Пабудаваць гараж? Толькі ў гаражным кааператыве

Пабудаваць гараж? Толькі ў гаражным кааператыве

У нашым горадзе з кожным годам асабістага транспарту становіцца ўсё больш і больш. І гэта ў прынцыпе добра, адзін з плюсаў — расце дабрабыт людзей. Дзе ж захоўваць машыны? Некаторыя, як гаворыць сённяшняя моладзь, доўга не замарочваюцца і ставяць іх прама пад вокнамі шматпавярховак на ноч. Балазе, цяпер пры праектаванні і будаўніцтве жылых дамоў прадугледжваюцца спецыяльныя пляцоўкі для паркоўкі. Такія, скажам, ёсць ля новых жыллёва-будаўнічых кааператываў у мікрараёне. Акрамя таго, добраўпарадкоўваюцца дваровыя тэрыторыі ранейшых гарадскіх забудоў з павелічэннем парковачных месцаў. Нарэшце, ёсць у Жабінцы дзве платныя аўтастаянкі. А калі ўладальнік машыны захоча пабудаваць гараж? Вось тут у яго могуць узнікнуць праблемы. Чаму? На гэтае і іншыя пытанні кампетэнтна адказвае намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Вітальевіч Шалтанюк.
— Справа ў тым, што згодна з Указам Прэзідэнта Беларусі аб дзейнасці гаражных кааператываў, мае права дазволіць выдзеліць участак пад будаўніцтва толькі кааператыў. У Жабінцы ёсць 8 гаражных масіваў, дзе 949 гаражоў і толькі 2 кааператывы, у якіх іх 75. Пэўная работа выканкамам праводзіцца ў стварэнні кааператываў: на базе гаражных масіваў на вуліцах Завадская-1, Камарова, Кароткіна. Тут ужо вызначаны старшыні, якія займаюцца ўдакладненнем спісаў забудоўшчыкаў і падрыхтоўкай неабходнай дакументацыі для рэгістрацыі. Але справа гэтая ў астатніх месцах рухаецца вельмі марудна. Магчыма, і нам не хапае большай наступальнасці і патрабавальнасці, а гаспадарам некалі ўзведзеных гаражоў — разумення і ініцыятывы.
— Атрымліваецца, Анатоль Вітальевіч, што і месца пад гараж ёсць, і жаданне ў чалавека пабудаваць яго ёсць, а няма кааператыва, значыць і права…
— Менавіта так. Бо кааператыў выступае як юрыдычная асоба.
І другі момант, не менш важны. На сённяшні дзень, каб зарэгістраваць гараж у БТІ — Жабінкаўскім бюро ўнітарнага прадпрыемства “Брэсцкае агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнага кадастру”, — неабходныя два дакументы: рашэнне гарвыканкама (райвыканкама) на дазвол праектавання будаўніцтва і акт прыёму ў эксплуатацыю гаража. Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2011 года №716 прыём у эксплуатацыю і выдачу адпаведнага акта здзяйсняе толькі орган кіравання гаражным кааператывам. Заўважце — не райвыканкам. Такім чынам, людзі не змогуць зрабіць праваўстаноўчыя дакументы на свой гараж, калі не існуе кааператыў. А значыць, прадаць яго, падарыць.
— Анатоль Вітальевіч, ведаю, што цяпер узнікла праблема з падачай электраэнергіі ў гаражныя масівы. Патлумачце, калі ласка, гэтую сітуацыю.
— Сапраўды, раней у некаторых гаражных масівах падключэнне электрычнай энергіі было як звычайнага абанента, які выкарыстоўваў яе для бытавога спажывання. Заключаўся дагавор паміж выбраным на агульным сходзе грамадзянінам і арганізацыяй, якая забяспечвала электраэнергіяй. Цяпер жа пасля змянення нарматыўна-прававой базы і Правілаў электразабеспячэння такі дагавор падлягае перазаключэнню. Ён можа быць заключаны толькі з зарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку юрыдычнай асобай, гэта значыць гаражным кааператывам.

Тарыфы ў гэтым выпадку застаюцца на ўзроўні бытавых. Між тым, пасля ўвядзення сёлета дыферэнцаваных тарыфаў для бытавых спажыўцоў у залежнасці ад колькасці спажытай электраэнергіі, яны не распаўсюджваюцца на юрыдычную асобу, якой з’яўляецца гаражны кааператыў. Розніца тарыфаў у гэтым выпадку будзе складаць ад 30% да поўнага пакрыцця эканамічна абаснаваных выдаткаў.
На дадзены момант утварылася значная за-пазычанасць уласнікаў гаражоў вуліцы Чкалава ў Жабінцы за спажытую электраэнергію. Арга-нізацыя раёна электра-сетак мае права спыніць яе падачу.
— Напэўна, трэба ўлічыць і такую сітуацыю: уладальнік гаража памёр, што рабіць спадчыннікам?
— У судовым парадку прызнаецца права ўлас-насці на атрыманую ў спадчыну маёмасць. Затым у натарыяльнай канторы выдадуць адпаведнае пасведчанне, у БТІ — пасведчанне на ваша імя аб рэгістрацыі гаража. Прычым, зноў жа ў БТІ аформяць дакументы, калі ў вас на руках будзе акт прыёмкі ў эксплуатацыю гаража, выдадзены кааператывам. Словам, усё замыкаецца менавіта на кааператыве.
— Зразумела, Анатоль Вітальевіч, падкрэслім яшчэ раз (неабходна, каб уладальнікі гаражоў нас пачулі): наспела неабходнасць стварэння гаражных кааператываў.
— Мы згодныя сустрэцца з прадстаўнікамі гаражных масіваў, дапамагчы ў стварэнні кааператываў, у вырашэнні іншых арганізацыйных момантаў. Паверце, гэта патрэбна вам. Тэлефон для кантакту: 2-13-89, 25-0-51.
Гутарыла Святлана МІКАЛАЕВА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top