Дасягнулі сваёй вяршыні

Дасягнулі сваёй вяршыні

У актавай зале трэцяй гарадской школы сабраліся вучні, настаўнікі, госці на ўрачыстасць “Зорны Алімп-2012”, на якой адбылося ўручэнне дыпломаў пераможцам раённага этапу алімпіяды школьнікаў.
З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнулася намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Кацярына Мікалаеўна Сіда, якая адзначыла, што алімпіядны рух развіваецца ў раёне. Ён падтрымліваецца дзяржавай. У краіне існуе фонд Прэзідэнта па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі і навучэнцаў. У рэспубліканскім банку таленавітай моладзі з нашага раёна імёны 8 вучняў.
Летась 229 навучэнцаў прынялі ўдзел у другім этапе рэспубліканскай алімпіяды ў вучэбных прадметах, з якіх 45 атрымалі дыпломы: І ступені — 5 пераможцаў, ІІ ступені — 10 і ІІІ ступені — 30 навучэнцаў.
Сярод іх ёсць і такія вучні, якія атрымалі не адзін, а некалькі дыпломаў. Так, абсалютным лідарам па колькасці іх стала Настасся Сідорка, вучаніца 10 класа ліцэя, якая атрымала дыпломы І ступені па рускай мове і літаратары, ІІ ступені па беларускай мове і літаратуры і ІІІ ступені па англійскай мове.
Па два дыпломы маюць Дар’я Масяйчук, дзесяцікласніца ліцэя, І ступені — у англійскай мове і ІІ-ой — у рускай мове і літаратуры, Марыя Панасюк, дзевяцікласніца першай гарадской школы, І-ай — у абслуговай працы і ІІ-ой — у беларускай мове і літаратуры і Карына Барысюк, выпускніца трэцяй адзінаццацігодкі, ІІІ-яй — у матэматыцы і англійскай мове.
Побач са сваімі вучнямі заўсёды знаходзяцца настаўнікі. Менавіта разам з імі пераможцы алімпіяд ішлі да сваёй вяршыні, ішлі ўпэўнена, настойліва. Ад імя педагогаў раёна з прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнулася настаўніца англійскай мовы ліцэя Алена Георгіеўна Цаль, якая павіншавала пераможцаў-алімпіяднікаў і адзначыла, што ўдзел у алімпіядах дае магчымасць, у першую чаргу, ацаніць свае сілы і зразумець — ніколі не патрэбна спыняцца на дасягнутым. Трэба ісці наперад, развівацца, набываць новыя веды ра-зам са сваімі настаўнікамі, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу. Таленты вучняў, іх здольнасці раскрываюцца падчас сумеснай работы, калі побач настаўнік. “Гэта вялікае шчасце для ўсіх настаўнікаў, калі бачыш, што ў тваіх вучняў ёсць значныя поспехі і дасягненні”, — гаворыць Алена Георгіеўна.
Поспехамі сваіх дзяцей ганарацца і бацькі, якія не стаяць ў баку, прымаюць актыўны ўдзел у працэсе навучання, цікавяцца іх жыццём і падтрымліваюць ва ўсім. Словы падзякі настаўнікам ад бацькоў прагучалі ў той дзень ад Аляксея Уладзіміравіча Масейчука: “Дасягненні нашых дзяцей — гэта дасягненні і іх настаўнікаў, якія працавалі разам не толькі ў вучэбны час, але і на канікулах, і ў выхадныя. Верыцца, што сённяшнія поспехі нашых пераможцаў натхняць іх на ўзяцце новых вяршыняў, дапамогуць пераадолець цяжкасці, стануць стымулам для далейшага творчага росту, а бацькам і настаўнікам будзе цудоўная нагода, каб і ў далейшым ганарыцца нашымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі”.
З вобласці ў раён сёлета прывезена 5 дыпломаў. Абласная алімпіяда стала паспяховай для вучняў ліцэя, якія агульную скарбонку алімпіядных дасягненняў раёна папоўнілі трыма дыпломамі. Дзесяцікласніца Настасся Сідорка атрымала дыплом ІІ ступені ў рускай мове і літаратуры, а Дар’я Масяйчук — ІІ ступені ў англійскай мове, выпускнік Сяргей Брэнька — дыплом ІІІ ступені ў матэматыцы.
Узрадаваныя з абласной алімпіяды ў абслуговай працы вярнуліся васьмікласніца другой гарадской школы Кацярына Федаш, якая заваявала дыплом І ступені, а дзесяцікласніца з першай гарадской адзінаццацігодкі Юлія Вярэніч — дыплом ІІ ступені. Кацярыне і Юліі давядзецца абараняць гонар нашага раёна на рэспубліканскім узроўні. У тройцы прадстаўнікоў Жабінкаўскага раёна і Настасся Сідорка, якая будзе змагацца са знаўцамі рускай мовы і літаратуры.
Поспехаў вам і новых дасягненняў, алімпіяднікі!
Алёна НІКАНЧУК.
На здымках: Дар’я Масяйчук, Сяргей Брэнька, Юлія Вярэніч і Кацярына Федаш; намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама К.М.Сіда ўручае дыплом пераможцы абласной алімпіяды Д.Масяйчук; музычны падарунак пераможцам дорыць ансамбль “Фасолька”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top