Дарогі, што нас выбіраюць

Дарогі, што нас выбіраюць

Успаміны, успаміны…
… Печ палала жарам. Матуля зноў і зноў укладвала ў яе гарачае жэрла цагліны. Іх фармавала сваімі напрацаванымі рукамі, а потым — у печ, каб полымя загартавала будаўнічы матэрыял, з якога неўзабаве будуць будаваць дамы.
Праца і для мужчыны цяжкая, тым больш, што за змену патрэбна “спячы” да 10000 цаглін. Федзя час ад часу забягаў на Антопальскую цагельню, дзе працавала маці, і ўсім сэрцам шкадаваў яе, назіраў за “агністымі” справамі, ад якіх было парна, бы ў лазні.
Гэтыя згадкі з падлеткавай пары і сёння не пакідаюць думкі Фёдара Рыгоравіча Ярашэвіча.
Дый не толькі згадкі-ўспаміны, але вялікая ўдзячнасць да старэнькай маці Пелагеі Іванаўны, дарогу да дому якой сын ніколі не забывае. Як і завітаць на магілу да бацькі Рыгора Міхайлавіча, што памёр 42 гады таму — у 42 гады…
… Успаміны, успаміны… І яму самому, таму хлопцу, што заглядваў некалі ў гарачае вока агню, шэсць дзясяткаў гадоў. Пара азірнуцца на свой шлях і тупаць далей, бо, Бог дасць, яшчэ нямала спраў патрэбных.
“Баранку” круціць —
не абаранак есці
Як бацькі не стала, Федзя заканчваў школу ў Драгічыне. Апошні званок абвясціў пачатак новага, самастойнага жыцця, у якім трэба яшчэ вызначыцца. Хлопец адчуваў цягу да тэхнікі і розных механізмаў, марыў стаць шафёрам. Пайшоў у Брэсцкае радыётэхнічнае вучылішча, адвучыўся на вадзіцельскіх курсах, арганізаваных Добраахвотным таварыствам садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту.
Дамоў вяртаўся радасны — з правамі. Ды сустрэў дзядзьку Андрэя (брата маці), які даўно ўжо шафярыў. Той паківаў галавою, слухаючы пляменніка, і сказаў:
— Ну-ну, хваліся-хваліся, ды памятай: “баранку” круціць — не абаранак есці. Тое, што вывучыўся, — добра, але “корачку” трэба практыкай падмацоўваць. Сапраўдны кіроўца павінен адчуваць машыну, “жалезны конь” мае нораў…
І пачаў вучыць Фёдара наноў простым, але важным ісцінам. А той і цяпер удзячны за тую навуку.
Калі праз гады сын Віктар захацеў стаць вадзіцелем, старэйшы Ярашэвіч маладога папярэджваў і павучаў, як некалі яго вучылі. Трохі за сына непакоіўся:
— Зараз няпроста на дарозе, надта ліхачаць розныя недавучкі, ды і машын становіцца ўсё больш. Але ж Віця таксама, як некалі я, любіць тэхніку, хіба мог яму забараніць пайсці шляхам, які сам некалі праклаў? Які бацька, такі сын…
Пра любоў і пра каханне
— Дык вы і цяпер кіроўца?
— З вялізным стажам, — пасміхнуўся ў адказ Ярашэвіч. — Шмат вёрстаў адмахаў на колах: і калі працаваў у арганізацыі “Прамбурводы”, і ў райсельгастэхніцы, якой аддаў не малы кавалак жыцця. Ужо сямнаццаць гадоў месца маёй працы — участак філіяла дарожна-будаўнічага ўпраўлення (ДБУ-15), што месціцца ў Жабінцы.
У наш горад Фёдар Рыгоравіч патрапіў амаль сорак гадоў таму. Улюбіўся ў горад, які здаўся яму найлепшым у свеце. Закахаўся ў Ларысу Іванаўну, з якою заручыўся ў Жабінцы.
— Яна ўсе сямейныя святы памятае: у лютым маё 60-годдзе, улетку — у яе, а праз год — агульнае: сорак гадоў, як крочым поруч дружна па жыцці. Акрамя сына, які падараваў нам унукаў Юлю і Сярожу, маем і дачку Таццяну. Яна, як маці, вывучылася на повара і працуе ў сталоўцы электрасетак у Брэсце.
Увесь час, пакуль ішла размова, з твару нашага героя не сыходзіла шчырая ўсмешка. Не дзіва, што сённяшні ягоны кіраўнік Андрэй Васільевіч Зай-ко не хоча адпускаць на пенсію такога спецыяліста. Акрамя людскасці, што праглядваецца за той лагоднай усмешкай, Ярашэвіч разумны, разважлівы, надзейны і адказны працаўнік — адным словам майстар на ўсе рукі.
Дарогі, пракладзеныя з дапамогай гаспадарча-разліковага ўчастка дапаможнай вытворчасці філіяла “ДБУ-15” ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст №4 г.Брэст», ёсць і ў Жабінцы, і ў горадзе над Бугам.
— Мы вырабляем асфальт, патрэбны для гэтага, — патлумачыў задачу сваёй арганізацыі суразмоўца. — Зараз рамантуецца частка Брэста ў раёне вуліцы лейтэнанта Рабцава. Прыемна, калі чуеш удзячнасці ад людзей. Берасцейцы радуюцца, што абласны цэнтр разрастаецца, а мне, па шчырасці, Жабінка мілейшая.
Ён змоўк, крыху падумаў і сказаў:
— Відаць, як чалавек вясковага складу, не магу жыць у вялікіх гарадах, дзе шматпавярхоўкі закрываюць неба, дзе прырода адсунулася на ўскрайкі, дзе многа тлуму і мала цішыні. На дзень-другі завітаю да дачкі ў Брэст, каб пагасціць, яе, унука Ігарка пабачыць і хуценька дамоў збіраюся — у спакойную Жабінку — туды, дзе парадак і чысціня. Тут мне добра. А ад дабра, як кажуць, дабра не шукаюць.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Фёдар Рыгоравіч Ярашэвіч.
Фота Ірыны ЖУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top