Аднойчы праз 20 гадоў…

Аднойчы праз 20 гадоў…

Нядаўна, напэўна ў соты ра, паглядзеў любімы фільм “Аднойчы праз 20 гадоў” з непаўторнай Наталляй Гундаравай у галоўнай ролі. На простае пытанне: “Куды ты знікла, Надзейка? Кім працуеш?” — гераіня шчыра адказала: “Я “працую” матуляй!” — І ўся засвяцілася ад сонечнай усмешкі. Такое ж святло не аднойчы пад час нашай размовы прамянілася ў вачах Яўгеніі Алейнікавай.

У Жэніных успамінах захаваліся малюнкі нетаропкага вясковага жыцця. На радзіму айчыма ў Ёжыкі мама прывезла чатырохгадовую дачку з далёкай Макееўкі, дзе неба капцілі шматлікія заводы і вугальныя шахты. Каб зберагчы малой здароўе, сям’я перабралася з украінскага горада ў беларускую вёсачку.

Цяпер ужо не кожны згадае: некалі ў Ёжыках была пачатковая школа. Пра яе, як і пра першую настаўніцу Настассю Фёдараўну Фядынка, у Яўгеніі таксама засталіся самыя светлыя ўспаміны. Па далейшыя навукі давялося “перайсці праз дарогу” — у пасёлак Ленінскі.

Там дваццаць гадоў назад Жэня закончыла адразу дзве навучальныя ўстановы: сярэднюю і музычную. Акардэон у яе руках гожа гучаў на школьных вечарынах і канцэртах. З творчасцю не хацелася развітвацца і пасля апошняга званка. Але замест музычнага вучылішча паступіла ў мастацкае, каб стаць мастаком роспісу па дрэве. А праз гады (так склалася) уладкавалася на працу прадаўцом. Жыццё ішло сваёй нетаропкай хадой, але не хапала ў ёй нечага надзвычай важнага.

— Хацелася аддаць некаму свае нерастрачаныя любоў і пяшчоту, — прызнаецца жанчына. — Хата вялікая, утульная, ды не хапала ў ёй дзіцячых “спеваў”. Вырашыла стаць прыёмнай маці. Гэта было напрыканцы 2009 года. Параілася з матуляй Любоўю Васільеўнай і айчымам Пятром Андрэевічам Пісарчуком, яны падтрымалі маю ідэю. Больш года спатрэбілася, каб падрыхтаваць дакументы, закончыла спецыяльныя курсы для прыёмных бацькоў. Хацела ўзяць да сябе дзіця чатырох-пяці гадоў. Але…

Тут яна спынілася, паглядзела на Ірынку, што гулялася побач. (Сёння гасцей у доме сустракае вялікая колькасць цацак і маленькая дзяўчынка з блакітнымі вочкамі)…

У жыцці здараецца нярэдка, калі ў мары ўмешваецца Яго вялікасць выпадак. Гэтым выпадкам быў званок з аддзела адукацыі райвыканкама ад Наталлі Міхайлаўны Андрасюк:

— Жэня, ёсць трое немаўлятак…

Ірынцы быў толькі тыдзень. Дзяўчынку маглі аддаць у прытулак у Пінск, але пасля нараджэння яна хварэла, ляжала ў абласной дзіцячай бальніцы. І Яўгенія зазбіралася ў Брэст. Штодня ездзіла да маленькай, бо і сэрцам да яе пацягнулася.

Дзяўчынку выпісалі з бальніцы 5 студзеня 2012 года, і першае сваё Раство Ірынка сустракала ўжо ў новай хаце, дзе ўсе былі ёй радыя.

Яна падбегла да нас, жывая, усмешлівая, і паказала фатаздымак, нешта зашчабятала на сваёй мове, зразумелай толькі маме.

— Гэта яна вам хоча паказаць сваю сяброўку, — “пераклала”-растлумачыла жанчына. — Каця, дачка майго брата Андрэя, жыве ў Кобрыне, яна ўсяго на тры тыдні старэйшая за Ірынку. 2 студзеня на дні нараджэння Пятра Андрэевіча, яны так цікава віншавалі дзядулю з 65-годдзем. Бачу, як мае бацькі прывязаліся да маленькай.

Спыталіся, як прыёмная маці адчувае сябе на такой незвычайнай працы.

— Яна хоць і нялёгкая, але вельмі прыемная. У матулі ж ненарміраваны працоўны дзень. Даглядаю, прыбіраю, шыю для яе. Працую на паўстаўкі, а люблю на цэлых сто ставак!

Летась за тыдзень да Вялікадня яе пахрысцілі ў Азяцкай царкве. Хроснаю стала сяброўка Яўгеніі Ірына Анатольеўна Кладніцкая, настаўніца малявання ў Брэсце, сама шматдзетная маці.

— У нас вельмі таленавітая “другая мама”. Пад Новы год хросная Ірына прывезла безліч падарункаў: ляльку і паравоз, машынку і саладосці, але галоўнае — сваю пяшчоту да хрэсніцы Ірынкі.

З вялікім задавальненнем жанчына пералічвала жыццёвыя поспехі дзяўчынкі: роўна ў годзік — першыя самастойныя крокі, зараз ужо сёмы зуб з’явіўся, цудоўна адчувае музыку, любіць спяваць і кружыцца ў танцы.

… Аднойчы праз дваццаць гадоў аднакласнікі сустрэнуцца ў роднай Ленінскай школе. Канечне, будзе безліч вясёлых успамінаў, і на пытанне пра сябе Яўгенія можа адказаць шчыра словамі кінагераіні…

Анатоль БЕНЗЯРУК.

На здымку: Яўгенія Алейнікава з Ірынкай.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top