Сонейкі на вуліцы Сасновай

Сонейкі на вуліцы Сасновай

У прыгожым прасторным доме сям’і Панасюкоў заўжды ўтульна і светла. Светла, таму што ў таты Сяргея і мамы Юліі падрастаюць ажно тры сонейкі: Анастасія, Іван і Міхаіл! Сваімі праменьчыкамі ўсмешак і маленькіх штодзённых адкрыццяў яны робяць бацькоў яшчэ больш шчаслівымі. А мама з татам стараюцца, каб дачушка і сыночкі раслі ў любові і пяшчоце, якіх з ліхвою хапае на ўсіх!
— Калі 16 гадоў таму ўпершыню сустрэў Юлію, адразу падумаў: будзе маёй! — узгадвае галава сям’і Сяргей. — Не памыліўся: яна стала самай лепшай спадарожніцай па жыцці, матуляй, гаспадыняй. Дзе Юлечка — там утульнасць, пяшчота, давер і дабрыня.
— Ды з такім мужам — клапатлівым і любячым сваю сям’ю — інакш і быць не можа! — падхоплівае Юля. — Ты ў нас — сямейны геній, апора і падтрымка!
Рукамі гаспадара (хоць ён не будаўнік, а вадзіцель) пабудаваны дом на вуліцы Сасновай. Разам з жонкай, што працуе медсястрой у бальніцы, абмяркоўвалі інтэр’ер, распрацоўвалі дызайн падворка. Дзеці таксама не сядзяць склаўшы рукі — нават трохгадовы Міша хапаецца за газонакасілку, побач з татам забівае цвікі і любіць гуляцца шрубавёртам — будучы будаўнік расце! Сярэдні Іван — мысліцель. Ён шмат чытае, захапляецца разьбой па дрэве і ўдзельнічае ў навукова-практычных канферэнцыях. Нядаўна на раённай заняў першае месца з дакладам пра ўласцівасці солі. Старэйшая дачка таксама добра вучыцца, любіць рукадзельнічаць, шыць мяккія цацкі, хораша чытае вершы, спявае ў дзіцячым царкоўным хоры. З гонарам Насця расказвае, як мама-фларыст упрыгожвае кветкамі Свята-Пакроўскі храм.
У сям’і Панасюкоў ёсць свае традыцыі: пасля нядзельнай службы ў храме ў добрае надвор’е адпраўляюцца разам на рыбалку ці пагуляць па лесе — і Мухавец, і лес побач! На святы ў доме смачна пахне пірагамі і гучыць дзіцячы смех.
— Якое гэта шчасце, калі табе насустрач бягуць дзеці, абдымаюць, расказваюць-шчабечуць пра падзеі дня — стому пасля работы як рукой здымае! — дзеліцца тата Сяргей.
У чым сакрэт сямейнага шчасця, на думку Панасюкоў? У яго многа складнікаў. У мамы гэта павага і давер, у таты — уменне прамаўчаць, у Івана — вера, у Анастасіі — пяшчота, а ў маленькага Міхаіла — салодкае марожанае. У нядзелю яны збяруцца ўсе разам за святочным сталом з выдатнай двайной нагоды: адзначыць Дзень сям’і і Дзень медыцынскай сястры. Абавязкова будуць пірагі, смажаныя шашлыкі і марожанае. А яшчэ — цюльпаны для любімай мамы!
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top