У ліку лепшых — «Мячы Грунвальда»

У ліку лепшых — «Мячы Грунвальда»

Штогод у Беларусі праходзіць Нацыянальны конкурс “Мастацтва кнігі”. Вынікі яго па традыцыі падводзяцца ў першы дзень працы Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу, якая сёлета адбывалася 6-10 лютага. Імпрэза з уганараваннем пераможцаў і дыпламантаў ладзілася ў  Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
За ўзнагароды ў 14 намінацыях спаборнічалі 175 шыкоўных і змястоўных кніг. Сярод прадстаўнічага журы, што вызначала найлепшыя выданні Года кнігі, — рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, старшыні творчых саюзаў мастакоў, дызайнераў і пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Савіч, Дзмітрый Сурскі і Мікалай Чаргінец.
Галоўную ўзнагароду конкурсу — Гран-пры ў намінацыі “Трыумф” — атрымалі выдавецтвы “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” і “Беларускі Дом друку” за фотаальбом “Полацк. 1150”. Знак-сімвал “Залаты фаліянт” і ганаровы дыплом імя Францыска Скарыны быў уручаны дырэктару “Беларускай Энцыклапедыі” Таццяне Бяловай.
Нам жа, са свайго боку, прыемна адзначыць, што конкурс “Мастацтва кнігі-2013” стаў добрай падставай, каб у галоўнай бібліятэцы краіны прагучала назва роднай Жабінкаўшчыны. Паколькі ў намінацыі “Літ-фармат” дыпломам І ступені адзначана гістарычная аповесць “Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля”, напісаная пісьменнікам і журналістам з Жабінкі Анатолем Бензеруком.
Аповесць створана для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту, але можа зацікавіць і дарослага чытача. На яе старонках раскрываюцца драматычныя падзеі, што адбываліся шэсцьсот гадоў таму на беларускіх і польскіх землях у часы знакамітай Грунвальдскай бітвы.
Кніга выйшла ў свет восенню 2012 года ў сталічным выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Над цудоўным яе афармленнем парупіўся Уладзімір Даўгяла. Таленавіты мінскі мастак на конкурсе “Мастацтва кнігі” адзначаны сёлета як лепшы ілюстратар і святкаваў перамогу ў намінацыі “Майстэрства”.
Ірына ГАНЧАР, дырэктар Жабінкаўскай ЦРБ.
На здымках: кніга-дыпламант “Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля”; на ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашу.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top