Даклад старшыні райвыканкама М.В.Токара на сходзе актыву органаў улады і гаспадарчых кадраў раёна

Даклад старшыні райвыканкама М.В.Токара на сходзе актыву органаў улады і гаспадарчых кадраў раёна

Паважаныя ўдзельнікі сходу! Сёння мы запрасілі вас, каб падвесці вынікі работы ў мінулым годзе і вызначыць праграму далейшага развіцця. У 2012 годзе раён забяспечыў выкананне трынаццаці важнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, асноўныя з якіх: выручка ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг, рэнтабельнасць продажу, інвестыцыі ў асноўны капітал, вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі, экспарт паслуг, рознічны тавараабарот, увод жылля. Не выкананы прагнозныя паказчыкі і заданні васьмі параметраў, у тым ліку: экспарту тавараў, замежных інвестыцыях, сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі, падрадным работам, энергазберажэнню і інш.
Вытворчасць прамысловай прадукцыі ў дзеючых цэнах склала ў мінулым годзе 1 трыльён 796 мільярдаў руб., што 137,3% у дзеючых цэнах да ўзроўню 2011 года і 96,1% — у супастаўных. Аб’ём экспарту ў прамысловасці — 69 млн. 340 тыс. долараў ЗША ці 98,8% усяго экспарту раёна.
Выкананне раёнам асноўных прагнозных паказчыкаў у прамысловай галіне напрамую залежыць ад работы ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Вытворчасць прадукцыі на прадпрыемстве склала 1 трлн. 285 млрд. руб. (122,9%) да ўзроўню 2011 года, аб’ём інвестыцый — 47 млрд. 382 млн. руб. На заводзе складанае фінансавае становішча: назіраецца востры дэфіцыт уласных абаротных сродкаў, аплачваюцца ў асноўным першачарговыя плацяжы (газ, электраэнергія, працэнты па крэдытах банка і інш.). Крэдыторская запазычанасць на 1 снежня 2012 года 433,6 млрд. руб. (дэбіторская — 187,5 млрд. руб.). Запазычанасць па крэдытах — 466,1 млрд. руб.
На ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” вытворчасць прадукцыі склала 452,6 млрд. руб. (199,9%). Выпуск камбікармоў павялічыўся на 10,5%, а бялкова-вітамінна-мінеральных дабавак — на 14%. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі — 216,6 млрд. руб., прыбытак — 21,3 млрд. руб. Рэнтабельнасць продажу — 9,8%.
На ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” забяспечаны тэмп росту ў дзеючых цэнах 151,5%. Вытворчасць паліўных брыкетаў павялічана на 3,5%.
Дастаткова высокі рост аб’ёмаў вытворчасці на прадпрыемствах у аказанні паслуг — РКБА і ЖКГ, тэмпы росту адпаведна 161,9% і 197%.
Прамысловаму комплексу раёна неабходна забяспечыць у 2013 годзе даведзены індэкс фізічнага росту аб’ёмаў вытворчасці — 108% да ўзроўню папярэдняга года, захаваць рэнтабельнасць продажу не ніжэй чым у 2012 годзе, экспарт тавараў у раёне павінен скласці не менш чым 40% аб’ёму прамысловай вытворчасці.
Адным з важнейшых паказчыкаў ацэнкі работы суб’ектаў гаспадарання з’яўляюцца вынікі знешнеэканамічнай дзейнасці. За студзень-лістапад 2012 года аб’ём знешняга гандлю ў раёне склаў звыш 134 млн. долараў, экспарт больш 70 млн., імпарт 63,9 млн. долараў.
Невыкананне прагнознага паказчыка ў экспарце і сальда знешнегандлёвага абароту ў цэлым у раёне звязана, перш за ўсё, з тым, што летась значна знізіліся цэны на цукар. Так, калі ў 2011 годзе цана на яго на знешнім рынку складала 823,9 долараў за тону, дык у 2012-ым — 647,3 долараў. За 11 месяцаў летась на экспарт прададзена 102,2 тыс. тон цукру, што складае 135,9% да аналагічнага перыяду 2011 года. А выручка за рэалізацыю яго — 66 млн. 153 тыс. долараў (павялічылася ўсяго на 6,8%).
