Творчы патэнцыял выдатніка асветы Вікторыі Анатольеўны Ліс

Творчы патэнцыял выдатніка асветы Вікторыі Анатольеўны Ліс

Да вядомай асобы людзі праяўляюць павышаную ўвагу. Ім цікава ведаць: чым чалавек дыхае, як жыве, што думае… Людзі мяркуюць прыкладна так: калі яны будуць ведаць усё пра гэтага чалавека, то зразумеюць, што прывяло яго да жыццёвага поспеху, а значыць можна скарыстацца яго вопытам і самім стаць паспяховымі.
Сёння мне хочацца, каб чытач бліжэй пазнаёміўся акурат з такой асобай, з вельмі сціплай жанчынай, настаўніцай замежных моў Вікторыяй Анатольеўнай Ліс, якой нядаўна споўнілася 75 гадоў. Яе імя ўпісана ў кнігу “Памяць. Жабінкаўскі раён”.
Нарадзілася Вікторыя Анатольеўна ў Растове-на Доне. Бацька яе быў вайскоўцам, таму сям’я часта пераязджала. Вучылася Вікторыя ўжо ў Таганрозе, што ляжыць ля Азоўскага мора і з’яўляецца радзімай А.П.Чэхава. У гэтым горадзе яна скончыла дзесяцігодку. Сваю прафесію выбрала даўно — з дзяцінства марыла вучыць дзяцей. Школьніцай дапытліва пазірала на настаўнікаў і па-дзіцячы лічыла, што яны ведаюць адказы на ўсе пытанні жыцця. Больш за ўсё дзяўчынка любіла ў школе замежную мову, але ў навучальных установах яе горада не было такога факультэта. Дзядзька Вікторыі, які ў той час быў старшынёй Брэсцкага гарвыканкама, параіў ёй ехаць у Беларусь і паступаць у Мінскі інстытут замежных моў.
Так яна і зрабіла. Удала здала экзамены і была прынята на першы курс. Пасля заканчэння ВНУ яе накіравалі на працу ў Жабінкаўскую школу-інтэрнат, якая год таму як адчыніла дзверы.
Праз год Вікторыя Анатольеўна выехала ў г.Енісейск Краснаярскага краю па месцы працы мужа, які быў геолагам. Ёй прапанавалі выкладаць у інстытуце, але яна пабаялася: ёй жа ўсяго 24 гады. Пайшла працаваць у школу. Затое студэнты ВНУ прыходзілі да яе на практыку.
“Працаваць там было цікава, — згадвае Вікторыя Анатольеўна. — Школа велізарная, у класах па 42 вучні, але для вывучэння замежнай мовы класы не дзяліліся. Многія дзеці былі немцамі, таму яны дома і са мной размаўлялі па-нямецку. Далёка не ўсе настаўнікі мелі дыпломы, вучыліся завочна. Я для іх была “экзотыкай”, таму што ў мяне, такой маладой, ужо быў дыплом, ды яшчэ па замежнай мове”.
Але праз год з-за суровага клімату Сібіры Вікторыя Анатольеўна зноў апынулася ў Жабінцы, у школе-інтэрнаце. Дзеці тут былі асаблівыя: са шматдзетных, з малазабяспечаных сем’яў, са складанымі паводзінамі. “Але ж мы былі маладыя! — гаворыць педагог. — Сіл хапала, імкнуліся выхоўваць вучняў так, каб яны выраслі годнымі людзьмі. І многія менавіта такімі і сталі”.
Вікторыя Анатольеўна старалася прывіць вучням любоў да свайго прадмета. У выніку сем яе выпускнікоў абралі замежную мову сваёй прафесіяй. У 1971 годзе ў жыцці В.А.Ліс адбылася асаблівая падзея. Тады 20 настаўнікаў нямецкай мовы з усяго Савецкага Саюза былі накіраваны Міністэрствам асветы СССР на 6-месячныя курсы ў ГДР. У лік накіраваных увайшла і яна. Ад Беларусі іх было двое.
