На донцы шклянкі… дзіцячыя слёзы

На донцы шклянкі… дзіцячыя слёзы

Калі ў сям’і п’е бацька, жыццё родных ператвараецца ў пекла. А калі ў шклянку заглядвае яшчэ і маці, дзеці застаюцца сіротамі…
У нашым раёне на 1 лютага 2013 года 77 дзяцей у 36 сем’ях знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. П’янства бацькоў прыводзіць да дрэннага выканання імі сваіх абавязкаў. Летась 19 непаўналетніх з дзесяці сем’яў былі прызнаныя асобамі, што маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Толькі 36% з іх вярнуліся ў біялагічныя сем’і, 26% уладкаваны ў апякунскія і прыёмныя.
Нярэдка бывае, што слёзы малых і нежаданне мірыцца з адабраннем іх ад бацькоў ствараюць цуды, адаграваюць нават самыя чэрствыя душы.
У сям’і Надзеі і Ігара А. малыя ў другі ўжо раз патрабуюць абароны з боку дзяржавы. На жаль, бацькі не разумеюць, што менавіта з-за іх дзеці знаходзяцца ў сацыяльным прытулку. Дарослыя прывыклі весці бадзяжны лад жыцця і займаюцца ўтрыманствам. Жывуць у доме, выдзеленым для іх ПУАП “Азяты”. Аднак за ўвесь час яны не тое, што не прыклалі рук да ўладкавання хаты, але нават не падтрымліваюць тут элементарны парадак. Сярод зімы ў памяшканні холадна. Пастаянна прысутнічае стойкі пах дыму, столь і сцены брудныя. Што такое генеральная прыборка — бацькам не вядома. Тэрыторыя вакол не агароджана. На задняй частцы падворка месціцца збудаванне з цэглы — гэта рэшткі хлява, яго драўляныя сцены “гаспадары” выкарысталі для абагрэву хаты. У суседнім хляве абваліўся дах, і дровы захоўваюцца пад снегам.
Раней, да адабрання, дзяўчынкі вучыліся ў санаторнай школе. Ды гэта не стала стымулам для бацькоў, каб эканоміць матэрыяльныя сродкі на ўтрыманне сям’і, на паляпшэнне побыту. У той час Надзея і Ігар наадварот жылі сабе ў радасць, саграваліся халоднымі зімнімі вечарамі алкаголем. Вось і атрымоўваецца, колькі бацькі выпілі — столькі іх дзеці пралілі слёзак.
І разам з тым, дзяўчынкі вельмі прывязаныя да бацькоў і гатовы абмяняць усе даброты сытага і спакойнага жыцця ў дзіцячым сацыяльным прытулку на жыццё побач з матуляй і татам. Бо ў дзіцячых вачах, хоць дарослыя і аступіліся, ды застаюцца ўсё ж роднымі. І нават словы “З добрай раніцай, матуля”, напісаныя дзіцячай рукой на малюнку, што пакінуты над ложкам, не могуць пакуль расчуліць бацькоўскія сэрцы.
Ужо амаль два месяцы мінула з таго дня, як дзеці пакінулі родны дом. Але ж бацькі не спяшаюцца стварыць умовы для вяртання сваіх крывінак.
Надзея і Ігар, азірніцеся і задумайцеся! Ніхто, акрамя вас саміх, не можа змяніць ваша жыццё. Так зрабіце гэта дзеля сваіх дзяцей!
Ніна ПАЎЛЮЧЫК, дырэктар Жабінкаўскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top