Путь к признанию от Витебска до Бреста

Путь к признанию от Витебска до Бреста

Галіна Ільінічна Макарук родам з Украіны, аднак даўно лічыць Беларусь сваёй другой радзімай. Менавіта тут яна знайшла сваё адзінае, на ўсё жыццё, каханне, любімую працу, рэалізавала сябе як жанчына,маці, кіраўнік калектыву. І ёй, першай і пакуль што адзінай прадстаўніцы прадпрыемства, была ўручана Ганаровая Грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
…Мілы сэрцу пасёлак з мілагучнаю назваю Атыня ў Івана-Франкоўскай вобласці. Там прайшло бестурботнае дзяцінства, засталіся старэнькія ўжо, але, дзякаваць Богу, яшчэ жывыя бацька і матуля. На сценах роднага дома з фотаздымкаў глядзяць родзічы, многіх з якіх ужо і няма, на гарышча закінуты школьныя дзённікі з выдатнымі адзнакамі (у бацькоў не падымаецца рука выкінуць іх). Кожная паездка дамоў, на Украіну, гэта хваля цёплых, прыемных успамінаў, якія застаюцца там, у юнацтве, а яшчэ ў сэрцы…
Успамінаюцца, напрыклад, гутаркі-спрэчкі з сястрой Аксанай, што выбраць прафесію трэба аднойчы і назаўсёды. Мама бухгалтар і тата інжынер моўчкі пагадзіліся, калі Галя заявіла, што будзе паступаць у медвучылішча. Ёй гэта ўдалося і з чырвоным дыпломам юная медсястра прыступіла да працы ў бальніцы ў дзіцячым аддзяленні. Сястра Аксана таксама падалася ў медыцыну, толькі стала фармацэўтам.
Праз год Галя вырашыла вучыцца далей. Узяла даведнік ВНУ і хуценька яго прагарнула. Адна старонка, на якой расказвалася аб Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, чамусьці загарнулася, і Галіна вырашыла: мабыць,гэта лёс. Павезла туды дакументы (яе прынялі без экзаменаў) з надзеяй стаць дыпламаваным ветэрынарам. А тут студэнтка сустрэла ў Віцебску яшчэ і сваё каханне, і, так сталася, што праз год давялося сумяшчаць лекцыі са штодзённымі клопатамі маладой жонкі… Клопатаў яшчэ дадалося, калі ў трэцякурснікаў Галіны і Вадзіма Макарукоў нарадзілася дачушка Верачка. Яны навучыліся дзяліць сямейныя клопаты папалам. Акадэмічны адпачынак не спатрэбіўся, і дыпломы аб вышэйшай адукацыі атрымалі разам…
Дзіця «вучылася» разам з бацькамі, і, замест калыханкі, часцей чула ад мамы з татам вытрымкі з лекцый.
— І нічога,выгадавалася, — з пяшчотай узгадвае тыя складаныя, але цікавыя і шчаслівыя гады маладосці Галіна Ільінічна. — Наша Верачка нават на агульным фотаздымку выпускнікоў ёсць — не было каму яе паглядзець, пакуль нам дыпломы ўручалі…
Праз некалькі дзён сям’я збірала чамаданы і ехала ў супрацьлеглы ад Віцебску бок — у Брэсцкі раён. Тут у колішнім калгасе «Заря» патрабаваліся ветурачы. Жыллё далі без аніякіх выгод. Макарукі не скардзіліся — не панскай крыві, затое паветра чыстае і дачушка не хварэе. А вось клопатаў калгасны статак дастаўляў нямала. Бывала, дамоў вярталіся абодва апоўначы. Каб дачушка не вельмі сумавала, завялі ёй чатырохлапых сяброў — кошку, сабаку і нават… пацук.
Тры  гады ў кругаверці штодзённых сялянскіх клопатаў праляцелі, як буслы над хатай, пакуль аднойчы Вадзіму Ануфрыевічу не прапанавалі пераехаць у суседні Жабінкаўскі раён,дзе адчынялася участковая ветлячэбніца і патрабаваліся спецыялісты з вопытам. На сямейным савеце вырашылі пераязджаць, тым больш дачушкам (у Верачкі з’явілася ўжо сястрычка Аляксандра) лепш было б вучыцца ў гарадской школе.
