Кольскі паўвостраў), над Балтыкай і Паўночным морам.
Мікалай Піліпчук быў “праваком” — памочнікам камандзіра паветранага карабля. Адкуль такое слова?
“Правак” — бо сядзіш у правым крэсле. Але ж кожны лётчык марыць перасесці ў левае — на камандзірскае месца. Часам жыцця не хапае, каб адбыўся такі “манеўр”, а наш герой ужо праз чатыры гады стаў камандзірам.
Як? Надарыўся шчаслівы выпадак, які мог быць трагічным.
Праз пяцікіламетровы паветраны калідор ТУ-16 скіраваўся да вострава Борнхольм, дзе дыслакавалася моцная натаўская станцыя дальняга выяўлення, што “назірала” за Савецкай краінай ажно да Масквы. Выйшлі на курс, хуткасць — 900 кіламетраў у гадзіну, усё ў норме, можна ўжо і аўтапілот уключаць… Раптам — невядомыя сустрэчныя агні, і Піліпчук адчайна пацягнуў штурвал на сябе… Потым высветлілася: з-за памылкі на адным паветраным эшалоне ледзь-ледзь не сутыкнуліся два савецкія ТУ-16. А ў тое імгненне штурман палка, які быў на борце, выгукнуў:
— Памочнік, ты нас выратаваў. Скрыню шампанскага ад экіпажа!
… Хутка Мікалая ўразілі новыя агні. Іх пабачыў у начным палёце над Паўночным морам, паблізу Вялікабрытаніі. Сярод бязмежнай вады і чарнюткай ночы пад крылом раптоўна з’явіўся… горад. Ён зіхацеў яркімі агнямі, і міжволі падалося: ці не сон?.. Не, то быў не сон. Велічэзны авіяносец “Вашынгтон” ішоў сваім курсам. Даўжыня — 350 метраў, шырыня — да сотні! А яшчэ — караблі суправаджэння… Не паспелі зрабіць здымкі “на памяць”, а радыст ужо адбіваў марзянкай на базы ў Слонім, Мурманск, Далёкі Усход:
— Бачым амерыканскую шматмэтавую авіяцыйную групоўку, рухаецца накірункам…
Бывалі, вядома, сустрэчы і ў небе. Там, у вышынях, для многіх хапае працы. З некаторымі летакамі завочна “пазнаёміўся”. На хуткасці баявыя авіятары розных краін аддавалі адзін аднаму чэсць, віталіся, нібыта даўнія знаёмыя. Хоць увесь час нельга было забываць: неба мірнае, ды справы ваенныя.
Здаралася, што нямецкія альбо дацкія вынішчальнікі “ўладкоўваліся” пад крылом вялізнага ТУ, не дазваляючы зрабіць разварот. Мікалай цудоўна разумеў: пакінеш нейтральныя воды — чакай міжнароднага скандалу. Тады Піліпчук адчуваў, якая грозная машына ў яго руках: самалёт-волат патроху пачынаў раскачваць магутнымі крыламі, і “супастаты” адчапляліся…
Але і ў баявыя будні Мікалай не забываўся пра святы.
Заўсёды любіў 23 лютага. З гэтага дня пачыналася чарга сямейных святкаванняў: адразу пасля дня нараджэння арміі і флоту надыходзіў уласны дзень нараджэння, а 25-га — бацькавы народзіны. Аднойчы, ужо маёрам, Мікалай пазваніў, каб павіншаваць бацьку. Трубку на калгасным мехдвары падняў прастужаны мужчына.
— Паклічце, калі ласка, Уладзіміра Раманавіча.
Той павярнуўся да сяброў:
— Хлопцы, тут нейкага Уладзіміра Раманавіча клічуць…
Механізатары засмяяліся:
— Валодзя, дык гэта ж цябе!
— Віншую, тата, з днём нараджэння, — прамовіў сын.
— От жа, — прабурчэў бацька, — за гэтымі буднямі свята нябачна. І цябе віншую, сынку.

Разам у небе і на зямлі

Калі выбухнуў Чарнобыль, сэрца сціскалася, ад думак пра цяжкі лёс, што напаткаў родную старонку. Напісаў рапарт, каб далейшую службу праходзіць у Беларусі. Мікалаева эскадрылля перабазіравалася пад Быхаў, у зону адсялення. З асаблівым гонарам чытаў тэкст прысягі на вернасць свайму народу, напісаны на роднай мове.
Не мог не спытацца, які самы яркі момант службы ў беларускім войску згадваецца перш-наперш. Думалася, пачую новы расказ пра палёты. А палкоўнік змоўк, задумаўся, быццам азірнуўся на былыя гады.
— Памятнае лета дзевяноста сёмага… калі на аэрадроме пад Мінскам прагучалі кароткія каманды: “Першы, пайшоў! Другі, пайшоў!”
Першым быў Мікалай Піліпчук. Другім — таксама Мікалай Піліпчук. Малодшы.
Бацька зірнуў на сына: здаецца, не хвалюецца, ці, можа, баіцца паказаць сваю боязь?
У час свайго першага скачка старэйшаму Піліпчуку было дваццаць гадоў, малодшаму — усяго чатырнаццаць. Але ж і ён ужо “захварэў” рамантыкай палётаў, ірвецца ў неба…
З таго дня, як бацька і сын разам здзейснілі скачок з парашутамі, мінула нямала часу. Мікалай-малодшы скончыў авіяцыйны факультэт Беларускай ваеннай акадэміі, стаў лётчыкам МІГа-29 на авіябазе ў Бярозе, цяпер ужо маёр, перайшоў у транспартную авіяцыю, налятаў больш за 400 гадзін. Але ж да старэйшага Піліпчука, што правёў за штурвалам 4000 гадзін, яму яшчэ лятаць і лятаць…
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: палкоўнік Мікалай Уладзіміравіч Піліпчук.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top