Калі вярнулася, школа ўжо была перапрафілявана ў інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Вікторыя Анатольеўна працавала яшчэ больш самааддана. Яе працу ацанілі высока. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 ліпеня 1971г. яна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, які быў уручаны ёй у райкаме КПБ. Членам партыі яна была ўжо больш за 5 гадоў.
Для паступлення ў Мінскі інстытут замежных моў Вікторыя Анатольеўна падрыхтавала многіх вучняў і з іншых школ нашага горада, напрыклад, Ларысу Галаўчынер, Аксану Грыгарук, Ірыну Будкевіч…
Радзіма не забывала заслугаў В.А.Ліс. Яна атрымала Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі БССР, стала выдатнікам асветы. Потым было такое высокае званне, як “старшы настаўнік”. І, безумоўна, яна не раз узнагароджвалася граматамі райана, аблана. А 11 студзеня 1978 года выдатніца асветы атрымала яшчэ адну ўрадавую ўзнагароду — Грамату Вярхоўнага Савета БССР. Яе ўручалі ў Мінску ў Доме ўрада, у той самай зале, дзе зараз засядае наш парламент.
Вікторыя Анатольеўна Ліс працавала ў інтэрнаце да пенсіі і яшчэ год пасля. Потым ёй прапанавалі настаўнічаць у трэцяй гарадской школе. Спачатку вагалася, думала, як прыме яе калектыў. Ды яшчэ трэба было з нямецкай мовы перайсці на англійскую. “Як ні дзіўна, — кажа настаўніца, — найбольш яскравыя ўражанні засталіся ў мяне менавіта ад гэтай школы. Цудоўны, вельмі творчы калектыў. Мы, педагогі, праводзілі такія мерапрыемствы, што я іх помню і зараз. Наша аб’яднанне настаўнікаў замежных моў было самым лепшым. Калегі проста падоўжылі гады майго прафесійнага жыцця”.
У такой творчай, добразычлівай атмасферы В.А.Ліс працавала да 75 сваіх гадоў. Тут яна адзначыла не адзін юбілей, за што вельмі ўдзячная кіраўніцтву школы, усяму калектыву. Нават і сёння яе калі-нікалі выклікаюць на замену адсутных калегаў.
Нездарма кажуць, што ёсць прафесіі, якія выбіраюць паводле закліку сэрца. Ёй хацелася шмат ведаць самой і дарыць гэтыя веды дзецям. Творчы падыход, пачуццё адказнасці, высокі прафесіяналізм настаўніка — вось гарант падрыхтаванасці і ўпэўненасці вучня. Яна шчаслівая ў сваёй прафесіі, таму што адчувае важнасць і неабходнасць настаўніцкай працы.
Вось што кажа пра В.А.Ліс адна з яе вучаніц А.М.Уласюк: “З гонарам і павагаю заўсёды думаю пра яе. Сваімі ведамі і любоўю да нямецкай мовы я абавязана менавіта Вікторыі Анатольеўне. Прыемна, што настаўнічаю ў інтэрнаце, дзе доўгія гады працавала яна. Дый усе выпускнікі з удзячнасцю ўспамінаюць свайго педагога. Цёплыя словы ў яе адрас саграваюць і маю душу. Пры сустрэчы бачу, як усміхаюцца яе такія чыстыя і добрыя вочы, а часам з’яўляюцца слёзы, але гэта, думаю, слёзы радасці, бо колькі ж ёю зроблена!.. Хачу пажадаць маёй дарагой і любімай настаўніцы моцнага здароўя, шчасця і даўгалецця”.
Ці не праўда, чытач, і мы ганарымся тым, што ў нашым горадзе жыве такі славуты чалавек. Няхай жа ўсё будзе добра і надалей у жыцці Вікторыі Анатольеўны!
Вера МАНДРЭНКА,  наш няшт.кар.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top