У ГДК МОЦНА “ШТАРМІЛА”

Перамаглі тыя, хто адказалі на 37-е пытанне

Днямі ў гарадскім Доме культуры ладзіўся “Мазгавы штОрм”, арганізаваны раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, райкамам БРСМ і ветэранскай арганізацыяй пры інфармацыйнай падтрымцы газеты “Сельская праўда”. Інтэлектуальная гульня была прысвечана Дню моладзі і студэнцтва.

Паспрачацца ў інтэлектуальнай сіле сышліся каманды “Бясконцасць” і “Бібліядамачкі”, “Камбінатары” і “Маміхлапінатапай”, “Аптымісты”, “Разумны і прыгожыя” ды “Чорная маланка”.
Іх чакалі па шэсць пытанняў у кожным з шасці тураў, якія называліся “Размінка”, “Вялікая Айчынная”, “Рэклама”, “Пра ўсё”, “Раён нараджаўся, сталеў, развіваўся. Вуліцы Жабінкі” і “Апошні шанц”. Назвы конкурсаў самі гаварылі за сябе. Азарт і захапленні ад гульні часам выклікалі сапраўдны шторм, ледзь не даходзіла да дзявятага вала або цунамі. Аднак сапраўды строгае і прынцыповае журы ў складзе Людмілы ВАЛЕТАВАЙ і Алены АКУЛІЧ карэктна і цвёрда адстойвала жалезнае правіла: суддзя заўсёды мае рацыю! Пытанні агучвалі Кацярына АНДРАСЮК, Ніна КАЛЫБСКАЯ і Анатоль БЕНЗЯРУК, дапамагаў ім гэта рабіць (з тэхнічнага боку) Віктар ДЗІРЫН.
Калі ўсе 36 пытанняў гульні знайшлі свае адказы, журы агучыла вынікі. Яны наступныя. На “бронзавай” прыступцы апынулася каманда “Чорная маланка” трэцяй гарадской школы, другі радок занялі “Камбінатары” з камбікормавага завода, а перамогу ў той дзень святкавалі маладыя медыкі (на здымку), якія для назвы сваёй каманды абралі дзіўнае слова “маміхлапінатапай”. Атрымліваючы падарункі, ім давялося адказаць і на 37-е, незапланаванае пытанне: “А хто такі Маміхлапінатапай?” Адказ прагучаў імгненна. Аказваецца, гэтае слова з мовы племені янагаў, якія жывуць у Чылі. Яно ўнесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса ў якасці “найбольш ёмістага слова” і лічыцца адным з самых цяжкіх для перакладу на іншыя мовы. Бо азначае “Позірк паміж двума людзьмі, у якім выказваецца жаданне кожнага ў тым, што іншы стане ініцыятарам таго, чаго хочуць абодва, але ні адзін не жадае быць першым”. Гэта дакладна не адносіцца да каманды медыкаў: яны жадалі быць першымі і сталі імі. Віншуем пераможцаў!
P.S. Чатыры месяцы таму на 93-м го-дзе жыцця памерла Крысціна Кальдэрон — апошні носьбіт яганскай мовы. Цяпер ужо ніхто на планеце Зямля не зможа прамовіць без акцэнту дзіўнае слова “маміхлапінатапай”… Варта задумацца, каб зноў і зноў паўтарыць услед за класікам: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”
Антон БЕРАСТОК
Фота Наталлі ВАЛОШКІ

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.