Акрамя цукровага завода экспартам займаюцца ў нас 8 суб’ектаў гаспадарання, аднак іх доля вельмі нязначная. Камбікормавым заводам у мінулым годзе павялічаны экспарт прадукцыі ў два разы, але ў абсалютных велічынях ён склаў усяго 183,7 тыс. долараў. У той жа час імпарт прадпрыемства перавысіў экспарт у 25 разоў. Гэта абумоўлена недастаткова эфектыўнай працай маркетынгавай службы.
Райспажыўтаварыствам на экспарт не пастаўлена ніводнай тоны плодаагародніннай прадукцыі і бульбы. Рыбгас “Сакалова” знізіў экспартныя пастаўкі. Аналагічныя прэтэнзіі можна прад’яўляць і іншым суб’ектам знешнеэканамічнай дзейнасці, асабліва прадпрыемствам малога бізнесу. Нягледзячы, што ў студзені-лістападзе 2012 года экспарт на гэтых прадпрыемствах павялічыўся больш чым у 2,2 раза, яго доля ў агульным аб’ёме экспарту раёна складае ўсяго 1%. На жаль, наш малы бізнес значна больш займаецца імпартам. Тым не менш, у 2013 годзе экспарт прадукцыі павінен павялічыцца на 15% (прадпрыемствы мясцовай і безведамаснай падначаленасці).
За студзень-лістапад 2012 года экспарт паслуг у раёне склаў 4,7 млн. долараў ці 128,9% да адпаведнага леташняга перыяду, а імпарт — 1,4 млн. долараў (больш чым у 4 раза). Станоўчае сальда 2,9 млн. долараў забяспечана ў першую чаргу санаторыем “Буг” (доля ў аб’ёме экспарту паслуг больш чым 87%) і прадпрыемствамі, якія аказваюць транспартныя паслугі. Рэзерв — экспарт будаўнічых паслуг, асабліва ва ўмовах скарачэння жыллёвага будаўніцтва на ўнутраным рынку.
У 2012 годзе раёну быў устаноўлены прагнозны паказчык у прыцягненні прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ў аб’ёме 3 млн. долараў. Фактычна ў эканоміку было прыцягнута 0,2 млн., што складае да задання толькі 6,7%. Усе інвестыцыі юрыдычных асоб безведамаснай падначаленасці. Планавалася, але ў сілу розных прычынаў застаўся нерэалізаваным шэраг інвестыцыйных праектаў. Слаба ў гэтым накірунку працавалі практычна ўсе службы райвыканкама і кіраўнікі раённых арганізацый.
Для выканання прагнозных паказчыкаў аб’ём інвестыцый у эканоміку раёна ў 2013 годзе павінен скласці 800 млрд. руб., у тым ліку 4 млн. долараў — прамых замежных.
Рознічны тавараабарот, у тым ліку грамадскае харчаванне, цераз усе каналы рэалізацыі за 2012 год склаў больш чым 322 млрд. руб., што ў супастаўных цэнах на 19,6% больш чым у 2011 годзе (прагноз 104,5%).
Развіццё спажывецкага рынку павінна быць накіравана на павышэнне ўзроўню гандлёвага абслугоўвання насельніцтва раёна і ў першую чаргу ў сельскай мясцовасці. У 2013 годзе рознічны тавараабарот у раёне патрэбна павялічыць на 8%.
Жабінкаўскі РКБА выканаў практычна ўсе даведзеныя яму прагнозныя паказчыкі і заданні. Аб’ём рэалізацыі бытавых паслуг у сельскіх населеных пунктах на душу насельніцтва ў 2012 годзе выкананы амаль на 135% (заданне — 77,1 тыс. руб., фактычна — 104,1 тыс.). Дасягнуты ўзровень у гэтым паказчыку больш чым у 3,7 разы перавышае сярэднеабласны.
