Вуліца КУПАЛЫ, або У гонар Песняра

Вуліца КУПАЛЫ, або У гонар Песняра

Сёлета Беларусь адзначае 140-я ўгодкі Купалы і Коласа. Яны, як браты, стаялі ля вытокаў сучаснай беларускай мовы і літаратуры, былі блізкімі па жыцці і ў творчасці. Таму звычайна і ў гарадах вуліцы Янкі Купалы і Якуба Коласа месцяцца побач.

У Жабінцы адбылося інакш: вуліцы, названыя ў гонар айчынных класікаў, падзяляюць адлегласці і час. Калі Коласа ў нашым горадзе ўвекавечылі некалькі дзесяцігоддзяў таму (існуе нават завулак ў ягоны гонар), дык вуліца Янкі Купалы з’явілася на карце нашага горада адносна нядаўна.

Але спачатку – некалькі яркіх момантаў з біяграфіі Івана Дамінікавіча ЛУЦЭВІЧА [1882–1942], больш вядомага пад псеўданімам Янка Купала.

Літаратурнае імя будучы класік узяў невыпадкова. Так супала, што ён нарадзіўся ў фальварку Вязынка ў 1882 годзе. Стаяла якраз купальская ноч 25 чэрвеня (або 7 ліпеня па новым стылі). Што тычыцца Купалавай творчасці, дык яна вызначаецца праўдзівымі апісаннямі нацыянальнага характару беларусаў. Мо больш за іншых паэтаў Янка Купала пранікнуў у светаразуменне роднага народа, за тое і меў прызнанне пры жыцці і пасля смерці.

У 1925 годзе ён быў абвешчаны народным паэтам Беларусі, пазней стаў акадэмікам адразу дзвюх акадэмій навук – беларускай і ўкраінскай. Фактычны стваральнік беларускай літаратуры з 1939 года быў кавалерам ордэна Леніна, а ў трывожным сорак першым за зборнік “Ад сэрца” атрымаў дзяржаўную Сталінскую прэмію.

Жыццё паэта абарвалася трагічна. Гэта адбылося ўсяго за некалькі дзён да яго 60-гадовага юбілею. 18 чэрвеня 1942 года Янка Купала прыехаў у Маскву і ўсяго праз дзесяць дзён раптоўна ўпаў у лесвічны пралёт з дзясятага паверха гасцініцы “Масква”. Абставіны яго гібелі не высветленыя дасюль. Ёсць некалькі версій: няшчасны выпадак, самагубства або забойства. Так ці інакш, але Купала вярнуўся ў Беларусь толькі праз дваццаць гадоў, калі урна з прахам народнага паэта была перавезена ў Мінск, на Вайсковыя могілкі. Помнікі Янку Купалу ўсталяваны не толькі ў Беларусі, але й у Ізраілі і Расіі, Польшчы і Кітаі, Балгарыі і ЗША.

У 111-ці населеных пунктах па ўсёй краіне можна прайсціся па вуліцах, якія носяць імя выдатнага Песняра, як часам вобразна называюць Купалу (нярэдка ў пары з Коласам). І 111-м амаль пяць гадоў назад стала менавіта Жабінка.

9 лістапада 2017 года раённы Савет дэпутатаў прыняў рашэнні “Аб скасаванні сельскіх населеных пунктаў Жабінкаўскага раёна: Здзітава, Курпічы, Сцяброва, Шчэглікі” і “Аб перайменаванні некаторых элементаў вулічна-дарожнай сеткі горада Жабінка”. Паколькі ў райцэнтры і былых Шчэгліках існавалі вуліцы з аднолькавай назвай Кобрынская, патрабавалася ў колішняй вёсцы надаць Кобрынскай новае імя. Гэтак ужо ў расшыранай Жабінцы, якая ўпершыню за сваю шматвекавую гісторыю “фарсіравала” Мухавец, з’явілася вуліца Янкі Купалы. Рашэнні заканадаўчага органа 13 снежня 2017 года былі надрукаваны ў газеце “Сельская праўда”, і з гэтага дня ўступілі ў сілу.

Анатоль БЕНЗЯРУК

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top