«Патрэбна зладжаная работа каманды…»

«Патрэбна зладжаная работа каманды…»

“Любая прамысловасць патрабуе асаблівай увагі, гаспадарчай рукі, а таксама самааддачы і неабыякавых адносін да справы. Толькі, калі ты будзеш адносіцца да прадпрыемства, як да свайго “дзіцяці” — праца будзе ладзіцца, а завод — паспяхова функцыянаваць, — лічыць дырэктар ААТ “Торфабрыкетны завод Гатча-Осаўскі” Мікалай Уладзіміравіч Бортнік, працоўны стаж якога на прадпрыемстве ўсяго на некалькі гадоў меншы за ўзрост самога завода. Пад яго пільным вокам і прафесійным кіраўніцтвам калектыў заўсёды перавыконвае гадавыя вытворчыя заданні, а за 20 гадоў дырэктарства Мікалая Уладзіміравіча прадпрыемства ніколі не было стратным. Напярэдадні 60-гадовага юбілею, які для кожнага мужчыны — асаблівая падзея, раскажу пра Мікалая Уладзіміравіча, як прафесійнага кіраўніка, сумленнага работніка прамысловасці, які з майстра “вырас” да дырэктарскай пасады, і ўвогуле простага чалавека, у якога ёсць сям’я, дзеці і ўнукі, а таксама перадаць думкі, якімі ён пагадзіўся падзяліцца з чытачамі “Сельскай праўды”.

Біяграфія Мікалая Уладзіміравіча не можа быць адасобленай ад летапісу прадпрыемства, якому ён прысвяціў 37 гадоў свайго жыцця. Вёска Падбур’е Камянецкага раёна, дзе ён нарадзіўся і вырас, захоўвае яго дзіцячыя ўспаміны. Пазней другой маленькай радзімай стала для яго Жабінкаўшчына. Пасля заканчэння дзесяцігодкі юнак паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут. Навука яму давалася без асаблівай цяжкасці, таму па заканчэнні ўстановы яго сярэдні бал быў самы высокі сярод сакурснікаў. А значыць, ён меў першачарговае права на размеркаванне. Аднак пра яго Мікалай на той час зусім не думаў. Душа рвалася на армейскую службу. Размеркавалі Мікалая Уладзіміравіча ў Віцебскую вобласць на торфабрыкетны завод “Асвейскі”. Аднак там ён адпрацаваў усяго месяц, пасля чаго пераразмеркаваўся ў “Гатча-Осаўскі”.

— Памятаю, як упершыню прыехаў на завод, — успамінае Мікалай Уладзіміравіч. Дырэктарам на той час быў Рамуальд Паўлавіч Путырскі. Ён расказаў мне гісторыю прадпрыемства, паказаў, што нягледзячы на невялікі ўзрост, завод меў ужо нямала ўзнагарод. Шэсць разоў калектыў прадпрыемства выходзіў пераможцам рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва. А ў 1976 годзе быў узнагароджаны пераходным Чырвоным Сцягам ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ. Першае ўражанне было вельмі добрым, маладое прадпрыемства вабіла перспектывамі. А я быў маладым і поўным сіл, імкненне да працы пераадольвала ўсё.

Завод запушчаны ў эксплуатацыю ў 1969 годзе, меў першапачатковую магутнасць 50 тысяч тон прадукцыі ў год. У 1975-ым, у той жа час, калі на прадпрыемства прыйшоў зменным майстрам Мікалай Уладзіміравіч, з мэтай павелічэння аб’ёмаў вытворчасці і якасці прадукцыі была праведзена рэканструкцыя. З гэтага часу завод пачынае нарошчваць аб’ёмы выпуску тарфяных брыкетаў, а Мікалай Уладзіміравіч уздымацца па кар’ернай лесвіцы. 3,5 гады працаваў ён начальнікам брыкетнага цэха, пасля чаго быў пераведзены на пасаду галоўнага інжынера, якую займаў 13 гадоў. А ў 1992 годзе яго назначылі дырэктарам торфабрыкетнага завода “Гатча-Осаўскі”.