За студзень-лістапад 2012 года прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна атрымана 273 млрд. руб. прыбытку ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ, паслуг, што амаль у 2,4 разы перавышае ўзровень адпаведнага леташняга перыяду. За 11 месяцаў мінулага года ў раёне няма стратных прадпрыемстваў.
Сярэднемесячная заработная плата летась у раёне склала 3 млн. 260 тыс. руб. і вырасла ў параўнанні з 2011г. амаль у два раза. Заданне выканана на 114%. Наш раён па ўзроўні заработнай платы займае трэцяе месца ў вобласці, саступаючы толькі гарадам Брэст і Баранавічы. Намінальная сярэднемесячная заработная плата ў 2013 годзе павінна скласці не меней 4 млн. 85 тыс. руб.
Свой уклад у развіццё эканомікі раёна ўносіць малы бізнес. На аднаго суб’екта малога бізнесу прыпадае 47,1 млн. руб. паступленняў, рост ад узроўню 2011г. — 146%. Безумоўна, гэтая сума нязначная, тым больш, што ў вобласці гэты паказчык склаў 140,3 млн. руб.
У сённяшніх эканамічных умовах з улікам ільгот і прэферэнцый, якія дае дзяржава, малы бізнес павінен дынамічна развівацца, ствараць новыя віды паслуг і вытворчасцяў, у тым ліку экспартна-арыентаваных, заваёўваць новыя рынкі збыту, ствараць высокі дабаўлены кошт і выплачваць работнікам афіцыйна (не ў канвертах) высокую заработную плату.
У 2012 годзе гаспадаркамі раёна выраблена сельгаспрадукцыі на 201 млрд. 112 млн. руб., у тым ліку раслінаводчай — на 83 млрд. 330 млн., жывёлагадоўчай — на 114,5 млрд. Рост аб’ёмаў вытворчасці забяспечаны на 10,8% да 2011 года. Усе сельгаспрадпрыемствы прыбытковыя, рэнтабельнасць — 18%. Між тым, нам сёння патрэбна не канстатацыя поспехаў, а аб’ектыўны аналіз прычын, якія стрымліваюць далейшае развіццё аграрнай галіны.
Звыш 8 тыс. тон збожжа атрымалі земляробы СВК “Хмелева” і ААТ “Жабінкаўскі”, больш чым 6 тыс. тон — СВК “Маціевічы” і ААТ “Ракітніца”. Добра працавалі з рапсам у СВК “Вазнясенскі”, СВК “Хмелева” і ААТ “Ракітніца”. У першым сельгас-прадпрыемстве атрымалі яго 540 тон пры ўраджайнасці 24,6 ц/га. Гэтага нельга сказаць пра такія гаспадаркі, як ПУАП “Азяты”, ААТ “Жабінкаўскі” і СВК “Рагазнянскі”, дзе ўраджайнасць гэтай культуры адпаведна 14,5, 16,5, 17 ц/га.
Як заўжды, асаблівая ўвага надавалася вырошчванню цукровых буракоў. Іх збор склаў 59,3 тыс. тон, што амаль на 13 тыс. больш чым у 2011 годзе. Ураджайнасць — 383 ц/га, на 76 ц больш. У асобных гаспадарках вынікі яшчэ вышэйшыя: у СВК “Вазнясенскі” — 600, у СВК “Хмелева” — 673 ц з гектара. Ужо два гады запар у СВК “Рагазнянскі” накопваюць больш чым 9 тыс. тон салодкіх каранёў. Гэта яшчэ раз сведчыць, што пры захаванні тэхналогій і жаданні, можна атрымліваць дастойныя ўраджаі і на такіх землях, як у рагазнянцаў. Добрыя вынікі і ў СВК “Маціевічы”, дзе з 316 га накапалі 11 533 тоны буракоў.
