Абноўлены «Родны кут» на Калгаснай

Абноўлены «Родны кут» на Калгаснай

Раней магазін №13 на вуліцы Калгасная ў Жабінцы меў толькі “нумарное” імя, цяпер жа наведвальнікаў здалёк вабяць словы “Родны кут” і яркая вывеска “Мы адчыніліся”, заклікаюць зайсці, каб здзівіцца і абавязкова зрабіць пакупку.
Радуе многае: і гожы вонкавы выгляд гандлёвай кропкі, і інтэр’еры, і, канечне, багаты асартымент.
Свае дзверы 13-ы магазін раённага спажывецкага таварыства расчыніў  пасля рамонту ў першы лютаўскі дзень 2013 года, роўна ў 13 гадзін. Аднак такі збег “нешчаслівых” лічбаў зусім не засмучае загадчыцу Тамару Віктараўну Андрасюк. Яна гаворыць:
— Для мяне гэты год ужо можна лічыць паспяховым: дваццаць гадоў, як працую ў гандлі, і радая такому падарунку — новаму ўтульнаму месцу працы.
А якія шчаслівыя жыхары найбліжэйшых вуліц Калгасная, Саўгасная, 67-га палка, што дачакаліся “свайго” магазіна, дзе можна набыць тавары для дома, для сям’і!
Усяго тры месяцы спатрэбілася брыгадзе будаўнікоў спажывецкага таварыства ў складзе бацькі і сына Пятра і Сяргея Церашчукоў. Хоць спраў было шмат (магазін быў пабудаваны 35 гадоў таму), ды рамонтныя работы праведзены якасна і ў вызначаныя тэрміны.
— Дзеля таго, каб “Родны кут” аднавіўся, спатрэбіліся сур’ёзныя фінансавыя ўкладанні, — расказала першы намеснік старшыні райспажыўтаварыства Ніна Аляксееўна Кадлубовіч. — На рамонт  было выдаткавана 180 мільёнаў рублёў, яшчэ 173 мільёны патрачаны на абсталяванне. Аднак гэта цалкам апраўдана, таму што робіцца для людзей.
Што адразу кідаецца ў вочы — плошча гандлёвай залы павялічылася амаль удвая.
— Калі быў раней магазін куточкам, цесным і непрывабным, дык стаў сапраўдным “Родным кутам”, — заўважыла адна з першых наведвальнікаў Ніна Іванаўна Андрасюк. — Сюды прыемна зайсці і пакінуць грошы за патрэбную пакупку. Хай дзяўчаткам добра гандлюецца!
Прадаўшчыцы Марыя Шпак і Галіна Зарэмба стараюцца абслужыць пакупнікоў, “на варце” парадку — прыбіральніца Алена Стэц, найбольш цяжкія фізічныя работы ўскладзены на грузчыка Мікалая Піваварука. Невялікі, але зладжаны калектыў “Роднага кута” на Калгаснай, як запэўніла загадчыца, будзе рабіць усё, каб людзі былі задаволеныя і таварамі, і абслугоўваннем.
Заходзьце, не мінайце “Родны кут”!
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: загадчыца магазіна №13 “Родны кут” Т.В.Андрасюк шчыра запрашае пакупнікоў наведаць адноўленую гандлёвую кропку.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top