Як знайсці сябе?

Як знайсці сябе?

У час размовы з Наталляй Іосіфаўнай Абібок у яе хаце ў Сакалове, ператворанай у сапраўдны музей сялянскага побыту, не аднойчы гучаў матыў, цудоўна выкладзены ў песенных радках: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”.
Так, разам з мужам, падпалкоўнікам міліцыі Уладзімірам Уладзіміравічам Абібокам нараджэнка Брэстчыны надоўга была адарваная ад малой радзімы. Вядома, няпростая мужава служба паклікала далёка ад яе. Але ж якім прыемным было вяртанне!
— Гонар, захапленне, што ахапілі мяне ля камянёў, размешчаных пры ўездзе ў Беларусь з боку Расіі, нельга перадаць словамі. Я гатовая была легчы на гэтую зямлю і цалаваць яе, — згадвае спатканне з Радзімай жанчына. — Я заходзіла ў хаты да людзей, і кожнага — старога, малога — хацелася абняць, сэрца спявала: “Родненькія вы мае, беларусы!” Няма нічога прыгажэй ва ўсім свеце за нашу Беларусь. Гэта я дакладна ведаю.
З гэтай няўрымслівай жанчынай, у руках якой любая праца спорыцца, мы пазнаёміліся ўлетку мінулага года, калі святкаваўся дзень вёскі Сакалова. Шчодрыя, хлебасольныя гаспадары клікалі на свае падворкі, каб пахваліцца чысцінёй і парадкам, а Абібокі, у якіх, вядома, былі і парадак і чысціня, апранутыя ў народныя строі, запрасілі наведаць сваю выставу — частку хатняга музея.
Наталля Іосіфаўна, ветлівая і радасная, брала ў рукі рэчы, якім дала другое жыццё, і расказвала гасцям, найперш хмелеўскім дзецям з “Дараносіцы”, пра гісторыю кожнай знаходкі.
У драўляным доміку, пабудаваным 120 гадоў таму прадзедам Даніілам — сапраўдныя сямейныя рэліквіі. Адносіны да іх — беражлівыя, спагадлівыя. Вось у руках фляжкі — нямецкія і савецкія. На іх добра захаваліся прозвішчы, пакінутыя байцамі Шымам і Капыловым.
— Гэты дом быў у вайну найбольшым у Сакалове, — тлумачыць гаспадыня, — Таму калі прыйшлі фашысты, уладкавалі ў ім сваю штаб-кватэру, а ўлетку 1944-га, пасля вызвалення, тут жылі савецкія афіцэры. На гарышчы засталіся нават фотаздымкі тых пастаяльцаў. Углядаюся ў іх маладыя твары і думаю, як іх лёс склаўся: нехта загінуў у апошнія месяцы вайны, нехта і цяпер жывы, можа ўспамінае жнівень сорак чацвёртага, калі ў час перадышкі перад апошнім рыўком на Берлін, глытнуў спакойнага, амаль мірнага жыцця ў маленькай палескай вёсцы.
Зусім выпадкова адшукалася сямейнае серабро — відэльцы, прыхаваныя бабуляй Марыяй Якаўлеўнай Давідчык, што памерла амаль у дзевяноста гадоў. Схавала на час ды забылася, і вельмі ўзрадавалася, калі ўнучка, прыбіраючы ў хаце, адшукала за бэлькай сямейны скарб. Пра бабулю, якую Наталля Іосіфаўна вельмі паважала, гаспадыня можа расказваць гадзінамі з цеплынёй і ўдзячнасцю:
— Мы вярнуліся ў Беларусь у 2001 годзе, першы візіт зрабілі да бабулі, пад Раство прывезлі ёй ялінку, упрыгожылі, зазіхацела агнямі лясная прыгажуня. І бабуля Марыя была шчасліваю: “Вось якое шчасце ў мяне. Людзі будуць ісці — і пабачаць: у Марыі ялінка свеціцца!”. А вечарам калядным прысела на ўслончык і прамовіла: “Якое шчасце, што мы разам”. Бабуля яшчэ ў дзяцінстве заклала ў мяне зярнятка веры. Памятаю, аднойчы ў святочны вечар яна несла свечку з царквы, полымя ад ветру хавала, руку абмарозіла, але агонь той асвечаны данесла і ў гэтым пакойчыку паставіла. Я таксама з мужам да веры прыйшла, шмат падарожнічаю, але ж заўсёды сюды вяртаюся. Сябе ў гэтым месцы я знайшла і лепшага не жадаю.
Мы разам гарталі старыя фотаальбомы, захаваныя ў гэтай хаце: дзясяткі родных твараў — увесь радавод, ад дзедаў, прадзедаў. Пра іх лёсы, знітаваныя з няпростай гісторыяй краю, што гарэў, будаваўся, зноў гарэў у полымі няўмольнага часу, можна гаварыць доўга, але галоўная выснова: некалі — хто пад прымусам, хто ад нядбаласці — мы згубілі сябе, і як добра, што праз гады і дзесяцігоддзі ўсё ж пачынаем сябе знаходзіць.
А музейчык у Сакалове, дзе дазволена ўсё кранаць рукамі, — той компас, што дапамагае знайсці цікавую знаходку ў жыцці.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Наталля Абібок і яе хатні музей  у вёсцы Сакалова.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top