Аднак у рабоце раслінаводчай галіны ёсць і недахопы. Пэўную насцярожанасць выклікае стан спраў у вытворчасці збожжа ў СВК “Рагазнянскі”. Калі ў сярэднім сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна выхад яго з бала-гектара ў 2012г. склаў 112 кг, дык тут усяго 88, гэта самы нізкі паказчык. У той жа час, маючы аднолькавы бал ворыва, у СВК “Арэпічы” атрымалі 125 кг збожжа з бала-гектара. Безумоўна, СВК “Рагазнянскі” эканамічна і фінансава даволі моцная гаспадарка і ў жывёлагадоўлі займае вядучыя пазіцыі не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Аднак недапрацоўкі ў тэхналогіі вытворчасці збожжа не дазволілі забяспечыць запланаваных аб’ёмаў. Пры ўраджайнасці 27 ц/га ў гаспадарцы сабралі 4 360 тон яго. Калі б выйшлі на сярэднераённую, дадаткова атрымалі б яшчэ 1 600 тон, што было б добрай падтрымкай для кармавой базы.
Невысокія паказчыкі ў вытворчасці збожжа і ў ПУАП “Азяты” (ураджайнасць 29,7 ц/га). На гэта паўплывалі парушэнні ў тэхналогіі сяўбы, недахопы ў доглядзе за пасевамі, падборы папярэднікаў і шэраг іншых прычынаў. Аналагічныя тэхналагічныя хібы прывялі да таго, што больш ста гектараў ворыва ў СВК “Шпіталі” пуставалі. І гэта ў той час, калі летам у гаспадарцы былі вялікія праблемы з кармленнем дойнага статка. Тут і ў вытворчасці цукровых буракоў адзначаліся сур’ёзныя недахопы. Спадзяюся, што кіраўнікі і агранамічныя службы гэтых гаспадарак правядуць неабходную работу над памылкамі.
Асаблівая ўвага надавалася малочнай жывёлагадоўлі, таму што гэтая галіна прыносіць асноўны і штодзённы даход у касы сельгаспрадпрыемстваў. У 2012 годзе атрымана 52,4 тыс. тон малака, што на 12,7% вышэй леташняга ўзроўню. Высокія тэмпы росту вытворчасці ў СВК “Вазнясенскі” (27%), ААТ “Ракітніца” і СВК “Арэпічы” (па 25%), СВК “Рагазнянскі” (23%). Найвышэйшая прадуктыўнасць кароў у СВК “Рагазнянскі” — 7 026 кг. У СВК “Хмелева”, “Арэпічы”, ААТ “Ракітніца” надой на карову перавысіў 6-тысячны рубеж. Для параўнання: у СВК “Маціевічы” ад каровы надоена ўсяго 3 760 кг.
За кошт росту валавой вытворчасці малака і павелічэння таварнасці на 2,3% удалося павялічыць аб’ём продажу яго дзяржаве на 15,7%.
Летась у гаспадарках раёна вырашчана 4 565 тон жывёлы, што на 2,3% больш чым у папярэднім годзе. Рост вытворчасці мяса забяспечылі СВК “Арэпічы”, “Маціевічы”, “Вазнясенскі”, “Рагазнянскі”, ААТ “Ракітніца”. Рэалізацыя мяса на 100 га сельгасугоддзяў склала 95 ц ці 98% да ўзроўню 2011г.
Але і ў жывёлагадоўчай галіне нямала праблем. Толькі з-за рэалізацыі малака ніжэй базіснай тлустасці сельгасарганізацыі “згубілі” каля 4 тыс. тон малака ці 1,1 млрд. руб. выручкі. Знізілася якасць рэалізуемага малака гатунку экстра і вышэйшага на 5,1% і склала 76,8% пры заданні не менш чым 80%. Гаспадаркі недаатрымалі яшчэ 4,3 млрд. руб. Не забяспечана заданне па таварнасці малака — 90%. Нягледзячы на рост гэтага паказчыка, ён склаў 89%. Малочным камбінатам вернута гаспадаркам 105 тон малака, якое не адпавядала стандартам, з іх 47 — СВК “Шпіталі”, а гэта 140 млн. руб. Такім чынам, недаатрымана каля 7 млрд. выручкі ад рэалізацыі малака.
