Мабільны тэлефон — яго спецыялізацыя?

Колькі патрэбна чалавеку мабільных тэлефонаў? “Адзін, каб мець пастаянную сувязь са знаёмымі”, — адкажаце. “Няпраўда ваша, — не згодзіцца С. — Чым больш, тым лепш!” І пацвердзіць, што за адзін толькі май ён двойчы ўкраў мабільнікі замежных марак: першы раз на лаўцы ля пад’езда на вуліцы Цэнтральнай у Жабінцы, паўторна — у скверыку каля чыгуначнага вакзала.
А можа, у С. такая “спецыя-лізацыя”? Так што лепей не пакідаць свае мабільнікі без нагляду. А пакуль на аматара замежных мабільных тэлефонаў узбуджаны дзве справы па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса нашай краіны.

Крадзяжы, памерамі меншыя

Вядома, што той, хто, сарваўшы замок, палез у хлеў у Арэпічах, мог займець “куш” значна меншы, чым зламыснік, пра якога мы расказалі ў папярэдняй заметцы. Ну, чым ён пажывіўся? Кола ад веласіпеда, рухавік ад бензакасы, дзве металічныя трубы ды барана — усяго нанёс стратаў гаспадыні хлеўчука на суму 200 рублёў.
Апошнім часам стала “модным” красці металалом. У Мышчыцах з двара грамадзяніна А. зламыснікі вынеслі фрагменты рэек і труб на суму 94 з паловаю рублі. Не палохаюць злодзеяў і мерцвякі: з гарадскіх могілак у Здзітаве былі ўкрадзены 44 алюмініевыя элементы агароджы. Агульная вага — звыш 80 кілаграмаў.
Жабінкаўчанка Р. для крадзяжу выбрала інтэрнэт. Яна не збіралася прадаваць набор лакаў, але размясціла на “Куфары” паведамленне, што можа ашчаслівіць такім чынам жанчын-модніц. Знайшлася такая, што паверыла і пералічыла 93 рублі 10 капеек, якія сталі нажывай зламысніцы. Па ўсіх выпадках узбуджаны крымінальныя справы.

Калі чэшуцца кулакі

Часам спрэчкі, а то і бойкі ўзнікаюць, што называецца, на пустым месцы: не тое слова суразмоўца сказаў, крыва ўсміхнуўся, не так глянуў і гэтак далей. Другі раз прапусціў бы міма вушэй ды вачэй — і разышліся б ціха-мірна. Дык не, разгулялася маладая кроў, зачасаліся кулакі — і пайшоў махаць імі.
З-за непрыязных адносін Б. стаў малаціць З. так, што таму прыйшлося выдаляць першыя зубы верхняй сківіцы, а колькі было падцёкаў… А грамадзянін Ф. нават усадзіў нож у жывот Ш. Пасля хлопцы-забіякі, напэўна, пашкадавалі аб такіх выхадках, але тое, што зроблена, назад не вернеш. Па першым выпадку ўзбуджана справа паводле часткі 1 артыкула 149, па другім — па частцы 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Зноў пра псіхатропы

Не першы раз узнімаецца на старонках “СП” пытанне аб шкодным уплыве псіхатропных рэчываў на чалавечы арганізм, але ж, на жаль, знаходзяцца жадаючыя іх пакаштаваць. Вось і нядаўна ў лясным масіве паблізу вуліцы Лесапаркавай у Жабінцы для М. і Ф. неўстаноўленая асоба выклала ў тайнікі пакетыкі з мефедронам.
Сабраныя матэрыялы ўтрымлі-ваюць дастаткова дадзеных, якія ўказваюць на злачынства, прадугледжанае часткай 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса краіны. Справа па факце ўжо ўзбуджана.

Прызыўнік, стань у строй!

Юнак А. атрымаў позву з’явіцца 8 кастрычніка мінулага года на мерапрыемства па прызыве (медыцынскі агляд), але ні ў назначаны дзень, ні пазней малады чалавек у ваенны камісарыят не з’явіўся, не прайшоў агляд, тым самым наўмысна не дазволіў прызыўной прыёмнай камісіі прыняць рашэнне аб выкананні грамадзянінам свайго воінскага абавязку. Гэткім чынам А. не захацеў стаць у строй абаронцаў Айчыны, і ў адносінах да яго ўзбуджаецца крымінальная справа па частцы 1 артыкула 435 КК.
Інфармацыю прадаставіў Віталь ГАЛЯНЧУК,
начальнік Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top