Каб дапоўніць сямейнае дрэва

Каб дапоўніць сямейнае дрэва

Тысячу кіламетраў на сваім старэнькім, але дагледжаным “Масквічы” “адмахаў” масквіч Віктар Іванавіч Лебедзеў на спатканне з гісторыяй, з радзімай продкаў. Ягоныя радавыя карані — у нашай зямлі, у невялічкай вёсцы Багны. Робіць гэта надзвычай інтэлігентны і цікавы чалавек,  урач, найперш дзеля гістарычнай справядлівасці, якая патрэбна не толькі яму, але і ягоным дзецям, унукам, што павінны ведаць і ганарыцца сваімі вытокамі.
Некалькі дзён Віктар Іванавіч на радзіме продкаў. Цяжка пераказаць, якое адчуванне нарадзілася ў ягонай душы, калі глядзеў у музеі горада над Бугам на шэранькую, пашкоджаную часам кніжыцу бежанца. Некалі ягоныя бабуля і дзядуля з малымі дзецьмі на руках, з няхітрым скарбам таксама (як сотні тысяч беларусаў, сагнаных з роднай зямлі вайною) паехалі ўглыб Расіі, дзе і засталіся назаўсёды.
Дзядуля Сцяпан Ігнатавіч Якімук памёр у суровым 1921 годзе ў Чалябінску. Увесь цяжар ліхалецця лёг на плечы бабулі Ефрасінні Ігнатаўны Якімук (у дзявоцтве — Баярчук). Яна нарадзілася ў Багнах 13 жніўня 1889 года, а памерла, зноў жа, далёка ад малой радзімы. Выгадавала, вывела ў свет трох дачок: Ганну, Ксенію і наймалодшую Феню (Феадосію), што нарадзілася ўжо на чужыне.
— Мая матуля сярэдняя з дачок, — расказваў Віктар Іванавіч, — нарадзілася дакладна ў Багнах. Вядома, што адбылося гэта 12 лютага, а вось год ці то 1912-ы, ці то 1910-ы. Пабралася шлюбам з Іванам Лебедзевым, па нацыянальнасці рускім. Бацькоў я любіў. Вельмі ўдзячны матулі за тое, што дала мне жыццё. Апошнім часам лаўлю сябе на думцы, што пражываю на зямлі і за тых, каго ўжо няма… Вось адкуль магнетычная цяга да ўласнага радаводу, у якім, на жаль, столькі яшчэ белых плямін. Некалькі гадзін прагаварыў, быццам не мог наталіцца размоваю са старэйшым жыхаром Багноў Аляксандрам Каленікавічам Батулем, якому хутка дзевяноста. У ягоным аповядзе ўсё цікавіла: як жылі раней у вёсцы, як цяпер жывецца.
Наш госць спадзяецца на новыя сустрэчы на жабінкаўскай зямлі, на адкрыцці, якія дапоўняць сямейнае дрэва, на добразычлівасць тутэйшых, што дапамогуць аднавіць страчаныя звёны радаводу.
Для тых, хто нечым можа дапамагчы, пасадзейнічаць, В.І.Лебедзеў пакінуў свае каардынаты ў рэдакцыі.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: Віктар Лебедзеў у Жабінцы.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top