Між іншым, павышэнне якасці малочнай прадукцыі — адзін са шляхоў павышэння заробкаў работнікаў галіны. У сельгаспрадпрыемстве могуць частку выручкі ад рэалізацыі малака класу экстра накіроўваць на заробак работнікаў, занятых у яго вытворчасці. Напрыклад, у СВК “Рагазнянскі” на гэтыя мэты было выкарыстана 415 млн. руб., што дало магчымасць павысіць сярэднемесячны заробак даярак на 20%. І ён самы высокі ў раёне — 3 млн. 217 тыс. руб.
Аднак не ўсе гаспадаркі, у якіх ёсць сучасныя даільныя залы выкарыстоўваюць гэтую магчымасць і рэалізуюць малако гатункам экстра. Ніводнай тоны яго не паступіла на малаказавод з ПУАП “Азяты”, 82 тоны (1,4%) рэалізавала ААТ “Ракітніца”, 34 тоны (0,5%) — ААТ “Жабінкаўскі”. Вельмі нізкай якасці малако адпраўляецца перапрацоўшчыкам з СВК “Шпіталі” і “Маціевічы”, у 2012г. вышэйшым гатункам прададзена яго адпаведна толькі 37% і 44% .
У мясным цэху на 13% ці на 100 тон знізіла аб’ёмы вырошчвання ААТ “Жабінкаўскі”.
Страты ад непрадукцыйнага выбыцця і ад рэалізацыі жывёлы ніжэй сярэдняй укормленасці склалі летась 3,2 млрд. руб. Праблемным для сельгаспрадпрыемстваў раёна застаецца нарошчванне пагалоўя жывёлы. Прычына — высокае непрадукцыйнае выбыццё яе. Колькасць буйной рагатай жывёлы летась павялічылася толькі на 0,8% і склала 30 802 галавы, у тым ліку кароў — 9 900.
Не ўсё гладка і ў аднаўленні статка. За 2012 год атрымана 11 084 цялят, што на 168 менш чым у 2011 годзе. На сто кароў і цялушак выхад цялят скараціўся на 4 галавы і склаў 90, а ў СВК “Маціевічы” — усяго 61. Хібы ў жывёлаводчай галіне за паказчыкам “мёртванароджаныя цяляты”. Летась іх было 957, што на 22% больш чым у 2011 годзе.
Значны ўклад у вытворчасць сельгаспрадукцыі ўносяць фермерскія гаспадаркі. У іх распараджэнні 1 011 га зямлі, з якіх 720 — сельгасугоддзяў, у тым ліку 497 га — ворыва. У асноўным фермеры спецыялізуюцца на вырошчванні зерневых культур, бульбы, цукровых буракоў і агародніны. Пяць гаспадарак зай-маюцца вырошчваннем пладова-ягаднай прадукцыі. Пад гэтымі пасадкамі занята 180 га. Сабрана 412 тон яблык, 42 — парэчак і буякоў. Аб’ём вытворчасці прадукцыі, што атрымалі фермеры, павялічыўся на трэць у параўнанні з 2011г. Міжволі ўзнікае пытанне: “А куды ідзе вырашчаная прадукцыя?”. Зразумела, цукровыя буракі здаюцца на завод. Але чаму плады і ягады, бульбу не рэалізаваць на экспарт? У прыватнасці, гэта датычыцца не толькі фермерскіх гаспадарак, але і ўсіх сельгасарганізацый. Напрыклад, у нашых гаспадарках летась было накапана 6 712 тон бульбы, з іх перапрацавана і прададзена насельніцтву 1 532. Вывезена — 844 тоны, аднак ніводнай — за межы рэспублікі. Між іншым, атрыманыя ад экспарту фінансавыя сродкі не былі б лішнімі ні фермерам, ні сельгаспрадпрыемствам. Над гэтым пытаннем патрэбна працаваць ужо сёлета.