— З таго часу многае перамянілася — і магутнасць, і тэхналогіі, значна палепшылася культура вытворчасці. Больш чым за саракагадовы тэрмін дзейнасці заводам было выраблена каля 4 мільёнаў тон торфабрыкетнай прадукцыі. Зараз у нашай рэспубліцы працуе 24 торфабрыкетныя прадпрыемствы, якія розныя па магутнасці. Наш завод сярод іх знаходзіцца недзе ў сярэдзіне. Па ўзроўні зарплаты, вытворчасці, стану тэхналагічнага забеспячэння мы ўваходзім у першую дзясятку торфабрыкетчыкаў. Асноўная частка прадукцыі завода, а гэта 75 працэнтаў ад агульнага аб’ёму вытворчасці, пастаўляецца гарадскім і раённым арганізацыям, занятым у сферы збыту паліва — гарпалівазбытам і райпалівазбытам. Большасць іх знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці, а таксама 3 — у Віцебскай. Акрамя таго, мы  забяспечваем торфабрыкетам вялікую колькасць устаноў медыцыны, адукацыі і культуры, якія маюць свае кацельні. Увогуле сёння “Гатча-Осаўскі” вырабляе чацвёртую частку спажываемага ў вобласці цвёрдага паліва.

— Ці карыстаецца попытам прадукцыя завода за мяжой?

— Так, нашы тарфяныя брыкеты ідуць на экспарт да нашых суседзяў палякаў. Заключаны кантракт з польскай фірмай на 27 тысяч долараў. У мінулым годзе мы добра спрацавалі у гэтым напрамку. На экспарт было адпраўлена 17 тысяч тон прадукцыі, а гэта трэцяя частка яе, што выпускаецца за год. Гадавы аб’ём яе ацэньваецца ў 1 мільён долараў.

У дзень, калі наведаліся на торфабрыкетны завод, Мікалай Уладзіміравіч афіцыйна знаходзіўся ў водпуску. Аднак вытворчыя пытанні і ў час адпачынку не выходзяць з галавы дырэктара. Таму кіраўніка прадпрыемства сустрэлі ў яго кабінеце.

— Ці бывае у вас увогуле адпачынак, адасоблены ад работы? І ці памятаеце хоць адзін водпуск, калі вы адключалі тэлефон, забывалі пра ўсе клопаты і проста прысвячалі час сабе і сваёй сям’і?

— Без тэлефона я адпачываў толькі тады, калі “мабільнікаў” яшчэ не было (смяецца). Было гэта адзін раз, гадоў трыццаць назад. Толькі тады ў мяне была іншая пасада, а значыць і функцыі, і адказнасць былі зусім іншыя.  Вось і адпачыў на ўсё жыццё наперад у санаторыі “Друскінінкай”. Разумееце, кіраўнік не можа быць доўга адасобленым ад прадпрыемства. У працэсе работы ўзнікаюць некаторыя праблемы, пытанні, якія неабходна ўзгадняць з кіраўніцтвам, арганізоўваюцца мерапрыемствы, на якіх ты абавязкова павінен прысутнічаць.

— Напэўна, за доўгія гады кіраўніцтва вы сфарміравалі каманду спецыялістаў, на якую не страшна пакінуць завод?

— Увесь наш калектыў — старанныя і сумленныя людзі, якія за час працы са мной зразумелі мае патрабаванні і якасна выконваюць пастаўленыя перад імі задачы. Перш за ўсё, у рабоце павінна быць планавасць і дакладнае размеркаванне абавязкаў, а таксама дысцыпліна і арганізаванасць. На адным кіраўніцтве не трымаецца ўся дзейнасць, патрэбна зладжаная работа ў камандзе. З гадамі на прадпрыемстве сфарміраваліся традыцыі і напрамкі дзейнасці, існуюць планы развіцця, і, безумоўна, ёсць тыя людзі, на якіх я не баюся пакінуць прадпрыемства. Гэта і мой намеснік Міхаіл Мікалаевіч Кляўзо, і начальнік вытворчасці Мікалай Рыгоравіч Адамчук, і начальнікі цэхаў Бажэна Юр’еўна Зарэмба і Міхаіл Вітальевіч Мыш’янаў. Кобрынскім вытворчым участкам кіруе адказны спецыяліст — Ігар Пятровіч Шырымук. Кожны з іх знаходзіцца на сваім месцы і яны сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы.

— А як адносіцеся да маладых спецыялістаў? Як лічыце: лепш узяць на работу чалавека з жыццёвым і працоўным вопытам ці моладзь, у якой яшчэ можна выхаваць спецыяліста на свой манер?