1988 год — год стабільнасці, калі Макарукі канчаткова «пускаюць» карані на Жабінкаўшчыне. Муж спяшаўся штораніцу ў ветлячэбніцу, а жонка Галіна — на камбікормавы завод. У лабараторыю якраз патрабаваўся таксіколаг, а яе адукацыя дазваляла заняць гэтую пасаду.
Асвоіцца на новым месцы сярод мноства колб, шклянак і рэактываў дапамагала новенькай тагачасны начальнік лабараторыі Ніна Кліменцьеўна Міхайлоўская і таксіколаг Святлана Віктараўна Карабан, якія ўбачылі ў Галіне Ільінічне не толькі кемлівага, адказнага спецыяліста, але і надзейную свайму слову сяброўку.
— Наша прадпрыемства ўжо ў той час лічылася перадавым, утрымаць пераходзячыя сцягі было справай гонару, — расказвае Г.І.Макарук. — І тады, і зараз, галоўным у вытворчасці прадукцыі была, ёсць, і будзе якасць. Каб не дапусціць хібаў, сочым за якасцю камбікармоў на ўсіх этапах вытворчасці. З увядзеннем сертыфікату СТБ ІСО-9000-2001, пашырыўся асартымент праводзімых аналізаў. Дадаткова, напрыклад, вызначаем у сыравіне, гатовай прадукцыі солі цяжкіх металаў, пестыцыды, мікатаксіны. А як пераносяць жывёлы тыя ці іншыя кампаненты камбікармоў правяраем на доследных.
Праз шэсць гадоў калектыў лабараторыі, у які гарманічна і хутка ўлілася Галіна Ільінічна, перайшоў у яе непасрэднае падначаленне. Завод асвойваў новыя віды камбікармоў (гэты спіс даўно перасягнуў тры дзесяткі найменняў), і адначасова пашырыўся калектыў — з 12 да 18 чалавек.
У вытворча-тэхнічнай лабараторыі завода выключна «жаночы» твар. Кіраваць жанчынамі і складана і проста. Усе адукаваныя спецыялісты, якім Г.І.Макарук давярае, з якімі выконвае даручаную справу. Напрыклад са «старых» кадраў працуюць тут Валянціна Аляксандраўна Курыга, Вольга Міленцеўна Вашыла, радуе моладзь — Вольга Віктараўна Іванова, Аляксандра Сяргееўна Пархуцік, Алена Віктараўна Цупа і інш.
— Безумоўна, было вельмі прыемна атрымаць Ганаровую Грамату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. — кажа Галіна Ільінічна. — І хаця на ёй маё прозвішча — гэтая ўзнагарода — заслуга ўсяго калектыву, што яшчэ раз падкрэслівае — наш тавар запатрабаваны, і наша непрыкметная для спажыўцоў работа дапаможа і далей асвойваць рынкі збыту. Мы можам накарміць усіх хатніх гадаванцаў, птушку і рыбу, і паспрабуем у бліжэйшай перспектыве задаволіць кармамі расійскі рынак, бо завод унесены ў рэестр прадпрыемстваў, якія маюць права гандляваць у Расійскай Федэрацыі.
…Галіна Ільінічна «жыве» штодзённымі клопатамі і пытаннямі роднага прадпрыемства. Яе рабочы дзень не заканчваецца, нават калі ўсе разышліся і дзверы лабараторыі зачынены.
Шчаслівая, што старэйшая Вера, якая яшчэ ў маленстве асвойвала праграму Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, пасля школы вучылася менавіта там, і цяпер, як менеджэр Жабінкаўскага камбікормавага завода, прадае камбікармы на Віцебшчыне. Муж Веры таксама (супадзенне?) ветурач. Малодшая дачка Аляксандра сустрэла сваё каханне ў далёкім Нью-Йорку, і з маці часта лістуецца па электроннай пошце.
…Дарослыя дзеці раз’ехаліся, што застаецца рабіць у пустой кватэры? Калі выпадае многа вольнага часу, Галіна Ільінічна чытае (асабліва вабіць Рэмарк), і займаецца кветкамі. У асноўным гэта кактусы. Калючыя «сябры» у гаршчочках аніяк не вяжуцца з вобразам усмешлівай, вытрыманай і лагоднай начальніцы лабараторыі.
С.КІСЛАЯ.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top