В Жабинке прошел третий районный фестиваль «Голоса юности»

В Жабинке прошел третий районный фестиваль «Голоса юности»


Гучалі маладыя галасы
1 чэрвеня ў гарадскім Доме культуры адбыўся ІІІ раённы фестываль дзіцячай маладзёжнай творчасці “Галасы юнацтва”, дзе вызначыліся найбольш здольныя песенныя таленты Жабінкаўшчыны ва ўзросце ад 8 да 24 гадоў. Свята адкрыла намеснік старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк, якая павіншавала ўсіх з Міжнародным днём абароны дзяцей.
Наш раён здаўна славіцца сваімі эстраднымі выканаўцамі. Дарослыя паступова перадаюць свае веды і творчыя задумы маладым. Нездарма сярод дзевяці прызёраў конкурсу чацвёра — выхаванцы студыі “Золак”, створанай Валерыем Няменшым. Яшчэ трох прывяла да песеннага поспеху Нэлі Дукава (дзіцячы эстрадны калектыў “Алегра-Нова”).
Сярод малодшых выканаўцаў перамогу святкавала 9-гадовая Насця Калячка. Адзначым, што Насця ды яшчэ Наталля Балка з Падлескага СДК (яна стала трэцяй у старэйшай узроставай групе) — адзіныя, хто спявалі на роднай мове. Адсутнасць беларускага песеннага слова прыкметна збядніла фестываль. Згадзіцеся, дзве песні з 24-х — недарэчная “прапорцыя”.
Наступнымі віншаванні, дыпломы, падарункі за другое і трэцяе месцы прымалі наймалодшыя ўдзельніцы конкурсу Саша Гусева ды Аня Андрасюк, якім толькі па восем год. Калі Аня вучыцца спевам у ГДК, дык Саша — выхаванка цукразаводскага клуба.
Сярод сярэдняй ўзроставай групы, куды ўваходзілі юныя спевакі 12-14 гадоў, бясспрэчным лідэрам выглядаў Даніла Казлоў. Творы ў ягоным выкананні вызначаліся бездакорнай сцэнічнасцю, што прыводзіла ў хваляванне залу. Ягоны голас і паводзіны на сцэне пераканалі журы, якое аднагалосна паставіла найвышэйшы бал. Услед за Данікам дыпломамі ІІ і ІІІ ступені ўганараваныя Алена Ранцэвіч і Настасся Цісленка.
А пераможцамі сярод старэйшых выканаўцаў сталі Аксана Пракошына і Лілія Дашкевіч. Яны аднагодкі, сяброўкі, абедзве займаюцца ў “Золаку”, неаднойчы ўжо ўдзельнічалі ў песенных спаборніцтвах, таму й розніца між іх выступленнямі мінімальная. Сёння Аксана была крышачку мацней, аднак гэта далёка не апошні выхад да мікрафона дзяўчат: будуць і ў іх, і ў іншых выканаўцаў чарговыя фестывалі ды новыя поспехі.
Яшчэ хочацца адзначыць тых, хто выступаў па-за конкурсам. Прыгожа аздаблялі песеннае спаборніцтва танцавальны калектыў “Цукарынка”, Аліна Новік, Алеся Сізова, Аліна Казакевіч, Каця Мельнічук з ансамбля “Грацыя” клуба ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”.
Арганізатары канцэрта — супрацоўнікі арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкама і ГДК паклапаціліся, каб святочна прыбраная сцэна адпавядала настрою, што панаваў у зале. Юныя гледачы і маладыя выканаўцы былі блізкія не толькі па ўзросце: іх яднала песня, і гэтае песеннае паразуменне — галоўны вынік музычнага свята.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымках: 1 чэрвеня ГДК быў напоўнены музыкай, песнямі, смехам дзяцей.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top