— Маладосць і адсутнасць вопыту для мяне не іграюць ролі, калі гэта разважлівыя, здольныя маладыя спецыялісты. Але ж вельмі часта мы сёння сутыкаемся з праблемай недастатковай кваліфікацыі маладых кадраў, нежаданнем іх працаваць на поўную магутнасць. Тым не менш, сёння на заводзе працуе каля 10 маладых людзей ва ўзросце да 31 года, работай якіх я цалкам задаволены.

— Што больш за ўсё цэніце у сваіх працаўніках?

— Хутчэй за ўсё гэта працавітасць, адданасць калектыву, праўдзівасць і кваліфікаванасць. Сам не магу да справы адносіцца, як гаворыцца, “спусціўшы рукавы”, і таго ж чакаю ад сваіх працаўнікоў. Магчыма для некаторых работнікаў мая патрабавальнасць з’яўляецца адмоўнай якасцю, але ж, калі я бачу, што чалавек не спрабуе знайсці рашэнне праблемы, а толькі шукае спосаб не працаваць, інакш, як быць строгім кіраўніком з ім не атрымліваецца. Каштоўнай якасцю для мяне з’яўляецца таксама працоўная дысцыпліна. Калі ты з’явіўся на работу ў нецвярозым стане — гэта прамая падстава цябе звольніць. Наша вытворчасць выбухова і пажаранебяспечная, сезонная і ў многім залежыць ад надвор’я. У красавіку пачынаецца сезон і пяць месяцаў да верасня мы змагаемся за тарфяны “ўраджай”. Таму важна, каб працаўнік меў высокую ступень самаарганізацыі, адказнасці і працаздольнасці.

— Па-за межамі работы, я маю на ўвазе сям’ю, вы таксама бос?

— Не, дома не заўсёды атрымліваецца дзейнічаць паводле прынцыпу “я сказаў”. З патрабавальнасці кіраўніка даводзіцца пераходзіць на мяккасць ў зносінах, расслабленасць і спакой. Дарэчы, дома бывае цяжка стрымліваць сябе, працоўны стыль прапітаў усё маё жыццё. Але ж як не быць добрым і пяшчотным, калі бачыш сваіх дзяцей, сваю ўнучку. Хаця і на іх, на жаль, не заўсёды хапае часу.

— Ужо зараз ідзе размова аб тым, што тарфяныя запасы вычарпальныя. Якая будучыня чакае завод? У якіх напрамках ён будзе развівацца далей?

— Яшчэ у той час, калі я заняў пасаду дырэктара, адчуваўся недахоп сыравіны. Зараз мы выкарыстоўваем тую, якая першапачаткова не была ўлічана. План развіцця ўсіх торфапрадпрыемстваў разлічваецца нашым галіновым інстытутам. Ёсць тарфяныя масівы, на якія мы зараз прэтэндуем у плане развіцця сваёй сыравіннай базы. Аднак не ўсё залежыць толькі ад нашага жадання. Новыя палі дазволяць здабыць 3 мільёны тон торфу пры ўмоўнай вільготнасці, а гэта яшчэ 30 гадоў працы завода. Аднак, трэба сказаць, частка гэтых палёў знаходзіцца ў суседніх Кобрынскім і Пружанскім раёнах, што фарміруе новыя ўмовы работы. Калі раней торф дастаўляўся з дапамогай чыгуначнага транспарту, дык зараз ужо трэці год частку торфу перавозім саракатоннымі МАЗамі. У той жа час не спыняецца мадэрнізацыя прадпрыемства, а менавіта брыкетных цэхаў, ажыццяўляецца закупка новага тэхнічнага абсталявання для здабычы торфу, вядзецца падрыхтоўка новых палёў. Але ж сёлета важнейшая задача для нас — перавесці кацельню з газавага паліва на тарфяное, хаця ў 1987 годзе мы першыя з усіх торфапрадпрыемстваў перайшлі з цвёрдага паліва на прыродны газ. Мясцовыя віды паліва зараз больш рэнтабельныя. Вось такая дылема атрымліваецца.

P.S. Дарэчы, падначаленыя зусім не скардзяцца на патрабавальнасць свайго кіраўніка, цэняць і паважаюць яго за справядлівасць і ветлівае стаўленне да людзей. Калектыў адзначае, што спецыяліст ён высакакласны: добра ўмее планіраваць работу, прадбачыць наперад развіццё многіх падзей, укараняе ў дзейнасці завода перадавы вытворчы вопыт, за што сёлета ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства энергетыкі і Дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Белпалівагаз”.

Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

Фота Ірыны ЖУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top