Калі вы трапілі ў ледзяную ваду

Калі вы трапілі ў ледзяную ваду

Колькі б мы ні гаварылі пра тое, што трэба быць асцярожнымі на лёдзе, трагедыі здараюцца. Калі на вашых вачах такое адбылося, пастарайцеся дапамагчы пацярпеламу.

Дый сам ён павінен прымяняць меры для свайго выратавання. Найперш, захоўваць спакой. Нельга ў паніцы хапацца за беражок тонкага лёду ці навальвацца на яго ўсёй цяжкасцю цела. Ад гэтага лёд абломваецца і месца правалу пашыраецца. Пацярпелы павінен пастарацца легчы на край палонкі спіною ці грудзямі, раскінуць рукі ў бакі і ўпірацца нагамі па магчымасці ў супрацьлеглы край палонкі. У такім становішчы можна выпаўзці. Затым, не ўстаючы трэба адпаўзці ад небяспечнага месца, рухацца з раскінутымі рукамі і нагамі, размяркоўваць вагу цела на магчыма большую паверхню лёду.

Пры аказанні дапамогі таму, хто праваліўся ў ваду, трэба захоўваць меры асцярожнасці. Выратавальнік набліжаецца да таго, хто праваліўся, толькі паўзком, таму што і сам можа трапіць пад лёд. Для выратавання выкарыстоўваюцца спецыяльныя сродкі: лесвіцы, дошкі, канцы Аляксандрава, што знаходзяцца на выратавальных станцыях і на пастах. Акрамя таго, можна прымяняць і іншыя падручныя сродкі: вяроўкі, жэрдкі, бярвёны, адзенне, рамяні і іншыя прадметы. Калі вы наблізіліся да пацярпелага на магчымую адлегласць, трэба кінуць яму канец вяроўкі, троса, каната ці рэменя, а другі канец утрымліваць у сваіх руках. Драўляныя прадметы да месца пралому трэба папіхаць па лёдзе, выцягнуць пацярпелага на цвёрды лёд трэба разам з пададзеным прадметам.

Чалавек, які трапіў у ледзяную ваду, можа быць у розным стане. У адным выпадку ён можа проста выкупацца ў халоднай вадзе, пакуль яго выратуюць з небяспечнага становішча, у іншым — ён можа наглытацца вады і страціць прытомнасць ці атрымаць холадавы шок.

Найперш пацярпелага неабходна сагрэць. Для ўзнаўлення сардэчнай дзейнасці яго пояць гарачым чаем ці каваю. Калі няма ўмоў зрабіць агульнае саграванне, выкарыстоўваюць бутэлькі з гарачай вадой, камяні, грэлкі і іншыя крыніцы цяпла. Абмарожаныя месцы расціраюцца, апрацоўваюцца спіртам. Затым накладваецца стэрыльная павязка. У цяжкіх выпадках пераахалоджвання выратаваных адпраўляюць у бальніцу.

Юрый ГАПОНЧЫК, старшыня Жабінкаўскай раённай арганізацыі таварыства выратавання на вадзе.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top