Хто вінаваты ў дзіцячай хлусні?

Хто вінаваты ў дзіцячай хлусні?

Бацькі часта злуюцца, калі дзеці хлусяць, асабліва калі гэта навідавоку. Нават твар дзіцяці выдае гэта.

Мабыць, няма на свеце чалавека, у якога не ўзнікала б пытання: чаму дзеці абманваюць? Сумленнасць уваходзіць у набор рысаў, якія бацькі імкнуцца прывіць падрастаючаму пакаленню, а таму кожны выпадак хлусні нас вельмі засмучае. Трэба памятаць, што, калі дзеткі робяць гэта пастаянна, то потым ім будзе вельмі складана спыніцца. Дык хто ж вінаваты ў такіх паводзінах хлопчыкаў і дзяўчынак?

Праблема ў тым, што яны рэдка хлусяць не з-за нейкай адной прычыны, звычайна гэта цэлы комплекс матываў: жаданне пазбегнуць пакарання, страх знявагі, нежаданне стаць даносчыкам, абарона сяброў. Маленькі чалавек здзяйсняе такі ўчынак тады, калі ў яго няма даверу да дарослага. Гаворыць няпраўду, таму што баіцца пакарання. У гэтым вінаватыя самі дарослыя, якія вельмі хуткія на расправу з дзецьмі. Малы, які замучаны пастаяннымі павучаннямі, натацыямі і крыкам, пачынае абманваць, каб паказаць сябе, свае паводзіны з лепшага боку. Абман робіцца для яго асаблівым ахоўным механізмам.

Напрыклад, дачка збіраецца пайсці вечарам у магазін з сяброўкай, якая неаднойчы была заўважана ў дробных крадзяжах. Заранёў ведаючы, бацькі не дазволяць гэтага, яна пытаецца: “Можна, я пайду вечарам да Машы. Мы разам будзем рыхтаваць рэферат па гісторыі?”. Калі вашы адносіны з дачкою пабудаваны так, што вы пастаянна не дазваляеце ці забараняеце ёй тыя ці іншыя паводзіны, то хутчэй за ўсё вы дазволіце ёй зрабіць гэта. Калі вам не ўласцівы дазваляльна-забараняльны стыль адносін, тады вы скажаце прыкладна наступнае: “Я рада, што ты паведаміла мне аб гэтым”. У такім выпадку тата ці мама не вышукваюць хлусні ў дзіцяці, а пакідаюць яго адзін на адзін з ёю Цяпер дачка адправіцца па сваіх справах і ведае, што ёй зусім неабавязкова абманваць вас.

Бацькі не павінны задаваць дзіцяці пытанняў, якія падштурхнуць яго да абману з мэтай сацыяльнай абароны. Дзеці не любяць пытанняў-лавушак. Напрыклад, са школы патэлефанавалі і папыталіся, чаму Саша не з’явіўся сёння ў класе. Калі вы спытаецеся ў яго так: “Ну, як сёння ў школе?”. Гэта значыць, вы спецыяльна падштурхоўваеце на хлусню. Эфектыўней будзе такое выказванне: “Сёння тэлефанавалі са школы, каб даведацца, чаму ты не быў на занятках”.

Прычынай дзіцячай хлусні можа быць і страх расчараваць дарослых. Дзіця стараецца ва ўсім адпавядаць іх патрабаванням. Чакаючы ад малышні, што яны хораша будуць сябе паводзіць, мы несвядома аказваем на іх моцны псіхалагічны ціск. Калі дзеці не апраўдваюць чаканняў дарослых, то адчуваюць, што ў іх няма другога выйсця, як толькі абмануць. Не навучайце дзяцей гэтаму.

Мы самі часта абманваем сваіх нашчадкаў. “Ідзі пагуляй. Я тут побач пасяджу”, — гаворыць мама хлопчыку, які плача. А сама пакідае яго ў дзіцячым садзіку на ўвесь дзень. Ён, канечне, хутка супакоіцца і вечарам кінецца насустрач маме, але ў глыбіні душы застанецца ўжо адмеціна: “Мяне кідаюць”. “Заўтра мы пойдзем з табою ў кіно”, — можа сказаць тата і… забыць. А ў дзіцяці другая адмеціна: “Абяцанняў не выконваюць”.

Галоўная парада бацькам — няхай малое ведае і адчувае, што вы яму верыце. Няўдачы ў эмацыянальным жыцці, адсутнасць даверу да навакольнага свету, негатыўнае самаадчуванне, разлад у адносінах з бацькамі, настаўнікамі, равеснікамі падштурхоўваюць дзіця да хлусні.

Вольга КАСКО.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top