Імя, што яднае народы

Імя, што яднае народы

Ужо шмат гадоў напачатку лютага Жабінкаўшчына вітае гасцей з замежжа. Яны прыязджаюць у Касцюшкавы мясціны, каб аддаць даніну павагі слыннаму нараджэнцу нашай зямлі славутаму генералу Андрэю Тадэвушу Банавентуру Касцюшку.

Сёлета святкаванні распачаліся 1 лютага ў Жабінцы, калі ў кінатэатры “Юбілейны” прайшоў кіналекторый для вучняў першай гарадской школы. Юныя жабінкаўцы паглядзелі дакументальную відэастужку, даведаліся пра шчыльныя повязі Тадэвуша Касцюшкі з жабінкаўскай зямлёй, а затым з ахвотай адказалі на пытанні віктарыны, прысвечанай жыццю і дзейнасці вядомага ва ўсім свеце чалавека.

У наступны дзень паводле даўняй традыцыі ў раён завіталі дэлегацыі Польскага і Брэсцкага фондаў, што носяць імя Т.Касцюшкі. Жабінкаўцы сустракалі гасцей незвычайным музычным падарункам: у выкананні выкладчыкаў Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Наталлі Грэцкай і Вольгі Супрун у засені ліп Касцюшкавага парку ўпершыню праз стагоддзі прагучалі мелодыі паланеза, створанага генералам у 1792 годзе.

Кіраўнікі фондаў доктар Марэк Кшэсняк і кандыдат гістарычных навук Леанід Несцярчук усклалі кветкі да помніка ля будынка Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, пазнаёміліся з ягонай экспазіцыяй, парадаваліся поспехам жабінкаўцаў, якія шчыра клапоцяцца аб сваёй гістарычнай спадчыне.

Дырэктар музея Сяргей Дзямідаў з удзячнасцю прыняў з рук пана Кшэсняка і археолага Адрыяна Пагужэльскага знаходкі з мясцінаў бітваў, дзе ўдзельнічаў кіраўнік паўстання 1794 года. Цяпер у наведвальнікаў нашага музея з’явілася ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з сапраўднымі рэчамі ХVIII стагоддзя, якія навукоўцы адшукалі на палях, палітых крывёю воінаў.

У панядзелак, 4 лютага з нагоды Касцюшкавых народзін Жабінкаўшчыну наведалі консул Польскай Рэспублікі Станіслаў Жарчынскі і генеральны консул Украіны Алег Мысык. Дыпламаты выказалі вялікае спадзяванне, што сяброўства паміж народамі краін-суседак будзе мацнець год ад году, як пра тое марыў некалі Касцюшка. Пасля наведвання музея, створанага ў сямейным гняздзе слаўнага роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, госці накіраваліся ў вёску Чыжэўшчына — да мемарыяльнай капліцы, якая захоўвае памяць аб удзельніках Крупчыцкай бітвы.

Ад імя мясцовых уладаў карзіны з кветкамі ў мемарыяльных Касцюшкавых мясцінах усклалі намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк, начальнік аддзела культуры Васіль Чапялевіч, старшыні Сцяпанкаўскага і Ленінскага сельвыканкамаў Мікалай Ягорчанкаў і Юрый Кадоліч.

Святочныя мерапрыемствы працягнуліся ў Івацэвіцкім раёне, дзе да прадстаўнікоў дыпламатычных місій Польшчы і Украіны далучыліся дэлегацыі іншых краін і народаў, паяднаных імем Касцюшкі.

Анатоль БЕНЗЯРУК.

На здымку: 4 лютага ў Касцюшкавых Сяхновічах пад час шанавання пана Тадэвуша.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top