Спаборнічалі юныя вернікі-інтэлектуалы

Спаборнічалі юныя вернікі-інтэлектуалы

Каманда «Пакроў» у складзе Iллі Швайкі, Кацярыны Сакалоўскай, Ганны Мясніковай, Кацярыны Клочка, Юліі Петрусевіч з моладзевага брацтва ў гонар святога Кірылы Тураўскага прыняла ўдзел у зімовай інтэлектуальнай гульні “Шчыт веры”.

Дарэчы, гэтая гульня ўжо ўпадабанае мерапрыемства для моладзі, якая цікавіцца пытаннямі веры, гісторыі Царквы, тэалогіяй. Яна не толькі спосаб узбагаціць веды, абудзіць цікавасць да той ці іншай тэматыкі сярод удзельнікаў праваслаўных моладзевых аб’яднанняў. Дзякуючы ёй умацоўваюцца сувязі паміж праваслаўнымі брацтвамі і, наогул, сучаснай моладзі. А яшчэ гэта свайго роду місіянерства. “Шчыт веры” традыцыйна праходзіць два разы ў год: зімовая гульня — у Мінску, а вясновая — у Гродне.

Сёлетняя зімовая гульня адбылася 20 студзеня ў “Доме Масквы”, што ў Мінску. Яна была арганізавана аб’яднаннем моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы пры падтрымцы Прадстаўніцтва ГБУ “Дом Масквы” ў Беларусі, прыходам Свята-Петрапаўлаўскага сабора Мінска, місіянерскага аддзела Мінскай епархіі, Свята-Нікольскага моладзевага брацтва і Клуба праваслаўных следапытаў. Высокае журы ўзначальвалі протаіерэі Георгій Арбузаў і Аляксандр Ледаховіч, арганізатар і ідэйны натхняльнік гульні.

У зімовых інтэлектуальных спаборніцтвах, тэмай якіх сталі “Хрысціянскія матывы ў творах рускай літаратуры XVIII-XX ст.ст.”, акрамя нашай, прынялі ўдзел каманда “ICHтэолагі” Моладзевага брацтва Уладзіміра Хіраскі, Цэнтра духоўнай асветы і сацыяльнага служэння «Усіх тужлівых Радасць», гістарычнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа, “Дабравест” Моладзевага цэнтра пры Свята-Серафімаўскім прыходзе Мінска, “КІТ” Інстытута тэалогіі БДУ, якая і стала пераможцай гульні. Усім удзельнікам яе былі ўручаны сертыфікаты.

Каманда з Жабінкі заваявала сэрцы ўдзельнікаў і гледачоў. Члены Высокага аэрапага адзначылі выдатную і згуртаваную гульню “Пакроўцаў”. Мы, дарэчы, плануем прыняць удзел у вясновай гульні “Шчыт веры”, якая павінна прайсці ў маі сёлета.

Юлія ПЕТРУСЕВІЧ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. У вас вельмі цікавае духоўнае жыццё моладзі! Добра наладжана работа. Малайцы! Далейшых поспяхаў і Божага бласлаўлення!

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top