БЕЛАРУСЬ – НАШ ДОМ НА ЗЯМЛІ

 Гэтыя песенныя словы прагучалі з вуснаў Вікі АНДРАСЮК – самай юнай удзельніцы мітынгу ў Дзень Незалежнасці, які ладзіўся 3 ліпеня ў Жабінцы каля помніка воінам-вызваліцелям. І гэта сапраўды так: у беларусаў, дзякуй Богу, ёсць агульны дом, які патрэбна берагчы, бо іншага нам не дадзена.

У гэтым свяце ў адзінае кола зліліся сапраўды святыя паняцці – Айчына, вызваленне, незалежнасць. Аб тым гучалі не толькі песні, пра тое ў сваёй прамове зазначаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль ШАЛТАНЮК:

– Беларускі народ ішоў да сваёй незалежнасці больш за тысячу гадоў. У гісторыі было шмат лёсавызначальных падзей, але Вялікая Айчынная стала вайной за жыццё, за само існаванне нацыі. Таму памяць аб героях, якія падаравалі нам будучыню, жыве ў сэрцах нашчадкаў, прамых спадчыннікаў Перамогі. Шлях кожнага пачынаецца з юнацтва, адкрытага ўсім вятрам адразу. Наша моладзь – сапраўдны гонар сучаснай Жабінкі.

Анатоль Вітальевіч з задавальненнем пералічыў тых маладых, што прыносяць славу нашаму краю. У іх ліку Максім ЖУРАЎЛЁЎ, які не раз даказваў, што Жабінка – сталіца бокса. Увогуле, мы ганарымся выхаванцамі трэнера Юрыя АЎЧЫННІКАВА, дзякуючы якому брэсцкія спартсмены перамаглі ў Юнацкай лізе краіны, што праходзіла ўпершыню ў нашым райцэнтры. Згадаў выступоўца і вучаніцу СШ № 3 Злату ЛУКАШЭВІЧ – удзельніцу грандыёзнага праекта “Поезд Памяці”, а таксама Ясенію ЛОСЬ з Ленінскай школы, якая атрымала пашпарт у Дзень Канстытуцыі з рук кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Нельга не прыгадаць і вакалістку Надзею ЧЭЧАЛЕВУ, узорны ансамбль народнага танца “Каруначкі”, рок-групу “Статус ноль”, чые выступленні неаднаразова танулі ў гарачых авацыях. А Яўген КІРЫЛЮК, які выратаваў з вады дзяўчынак, стаў прыкладам для кожнага. Асобна кіраўнік заканадаўчай галіны ўлады падзякаваў праваахоўнікам і медыкам, якія стаяць на варце закону і нашага здароўя. Нездарма галоўны ўрач райбальніцы Іосіф АРЛАВЕЦ сёлета стаў “Ганаровым грамадзянінам Жабінкаўскага раёна”. Асобна былі адзначаны справы вясковыя. Прынамсі, поспехі “Вазнясенскага” на чале з Надзеяй КАНДРАЦЮК.

– Зараз, – падкрэсліў Анатоль Вітальевіч, – нельга забывацца на духоўныя і маральныя арыенціры. Сакральным арыенцірам для тысяч людзей з’яўляецца настаяцель Спаса-Праабражэнскага манастыра ў Хмелеве айцец СЕРАФІМ. Узмацняюцца таксама повязі з расійскімі рэгіёнамі – Задонскім і Іглінскім раёнамі, Перавозскай акругай. Госці з Расіі пры наведванні Жабінкаўшчыны адзначалі нашу гасціннасць, працалюбства, любоў да радзімы. Гэта і ёсць мы!

Ва ўнісон з выступленнем старшыні райсавета гучалі прамовы начальніка адасобленай групы нашага раёна ваеннага камісарыята Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў Аляксандра ПАЛЕЯ і старшыні раённага Маладзёжнага парламента Уладзіслава ДЖЫГІЛЫ.

Хвалюючымі момантамі мерапрыемства сталі гожыя песні ў выкананні гурта “Аляксандр-парк” і сям’і Андрасюкоў, хвіліна маўчання і ўскладанне кветак да помніка і пліт з імёнамі байцоў, якія вызвалялі наш край.

“Пад мірным небам Беларусі”

Надвячоркам святкаванне Дня Незалежнасці працягнулася на пляцоўках каля гарадскога стадыёна і ў парку. Спачатку жабінкаўцаў чакаў тузін канцэртных нумароў ад ВІА “Арлы над Бугам”. Спевакі ў блакітных берэтах прадстаўлялі 38-ю Брэсцкую асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую Венскую Чырванасцяжную брыгаду.

Калі надышоў час святочнага вечаровага канцэрта, першымі сваім яркім танцам “Добры вечар” з жабінкаўцамі і гасцямі нашага горада павіталіся юныя артысты з узорнага ансамбля народнага танца “Каруначкі”.

І гэты вечар сапраўды не мог быць іншым, бо сваімі талентамі шчодра дзяліліся шматлікія самадзейныя артысты Жабінкаўшчыны. Яны ўзнімаліся на сцэну, каб сваімі спевамі, музыкай, танцамі падараваць слухачам адчуванне радаснай святочнасці.

Так, канцэрт “Пад мірным небам Беларусі” быў насычаны меладычнымі віншаваннямі і песеннымі прызнаннямі ў любові да роднай краіны і яе працавітых, таленавітых, добразычлівых людзей, якія шануюць сваю зямлю, жадаюць ёй міру, шчасця і незалежнасці.

Нездарма ў канцэрце прагучалі кранальныя песні, прысвечаныя роднай Беларусі, у выкананні сапраўды народных калектываў “Аляксандр-парк” і “Каларыт”, ансамбляў “Спявай, душа!” і “Раздолле”, артыстаў з ДШМ, салістак Галіны МІЦКОВІЧ і Вольгі ЧЭРНІК, Марыі КОБАК і Вікторыі КІСЛАЙ, Насці і Міланы ЦІМАФЯЕВІЧ, Алены АЎСЯЕЦ і Марыны МАНІШКА.

Шмат пяшчотных слоў і нот знайшлі ў падарунак гасцям свята нашы артысты. Таму гэтак паэтычна гучаў з вуснаў вядучай Яны МАКАСЮК празаічны тэкст: “Зямля беларуская! Дарогамі шматлікіх іспытаў крочыць твая гісторыя з глыбіняў вякоў. Росквіту і дабрабыту табе, родная Беларусь! Няхай вашы сэрцы, дарагія сябры, заўсёды напаўняюцца пяшчотай, дабрынёй і каханнем. Бо пакуль у сэрцы жыве магутнасць нашых продкаў і будучае дзяцей, няспынна будзе біцца сэрца беларуса”.

Водгукам на гэтыя словы стала песня “Сэрца беларуса” ў выкананні удзельнікаў канцэрта. Яна стала своеасаблівым запрашэннем для ўсіх: і артыстаў, і гледачоў – выканаць разам гімн незалежнай краіны.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота Святланы КІСЛАЙ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.