Што датычыцца фермераў, дык дзяржава аказвае ім усемагчымую падтрымку. Так, у Дзяржаўную комплексную праграму развіцця бульбаводства, агародніцтва і пладаводства на 2011-2015 гг. уключаны тры фермерскія гаспадаркі (“Влас”, “Мазовіч і К”, “Яквіл”). Тут за час дзеяння праграмы закладзены новыя сады і ягаднікі на плошчы 128,5 га. За 2011-2012 гг. з абласнога бюджэту выдаткавана дапамога фермерам у памеры 508 млн. руб., а з рэспубліканскага — 1 млрд. 886 млн. руб. Таму і аддачу чакаем ад іх яшчэ большую.
У 2012 годзе ў раёне ўведзена ў эксплуатацыю 8 138 кв. м жылля, пры заданні 5 000 ці 162,8%. Галоўнай будаўнічай арганізацыяй на Жабінкаўшчыне з’яўляецца ПМК-10. Аб’ём будаўніча-мантажных работ летась яна выканала на 47 млрд. руб., што складае 75,1% да 2011г., рэнтабельнасць — 15,4%. Выпрацоўка на аднаго чалавека — 256 млн. руб. Яна самая вялікая ў “Абл-сельбудзе”. Сярэднеспісачная колькасць работнікаў летась у арганізацыі была 187 чалавек, а ў 2011-ым — 263. Зніжэнню аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ і паслужыла ў першую чаргу скарачэнне жыллёвага будаўніцтва і недастатковасць крэдытных рэсурсаў.
У 2012 годзе ўстановамі адукацыі раёна праводзілася мэтанакіраваная работа ў якасным развіцці ўсёй сістэмы. З мэтай эканоміі бюджэтных сродкаў рэарганізаваны ДУА “Вежкаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы-сад — пачатковая школа” ў “Вежкаўскі дзіцячы сад”. Работа ў аптымізацыі сеткі будзе працягвацца і сёлета.
Умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя. Закуплена абсталявання на суму звыш 1 млрд. 273 млн. руб. Вядзецца мэтанакіраваная работа ў паляпшэнні даступнасці медыцынскай дапамогі ў амбулаторна-паліклінічных арганізацыях, дыспансерызацыя дарослага насельніцтва раёна. Сёлета неабходна правесці рамонты інфекцыйнага, фізія-тэрапеўтычнага і прыёмнага аддзяленняў, будынка моргу. Райвыканкаму  і кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў трэба клапаціцца пра забеспячэнне службовым жыллём медработнікаў вёскі, у тым ліку маладых спецыялістаў.
На працягу 2012г. установы культуры раёна правялі 2 859 масавых мерапрыемстваў (у тым ліку 651 канцэрт). Але самай значнай падзеяй у культурным жыцці Жабінкаўшчыны стала прызнанне заслуг калектыву народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”, які стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за 2012г.
Неабходна аптымізаваць сетку клубных устаноў і бібліятэк, шукаць новыя формы арганізацыі вольнага часу насельніцтва, асабліва моладзі, больш мэтанакіравана працаваць з народнымі і ўзорнымі калектывамі. Пасля прысваення хору ветэранаў “Тонус” звання народнага, у бліжэйшай перспектыве другіх прэтэндэнтаў на гэтае званне пакуль не прадбачыцца.
Асноўнай спецыялізаванай навучальна-спартыўнай установай для падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву ў раёне з’яўляецца дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Летась тут падрыхтавана 4 кандыдаты ў майстры спорту, 2 майстры спорту, 1 майстар спорту міжнароднага класу, 6 выпускнікоў займаюцца ў вучылішчы і цэнтры алімпійскага рэзерву.
