Вуліца КЛІМУКА, або Першы беларускі касманаўт

Вуліца КЛІМУКА, або Першы беларускі касманаўт

Імя Пятра Клімука шырока вядома ў Беларусі і Расіі. Многія бывалі ў вёсцы Тамашоўка, дзе знаходзіцца музей касманаўтыкі, створаны восенню 1978 года з дапамогай першага айчыннага касманаўта, можна пабачыць побач і бюст героя. Яшчэ раней у Брэсце на бульвары Касманаўтаў паўстала скульптура з выяваю Пятра Ільіча, вылепленая майстрам Іванам Міско. Ёсць і ў Жабінцы 200-метровая вуліца, названая ў гонар земляка, які вобразна кажучы першым сярод беларусаў дакрануўся да зор.

Сёння Пётр Ільіч КЛІМУК святкуе 80-я ўгодкі. Ён нарадзіўся 10 ліпеня 1942 года ў вёсцы Камароўка Брэсцкага раёна (што паблізу ўжо згаданай Тамашоўкі).

Свайго бацьку першы беларускі касманаўт практычна не ведаў, бо Ілья Клімук загінуў, калі сын меў толькі два гады. У маі 1978-га Пётр Ільіч актыўна рыхтаваўся да свайго трэцяга касмічнага палёта. У гэты самы час брэсцкі абласны ваенкам палкоўнік Чэчаль звярнуўся ў архіў Міністэрства абароны СССР з просьбай знайсці звесткі пра службу бацькі касманаўта. Хутка стала вядома, што Ілья Фёдаравіч КЛІМУК [1909–1944] за дзевяць дзён да смерці, 12 кастрычніка 1944-га, стаў яфрэйтарам 172-га гвардзейскага стралковага палка, а пасля гібелі быў пахаваны ў польскім горадзе Радам. Верагодна, пошукі ў 1978 годзе звестак пра старэйшага Клімука былі звязаны з тым, што яго сын літаральна праз месяц павінен быў стартаваць у космас разам з польскім грамадзянінам Міраславам ГЕРМАШЭЎСКІМ. Неўзабаве, ужо пасля вяртання экіпажа дамоў, на магіле № 25 у Радаме паўстала пліта з імем бацькі беларускага касманаўта. Амаль адначасова ў тым самым семдзесят восьмым у горадзе над Бугам усталявалі і бюст самога Пятра Клімука.

Пётр Ільіч лятаў у космас тройчы (у 1973, 1975 і 1978 гадах) на караблях “Саюз”. Са сваіх 80 гадоў генерал-палкоўнік авіяцыі Клімук правёў на арбіце амаль 80 сутак.

Ён адзначаны вялікай колькасцю ўзнагарод. Пётр Ільіч – двойчы Герой Савецкага Саюза, кавалер трох ордэнаў Леніна і “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР”.

Анатоль Бензярук

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top