Халодны вецер Афгана

Халодны вецер Афгана

Верасень 1978 года. Валодзю Буснюку 18. У Залуззе з’ехалася  шматлікая радня, каб павіншаваць юнака з паўналеццем. У лістападзе хлопца прызвалі ў армію, трапіў у танкавыя войскі, аб якіх даўно марыў. “Вучэбку” адбыў у Барысаве, потым паўгода служыў у Полацку. Першы год службы прайшоў у роднай Беларусі. Лёгка не было, але падтрымлівала тое, што маглі прыехаць бацькі. Валодзя рэгулярна атрымліваў цёплыя лісты ад сяброў. Так было б і далей, калі б не Афганістан…
— У Афган трапіў у студзені 1980 года. Было вельмі холадна, гаспадарыў пранізлівы вецер, — успамінае Уладзімір Буснюк. — Пустыня здавалася бяскрайняй, ад хараства гор перахоплівала дыханне, вочы сляпіла ад белага снегу на іх вяршынях. Мы былі адны з першых, хто ступіў на афганскую зямлю.
Паўгода наш танкавы полк размяшчаўся ў правінцыі Палі-Хумры. Тут знаходзіўся запасны камандны пункт арміі. Спачатку жылі ў зямлянках, потым у палатках. Сярод салдат панавалі неверагодна цёплыя адносіны, узаемапаразуменне і падтрымка. Асаблівае сяброўства было ўнутры майго экіпажу, у якім нас было трое: Васіль Калуцкі — нязменны камандзір, Віця Тур — механік-вадзіцель і я — наводчык танка. Пыльнымі дарогамі Афганістана ўсю службу ішлі разам, удзельнічалі ў адказных аперацыях, ні разу адзін аднаго не падвялі, усе выжылі. Мабыць, шчаслівым быў наш Т-62 за нумарам 629.
Наш экіпаж узначальваў танкавую калону на выездах. Галоўная задача, якая стаяла перад намі — размініраванне дарог, расчыстка тэрыторый ад завалаў. Агульная вага нашага танка разам з мінным тралам складала 7 тон. Здараліся паломкі, якія хутка патрэбна было выправіць і рухацца далей. Самае складанае — гэта замена гусеніцы, якую не заўсёды атрымлівалася своечасова замяніць, тады ехалі на адной.
Часта “душманы” абстрэльвалі калону, і нашаму экіпажу даводзілася першаму ўступаць у бой, так як мы знаходзіліся ў 400 метраў наперадзе. У адным з такіх абстрэлаў загінуў мой лепшы сябар з нашай калоны Віцька Клімак, весялун, душа кампаніі, сінявокі хлопец з Украіны…
Уладзімір Якаўлевіч спыняе свой расказ, апускае галаву, па ягоным твары бяжыць сляза. Супакойваецца і працягвае расказваць.
— Ведаеце, да смерці нельга прывыкнуць, ніколі… Там, у Афгане, я бачыў многае. Бачыў маладых салдат без ног, якія, губляючы прытомнасць, адстрэльваліся ў бок ворага. Бачыў, як 18-гадовы хлопец сыходзячы крывёю, закрыў сваім целам такога ж параненага сябра. Яны заставаліся вернымі прысязе, воінскаму абавязку ў любой сітуацыі.
У пачатку ліпеня наш полк пераправілі ў правінцыю Газні, бліжэй да Кабула, дзе знаходзіліся да канца службы.
Лета ў Афганістане спякотнае, бывала, што тэмпература ў некаторыя дні дасягала да 70 градусаў гарачыні. Ад яе нідзе немагчыма было схавацца. Вельмі хацелася піць, той вадою, што прывозілі, нельга было наталіцца, яна была цёплай, затхлай. Успаміналася калодзежная вадзіца з Радзімы!
Кожны дзень пачынаўся з падрыхтоўкі экіпажа да поўнай баявой гатоўнасці: мы атрымлівалі боепрыпасы, рыхтавалі зброю, папаўнялі боеўкладку машыны. У любы момант магла паступіць каманда: на выезд!
Пасля баявых аперацый адпачывалі. Па-першае, нам давалі адаспацца, па-другое, наш повар мог прыгатаваць нам нешта на заказ. Хачу сказаць, што ўсе хлопцы-беларусы сумавалі па смажанай бульбе з залацістай скарыначкай. Ну і, канечне, мы наведвалі лазню, змайстраваную байцамі.
З хваляваннем і радасцю чакалі лістоў з дому. Гэта была доўгачаканая сустрэча з бацькамі, сябрамі, каханымі!
Памятаю ўсіх, з кім давялося служыць: маіх аднагодкаў, хлопцаў-землякоў, камандзіраў. З імі я развітаўся 20 студзеня 1981 года на аэрадроме ў Кабуле. Звольненых у запас перапраўлялі ў Ташкент невялікімі групамі. Потым была дарога да Масквы. Там кожны ўзяў свой білет. Не верылася, што праз суткі я буду ў Брэсце.
…Позна вечарам Валодзя Буснюк пастукаў у дзверы роднай хаты. Доўга не адчынялі — разглядалі ў акне постаць, прыслухоўваліся да голасу.
“Дык гэта ж Валодзька!” — пазнаў сына бацька. Якаў Іосіфавіч выйшаў на парог і моцна абняў сына.
Праз гадзіну невялікая хата Буснюкоў не магла змясціць усіх аднавяскоўцаў, якія хацелі паціснуць руку  салдату-афганцу, які вярнуўся з суровай вайны.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: воін- інтэрнацыяналіст Уладзімір Якаўлевіч Буснюк.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top