Палітыка прадпрыемства — стаўка на моладзь

Палітыка прадпрыемства — стаўка на моладзь

Штогод “працоўны канвеер” папаўняюць тысячы маладых спецыялістаў. Нехта вяртаецца працаваць на сваю маленькую радзіму, іншых чакае размеркаванне ў новую мясціну, якая на два гады стане абавязковым для яго месцам жыхарства. Далейшы лёс навічка залежыць ужо ад таго, як наладжана на прадпрыемстве праца з маладымі спецыялістамі і наколькі спрыяльнымі будуць умовы знаходжання на новым месцы. У ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” распрацаваны комплекс мер, якія павінны зацікавіць моладзь, садзейнічаць іх замацаванню на рабочых месцах. Пра гэта і пойдзе размова з дырэктарам ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” Уладзімірам Мікалаевічам Дземідзюком.

— Ведаю, колькасць маладых працаўнікоў на прадпрыемстве штогод паступова павялічваецца. Гэта своеасаблівая палітыка прадпрыемства?

— Як гаворыцца, будучыня за маладымі. Зараз на прадпрыемстве працуе 55 чалавек ва ўзросце да 31 года. З іх 13 спецыялісты, астатнія — кадры рабочых прафесій. Увогуле моладзь у арганізацыі складае 37 працэнтаў ад агульнай колькасці працаўнікоў. І мы маем намер далей павялічваць долю моладзі ў вытворчым працэсе. Большасць яе прыходзіць да нас пасля заканчэння адукацыйных устаноў, як правіла пасля прафесійна-тэхнічных ліцэяў, 12 нашых працаўнікоў атрымалі сярдне-спецыяльную адукацыю, 5 — былыя студэнты ВНУ. Многія працягваюць навучанне, і мы гэтаму імкнёмся садзейнічаць. Завочна навучаюцца ў вышэйшых і сярэдне-спецыяльных установах 4 маладыя працаўнікі, ім даецца сацыяльны водпуск на перыяд сесіі. А некаторыя ўвогуле атрымліваюць магчымасць узяць водпуск з захаваннем заработнай платы.

Словам, стараемся ствараць спрыяльныя ўмовы для прафесійнага росту маладых спецыялістаў, прыслухоўваемся да іх думак і ідэй наконт дзейнасці прадпрыемства. Многія з іх займаюць кіруючыя пасады. Акрамя таго ў нас ёсць рэзерв кадраў. З 7 кандыдатаў для ўключэння ў яго 2 чалавекі не дасягнулі яшчэ ўзросту 31 года.

— Як пастаўлена ў вас работа з маладымі спецыялістамі, што прыходзяць паводле размеркавання? Як дапамагаеце ім адаптавацца да новага месца працы?

— За апошнія 5 гадоў у арганізацыю прыйшлі 9 маладых спецыялістаў, а пакінулі яе два. У аднаго закончыўся тэрмін адпрацоўкі абавязковага тэрміну, а другога прызвалі ў армію на тэрміновую службу. Самым “багатым” на маладых спецыялістаў стаў 2011 год, калектыў папоўніўся 6 чалавекамі.

Практыкуем сістэму настаўніцтва, калі за кожным маладым спецыялістам замацоўваецца высокакваліфікаваны работнік. Гэта садзейнічае прафесійнаму станаўленню, дапамагае адаптавацца да новай дзейнасці. З мэтай далейшай перспектывы вывучаем патэнцыяльныя магчымасці кожнага новага працаўніка, даручаем ім адказныя справы. Усім маладым спецыялістам даюцца кампенсацыі і льготы, прадугледжаныя заканадаўствам.

— Ці не адчуваецца на прадпрыемстве дэфіцыт кадраў? Што вы робіце для таго, каб яны змаглі замяніць ў будучым працаўнікоў шаноўнага ўзросту?

— Пакуль нам не ўдалося пазбавіцца “цякучкі” іх і недахопу высокаквафікаваных рабочых. За апошнія два гады далі мэтавыя накіраванні 6 выпускнікам сярэдніх і базавых школ, а таксама заключылі 12 дагавораў на падрыхтоўку працаўнікоў з установамі, якія рыхтуюць спецыялістаў па прафесійна-тэхнічнаму профілю.

Да 2015 года нам трэба падрыхтаваць як мінімум 12 работнікаў, якія заменяць людзей пенсійнага ўзросту. Гэта вадзіцелі, слесары, электрагазазваршчыкі, токары, цесляры і інш.

— Ці практыкуеце, як сродак матывацыі моладзі да добрасумленнай працы, заахвочванне за поспехі ў працоўнай дзейнасці граматамі і грашовымі прэміямі?

— Чаму ж не. Калі працаўнік добра выконвае пастаўленыя перад ім задачы, паказвае высокія вынікі ў рабоце, вядома ж, заахвочваем. Летась за высокія паказчыкі на хімахоўных работах прэміяй заахвочаны трактарыст-машыніст Ігар Шаўчук. Да Дня моладзі каштоўнымі падарункамі ўзнагародзілі намесніка дырэктара па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Аляксандра Саковіча і інжынера-тэхнолага Аляксандра Ермакова.

— А як ваша моладзь адпачывае? Якая работа праводзіцца на прадпрыемстве па арганізацыі вольнага часу моладзі?

— Перш за ўсё — гэта спартыўна-масавая работа. Штогод выдзяляюцца грошы на новую спартыўную форму, спартыўны інвентар. У нас ёсць інструктар фізкультурна-аздараўленчай работы, які рыхтуе каманду для ўдзелу у раённых і занальных спартыўных спаборніцтвах. Актыўна прымаем удзел у спартакіядзе сярод працоўных калектываў, раённым чэмпіянаце па футболе, лыжных гонках, турыстычным злёце.

Тры працаўніка сельгастэхнікі ўваходзяць у склад добраахвотнай дружыны “Моладзевы атрад аховы правапарадку імя А.Д. Дзмітрука”, за ўдзел у грамадскай дзейнасці ім даюцца дадатковыя дні да працоўнага водпуску.

Інтэрв’ю брала Дар’я ПАДАЛІНКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top