Вершы … і дысертацыя

Вершы … і дысертацыя

Гадоў дваццаць таму ў яе нарадзілася прага да вершаскладання. Гэта была падлеткавая пара, калі “ўсе пішуць вершы”. Аднак паэтычныя радкі Ірыны Поўх, напоўненыя зусім не дзіцячым, а сур’ёзным, разважлівым поглядам на свет, усё часцей шукалі выйсця да чытача — на старонках раёнкі, у часопісах “Першацвет”, “Крыніца”, “Маладосць”…

Здавалася, так будзе і надалей: голас мацнеў, мацнеў і талент. Раптам вершы зніклі, некуды знікла і сама маладая паэтка — не стала чутно яе…

У час нашай зусім выпадковай сустрэчы не мог ні пацікавіцца:

— Чаму?

І пачуў у адказ:

— Вершы не складаліся, бо дысертацыя пісалася.

Размова адбывалася ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна — у альма-матар Ірыны Васільеўны, дзе яна цяпер выкладае на кафедры замежных моў. Яе шлях у навуку не назавеш прамым і простым.

Нарадзілася ў Вялікіх Якаўчыцах, вучылася ў Ленінскай сярэдняй школе, дзе і захапілася паэзіяй. А поруч з вершам заўсёды крочыць музыка. Таму пасля дзявятага класа паступіла ў Брэсцкі музычны каледж. Аднак прайшла гэтым шляхам паўдарогі, калі зразумела: чорна-белыя клавішы фартэпіяна перасталі вабіць і патрэбна шукаць нейкую іншую сцяжыну ў жыцці.

Вельмі падабаліся мовы: родная, беларуская, на якой хораша пісалася, і англійская, на якой гаворыць увесь свет. Гэта абумовіла наступны крок: улетку 1998 года Ірына Поўх паспяхова здала экзамены і стала студэнткаю факультэта замежных моў БрДУ. Былі поспехі? Канечне, былі. Іх проста не магло не быць. Два гады запар Ірына ўдзельнічала ў рэспубліканскіх конкурсах студэнцкіх навуковых работ. Гэты пачатак даследчай працы ў нечым абумовіў далейшы лёс, бо з кожным поспехам крокі рабіліся ўсё больш упэўненымі: у 2003 годзе — дыплом ІІ-й ступені, у наступным — перамога!

Пасля ўніверсітэта два гады Ірына Васільеўна вучыла англійскай мове гімназістаў лінгвістычнай гімназіі №5 горада над Бугам і адначова атрымоўвала другую вышэйшую адукацыю ў Мінску — у Вышэйшай школе экскурсаводаў і менеджэраў пры БДУ. (Балазе, зараз Ірына Поўх, між іншым, выкладае англійскую студэнтам спецыяльнасці “турызм і гасціннасць”, адначасова з’яўляецца намеснікам дэкана геаграфічнага факультэта ў выхаваўчай працы).

Адкруцім стужку часу на пяць гадоў назад, калі асістэнтка кафедры замежных моў Ірына Поўх стала аспіранткай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Ведаю безліч прыкладаў, калі пасля аспірантуры суіскальнікі на навуковую ступень гадамі пішуць свае дысертацыі, але так і не даводзяць пачатае да лагічнага завяршэння. У гісторыі Ірыны Васільеўны ўсё склалася як належна: хапіла і ведаў, і характару, і патрэбнай даследчай “злосці”, каб стварыць годную кандыдацкую, якую з упэўненасцю выносіла на строгі суд масцітых калегаў.

Красавік 2011-га, набліжаўся Вялікдзень. Быў чысты чацвер, калі Ірына Поўх з чыстым сумленнем выходзіла з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе толькі што пачула аднагалоснае: “Вартая”. Гэта значыла: і аспірантка, і яе дысертацыя, і абарона цудоўна распрацаванай тэмы “Ідэя нацыянальнай самасвядомасці ў ірландскай і беларускай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя (на прыкладзе творчасці Шэймаса Хіні, Нуалы Ні Гональ, Алеся Разанава)” — ухвалены як годныя! А яшчэ праз паўгода чакання — канчатковы “прысуд” ад Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь: “прысвоіць Поўх Ірыне Васільеўне ступень кандыдата філалагічных навук”.

… Усё ж паэзія не згубілася назаўсёды.

Вершы проста сталі часткай навукі.

Дзякуючы вучонай з Жабінкаўшчыны ўпершыню загучалі ў перакладах на беларускую мову запамінальныя, бы свежы подых марскога брызу, вершы паэтэсы Нуалы Ні Гональ. Яны ўвайшлі ў якасці дадатку да дысертацыйнага даследавання.

Пра ірландцаў цяпер я ведаю значна больш, чым раней. Жывуць яны ў цудоўнай зялёнай краіне, вельмі любяць бульбу, ствараюць прыгожыя вершы і стагоддзямі змагаюцца за права “людзьмі звацца”. Зусім як беларусы.

Анатоль БЕНЗЯРУК.

На здымку: І.В.Поўх (у цэнтры) разам са сваімі студэнткамі.

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top