Прэстыжна — не хварэць

Прэстыжна — не хварэць

На прадпрыемствах нашага раёна ўжо каторы год рэалізуюцца мерапрыемствы, накіраваныя на здаровы лад жыцця. Сёння быць здаровым — значыць быць паспяховым, гэта норма жыцця, дый прэстыжна. Пра арганізацыю спартыўна-масавай работы на прадпрыемстве і пра іншае, што ўплывае на ўмацаванне здароўя чалавека, гутарка з намеснікам дырэктара ў ідэалагічнай рабоце ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Тамарай Мікалаеўнай Чапрасавай.
— Як на заводзе  актывізуецца спартыўна-масавая і фізкультурна-аздараўленчая работа?
— У 2007 годзе на нашым прадпрыемстве з’явілася пасада інструктара-метадыста спорту і турызму, якую займае Анатоль Ягоравіч Данільчанка. На пачатку новага года праводзіцца пасяджэнне калектыву, на якім зацвярджаецца план спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы. Згодна з ім павялічылася колькасць секцыйных груп, у якіх умацоўваюць сваё здароўе нашы работнікі. Пачасціліся спартыўныя мерапрыемствы паміж падраздзяленнямі. Удзельнічаем і ў раённых спартыўных спаборніцтвах, што праводзяцца аддзелам фізічнай культуры, спорту і турызму  райвыканкама і райкамам прафсаюза работнікаў АПК.
— Акрамя саўны, трэнажорнай залы, якія могуць наведваць работнікі прама на прадпрыемстве, што яшчэ можаце прапанаваць завадчанам, каб актыўна і з карысцю для свайго здароўя адпачыць?
— За кошт прафкама штомесяц басейн спарткомплекса “Бадзёрасць” наведвае 50 завадчан. Там жа для трэніровак футбалістаў арандуем гульнёвую залу. Пакатацца на каньках можна на лядовай арэне ў Кобрыне. З вялікім задавальненнем завадчане прымаюць удзел у спаборніцтвах папулярнай сёння гульні — пейнтбол, у спартыўнай лоўлі рыбы. Стала ў нашым калектыве добрай традыцыяй праводзіць турыстычныя водныя паходы на байдарках па рэках Лясная, Мухавец, Шчара.
— Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра спартакіяду, якая штогод праводзіцца паміж структурнымі падраздзяленнямі завода.
— З 2008 года ладзіцца яна сярод 6 каманд структурных падраздзяленняў, удзельнічае ў ёй каля 200 работнікаў. У кожнай каманды ёсць свой капітан. Спартакіяда доўжыцца з лютага па лістапад. Вынікі падводзяцца ў кожным відзе спорту ў асабістым камандным заліку і заносяцца ў табліцу. Штогод дадаецца новы від спорту. Леташняя спартакіяда ўключала 10: плаванне, стральба, більярд, настольны тэніс, дартс, гіравы спорт, лёгкая атлетыка, шахматы, шашкі і боўлінг. Вынікі спартакіяды падводзяцца на ўрачыстасці, прысвечанай Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Так, леташнія каманды-пераможцы ўзнагароджаны пераходным кубкам і грашовымі прэміямі.
— Тамара Мікалаеўна, вядома, ёсць такія працаўнікі, якія часта хварэюць, і тыя, хто на працягу каляндарнага года не мелі ніводнага бальнічнага ліста ў часовай непрацаздольнасці. Як заахвочваюцца апошнія?
— У калектыўны дагавор было ўнесена такое палажэнне, як заахвочванне работнікаў прадпрыемства, якія на працягу года не мелі бальнічных лістоў. Кожны з іх  у канцы каляндарнага года атрымлівае прэмію ў памеры 3-х базавых велічыняў. Мэта такога заахвочвання — прыцягнуць работнікаў завода да здаровага ладу жыцця.
— Тамара Мікалаеўна, а на раённым узроўні спартсмены камбікормавага якіх поспехаў дамагліся?
— Мінулы год быў удалым для нас. На раённай спартакіядзе абышлі моцную каманду цукровага завода і занялі І месца. Дзякуючы намаганням Аляксея Грузіна, Аксаны Галавейка, Наталлі Каралюк, Анатоля Касянкова і, канечне, капітана — Віктара Якубука, спартсмены камбікормавай вытворчасці трымаюць першынство ўжо не першы год. За паспяховае выступленне ў раённых спаборніцтвах адміністрацыя завода заахвочвае ўдзельнікаў грашовымі прэміямі ў адпаведнасці з паказанымі вынікамі.
— Як забяспечваюцца работнікі прадпрыемства пуцёўкамі на санаторна-курортнае лячэнне і адпачынак? Якім чынам ідзе аплата за іх?
— У нас створана камісія аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння, якая рупіцца над забеспячэннем работнікаў пуцёўкамі. Згодна з калектыўным дагаворам пуцёўкі на адпачынак выдзяляюцца завадчанам бясплатна. Летась раённым аддзелам аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння нам было выдзелена 37 пуцёвак: 30 дзіцячых і 7 дарослых. Гэта мала для нашага калектыву. Таму ў калектыўны дагавор унеслі такі пункт, як набыццё пуцёвак за кошт прадпрыемства, калі 60% ад агульнага кошту пуцёўкі аплачвае завод, а 40% — самі работнікі, на працягу 3-х месяцаў з іх утрымліваецца гэтая сума з заработнай платы. Такіх пуцёвак летась набыта 16.
Не забываем  і пра летні дзіцячы адпачынак. Летась у летніх аздараўленчых лагерах “Арляня” і “Лясная казка” аздаравіліся 26 дзетак. Бацькоўская даплата склала 10% ад агульнага кошту пуцёўкі.
— На вашу думку важна сёння не хварэць. І найлепшыя памочнікі ў гэтым, вядома, фізкультура і спорт.
— Здароўе ні за якія грошы не купіш. Чалавек, які не хварэе — шчаслівы, таму што ён не траціць свае грошы на лекі, а можа наведаць за іх саўну, басейн, трэнажорную залу, разам з сям’ёй пакатацца на лыжах і каньках. Я паважаю тых, хто аддае перавагу здароваму ладу жыцця і стараюся браць з іх прыклад.
Гутарыла Алёна НІКАНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top