Нармальна функцыянавала сістэма сацыяльнай абароны. На 1 студзеня 2013г. на ўліку ва ўпраўленні працы, занятасці і сацыяльнай абароны было 6 732 атрымальнікі пенсій (з іх 5 562 па ўзросту) і 167 — дапамог. Сярэдні памер пенсіі ў снежні 2012г. слаў у раёне 1 млн. 886 тыс. руб. Са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання 314 пажылым грамадзянам і інвалідам аказана матэрыяльная дапамога на агульную суму 66,1 млн. руб.
У раёне стабільная аператыўная абстаноўка. Назіраецца тэндэнцыя зніжэння колькасці злачынстваў ва ўсіх лініях служб на 42,6%. У крымінальным вышуку іх зменшылася на 41%, знізілася колькасць тых, што здзейснілі непаўналетнія, раней асуджаныя, асобы ў стане алкагольнага ап’янення, меней стала групавых, а таксама, што адбыліся ў грамадскіх месцах.
Удасканальвалася работа з насельніцтвам. Гэтаму пытанню надаецца асаблівая ўвага. Кіраўнік любога рангу павінен прымаць неабходныя меры, каб палепшыць умовы працы і жыцця насельніцтва, актыўна вырашаць найбольш значныя іх праблемы. У асноўным хвалююць грамадзян раёна пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі: водазабеспячэнне, будаўніцтва і рамонт дарог, газіфікацыя, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, атрыманне жылля, выдзяленне крэдытаў і субсідый на ўзвядзенне індывідуальных кватэр і дамоў. Аналіз зваротаў, з якімі звяртаюцца жабінкаўцы, дазваляе зрабіць вывад, што яны выкліканы як аб’ектыўнымі прычынамі (недахоп фінансавання, а за гэтым перанос тэрмінаў выканання работ), так і неналежным  рэагаваннем у арганізацыях, у кампетэнцыю якіх уваходзіць іх разгляд.
У 2013 годзе раён павінен забяспечыць выкананне наступных прагнозных паказчыкаў: тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал — 111,9%, аб’ём падрадных работ — 109%, экспарт тавараў — 115%, экспарт паслуг — 115%. Намінальная сярэднемесячная заработная плата — 4 млн. 085 тыс. руб., і гэта ўпаўне рэальны паказчык, таму што ўжо ў снежні 2012г. заробак у раёне быў 3,9 млн. руб.
Перад суб’ектамі гаспадарання раёна пастаўлена сур’ёзная задача комплекснай мадэрнізацыі вытворчасці. На ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” неабходна павялічыць да 2016 года агульныя вытворчыя магутнасці перапрацоўкі цукровых буракоў да 10 тыс. тон буракоў у суткі, ўзроўню, які забяспечвае аптымальную для кліматычных умоў краіны тэрмінаў, — 95-100 сутак. Галоўнай задачай застаецца эфектыўнасць продажу вырабленай прадукцыі. Пры далейшым зніжэнні вытворчасці цукру з сырцу неабходна кампенсаваць аб’ёмы за кошт штогадовага павелічэння сутачнай перапрацоўкі буракоў, а таксама  нарошчваць экспарт цукру, ідучы на  асваенне новых рынкаў, з умовай бяспошліннага ўвозу сырцу, яго перапрацоўкі і вывазу гатовай прадукцыі ў трэція краіны.
ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” у 2013г. павінен забяспечыць рэалізацыю інвестыцыйнага праекта будаўніцтва свінагадоўчага комплексу на 24 тыс. галоў і правесці мадэрнізацыю лініі гранулявання з заменай гранулятара. Для стабільнай работы трэба максімальна забяспечыць сябе ўласнай сыравінай, працягваць маркетынгавыя даследаванні замежных рынкаў у пошуку патэнцыяльных партнёраў для нарошчвання экспарту.
