УВЕКАВЕЧЫЛІ ДЗМІТРУКА

УВЕКАВЕЧЫЛІ ДЗМІТРУКА

Зямля, узятая ў Жабінцы з магілы легендарнага Аляксея Дзмітрука, 17 чэрвеня заняла сваё пачэснае месца ў крыпце храма-помніка Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Айчыны нашай паслужыўшых.

Напярэдадні воінскае пахаванне адважнага партызана і падпольшчыка на вуліцы Міру ў Жабінцы наведалі супрацоўнікі міліцыі падпалкоўнік Яўген САМУСКЕВІЧ і малады спецыяліст Андрэй МАЛЕЦ. У іх была пачэсная місія: урачыста пакласці ў мяшэчак зямлю з пахавання. Потым разам з іншымі раёнамі, дзе маюцца падобныя пахаванні, зямля з Жабінкі была перададзена ва ўпраўленне ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама. Яўген Уладзіміравіч расказаў маладому чалавеку, які сёлета ўліўся ў склад Жабінкаўскага РАУС, пра жыццё і дзейнасць Аляксея ДЗМІТРУКА (1907-1942). Існавала ідэя ўзяць у паездку ў Мінск дачку героя Нэлю АЛЯШКЕВІЧ, якая жыве ў горадзе над Бугам. Аднак жанчына, на жаль, адмовілася, бо мае ўжо шмат гадоў і праблемы са здароўем. Разам з тым, яна расказала падрабязнасці гібелі бацькі. Успомніла, як мясцовыя жыхары пасля таго, як сышлі немцы, знайшлі яго цела і пахавалі астанкі ў Залуззі на беразе Мухаўца. У 1959 годзе было вырашана перазахаваць Дзмітрука. Дачка прысутнічала пры гэтым. Яна згадала, што ў магіле адшукаўся казырок ад бацькавай фуражкі. Гэтыя вельмі каштоўныя ўспаміны дапаўняюць нашу памяць, а працягам увекавечвання славутага земляка стала цырымонія ў беларускай сталіцы. Ранкам 17 чэрвеня Яўген Самускевіч і лейтэнант міліцыі Ганна БУЯН, якія прадстаўлялі Жабінкаўшчыну ў дэлегацыі, выехалі ў Мінск.
— Калі пад’ехалі да храма-помніка Усіх Святых, першае ўражанне было надзвычай хвалюючае, — расказвае Яўген Уладзіміравіч. — Ехала амаль паўсотні супрацоўнікаў міліцыі. У дэлегацыі былі і тыя, хто зараз стаіць на ахове правапарадку, і нашы ветэраны. Асабліва хвалюючым момантам было, калі спусціліся ў крыпту, дзе ўжо стаяла падрыхтаваная агульная капсула, зробленая на шклозаводзе “Нёман” у Лідзе.
Цяпер з левага боку ад уваходу ў крыпту (там, дзе знаходзіцца зямля з магіл, узятых з пахаванняў ахвяр фашызму Жабінкаўскага раёна) можна пабачыць і асобную капсулу з пахаванняў міліцыянераў, што загінулі ў часы Вялікай Айчыннай вайны.
Перад пачаткам ліціі да права-ахоўнікаў выйшлі настаяцель храма протаіерэй Фёдар ПОЎНЫ, начальнік УУС аблвыканкама Алег ШУЛЯКОЎСКІ і яго намеснік Максім СУБОТА. Айцец Фёдар расказаў пра важнасць мерапрыемства, неабходнасць любіць родную зямлю і шанаваць яе абаронцаў, якіх і пасля смерці аберагае Бог. Святар запаліў ад святога іерусалімскага агню свечку і полымя ад яе перадаў кожнаму, хто ў тую хвіліну знаходзіўся ў крыпце. У час ліціі пайменна прыгадалі ўсіх загінулых, зямля з чыіх магіл цяпер будзе захоўвацца вечна ў храме Усіх Святых. Сённяшнія міліцыянеры і ветэраны ўсклалі кветкі да таго месца, дзе праз лічаныя хвіліны паўстала капсула. Пранікнёна прагучалі словы з вуснаў кіраўніка ўпраўлення ўнутраных спраў. Алег Мікалаевіч падкрэсліў, што праваахоўнікі і ў гады вайны, і ў мірны час надзейна стаяць на ахове парадку.
— Мы зрабілі вельмі патрэбную справу, асвечаную па праваслаўных канонах, — сказаў Алег Шулякоўскі.
У час экскурсіі міліцыянеры даведаліся пра няпростыя ваенныя часы розных перыядаў беларускай гісторыі. У так званай Белай зале Фёдар Поўны падараваў кожнаму Евангелле, напісанае на царкоўна-славянскай і рускай мовах. Берасцейскія міліцыянеры, са свайго боку, перадалі ў храм-помнік карціну, напісаную дзецьмі, з выявай царквы, размешчанай у Брэсцкай крэпасці. Акрамя таго, айцец Фёдар атрымаў узнагароду УУС Брэсцкага аблвыканкама “За адзнаку”.
— Уражанні нават цяжка выказаць словамі, — гаворыць Яўген Самускевіч. — Асобная аўра зыходзіць ад самога непаўторнага храма і даверлівай размовы з яго настаяцелем. Прыемна, што часцінка жабінкаўскай зямлі заняла пачэснае месца ў крыпце ў Год гістарычнай памяці.
Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top