Перад ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” стаіць задача рэканструяваць кацельню з ператварэннем яе ў міні-ЦЭЦ на мясцовых відах паліва, а таксама працягваць работу ў забеспячэнні вытворчасці сыравіннымі рэсурсамі. Важна весці экспартныя пастаўкі паліўных брыкетаў з улікам кан’юнктуры цэнаў і рэнтабельнасці продажу, пры гэтым не забывацца, што галоўная функцыя прадпрыемства — рэалізацыя паліва насельніцтву і арганізацыям. Акрамя таго, з улікам абмежаванасці рэсурсаў сыравіны кіраўніцтву прадпрыемства патрэбна тэрмінова вырашаць пытанне аб перапрафіляванні завода на іншыя, перспектыўныя віды паліва.
У сельскагаспадарчай галіне неабходна сёлета атрымаць 63 тыс. тоны збожжа, 6 400 тон бульбы, 100 тон агародніны, 5 800 тон рапсу, 53 тыс. тон цукровых буракоў. Павелічэнне вытворчасці раслінаводчай прадукцыі плануецца дасягнуць за кошт натуральнай урадлівасці глебы, унясення арганікі і тукаў.
Ставіцца задача ў 2013 годзе давесці пагалоўе кароў да 10 500, атрымаць 56 400 тон малака, рэалізаваць 3 750 тон мяса, а ў цэлым, павялічыць аб’ём вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі не менш чым на 10%.
Да 2015 года мы павінны дасягнуць яшчэ больш важкіх вынікаў. Згодна праграмы мадэрнізацыі сельскагаспадарчых арганізацый раёна, зацверджанай рашэннем аблвыканкама, прадугледжана ў недалёкай перспектыве выйсці на выручку ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі на аднаго працуючага ў 44,2 тыс. долараў. У сувязі з гэтым ужо сёлета неабходна працягваць рэканструкцыю 10-ці малочнатаварных ферм і распачаць будаўніцтва малочнатаварнага комплексу на 765 галоў у СВК “Маціевічы”, каб да 2015 года давесці пагалоўе буйной рагатай жывёлы да 36 560 галоў, у тым ліку кароў — 12 175, даіць ад кожнай каровы 6 757 кг малака.
Да 2015г. у мясной жывёлагадоўлі неабходна рэалізоўваць мяса да 5,5 тыс. тон, а з улікам свініны да 8 тыс. У раслінаводчай галіне наступныя арыенціры: сабраць 72,8 тыс. тон збожжа, 6,8 тыс. тон рапсу, 67,5 тыс. тон цукровых буракоў і 7,5 тыс. тон бульбы.
Сёлетні год Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлены Годам беражлівасці. Гэта будзе садзейнічаць удасканаленню вытворчасці, павышэнню прадукцыйнасці працы, якасці прадукцыі і паслуг за кошт аптымізацыі расходаў, рацыянальнаму выкарыстанню рэсурсаў, выключэнню неабгрунтаваных страт, у першую чаргу шляхам мадэрнізацыі, укараненню новых тэхналогій, тэхнікі і метадаў гаспадарання. У студзені г.г. рашэннем аблвыканкама зацверджаны план адпаведных мерапрыемстваў, якія, у прыватнасці, накіраваны на выхаванне ў кожнага пачуцця гаспадарання, стымулявання эканоміі і беражлівасці як на сваіх рабочых месцах, так і ў паўсядзённым жыцці.
Хачу звярнуцца да кіраўнікоў і адказных за ідэалагічную работу ў працоўных калектывах. У першую чаргу менавіта ад вас залежыць рашэнне праблем на мясцовым узроўні, якія часам патрабуюць не столькі фінансавых сродкаў (яны таксама неабходныя), колькі клопату і ўвагі да простых людзей, забеспячэння ім сацыяльных гарантый. Патрэбна пастаянна сустракацца з імі, умець выслухаць, даць праўдзівы і аб’ектыўны адказ на хвалюючыя пытанні. Ад вас залежыць дабрабыт, настрой людзей, іх адносіны да працы, да сваіх калег і, нарэшце, да дзеючай улады.
Дзякуй усім за працу ў мінулым годзе і новых поспехаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top