Ля агню каляднай свечкі

Ля агню каляднай свечкі

У раённай дзіцячай бібліятэцы ўжо некалькі гадоў запар збіраюцца маладыя мамы з дзеткамі на ўрокі школы праваслаўя “Па параду — да бацюшкі”. У святочныя дні ў госці сюды прыйшлі юныя вернікі нядзельнай школы Свята-Пакроўскага храма з тэатралізаваным відовішчам “Калядная зорка”. Чытальная зала была запоўнена да адказу.

… На сцэне з’яўляецца дзяўчынка-бяднячка і гаворыць: “Як хочацца есці!” і расказвае гледачам пра свой лёс. Аня Андрасюк, вучаніца першай гарадской школы, якая выконвала гэтую ролю, настолькі ўвайшла ў вобраз бяднячкі, што нават у самых стойкіх на вачах з’явіліся слёзы.

Дзеянні змяняліся на сцэне. І раптам у цішыні таямнічай ночы ў даліне, недалёка ад Іерусаліма, з’явіўся пастухам нябесны анёл Божы і паведаміў вялікую радасць. Пастухі пакінулі жывёлу, накіраваліся ў Віфліем, каб пакланіцца Богадзіцяці Хрысту. Чым яны заслужылі міласць Божую і чаму першыя з усяго роду чалавечага пакланіліся нованароджанаму? Таму што пастухі былі добрыя людзі, чыстыя сэрцам, шчыра верылі ў Бога. Не царам, не моцным свету анёл абвясціў аб нараджэнні Хрыста, а бедным, але сумленным, з добрым сэрцам і чыстай душой людзям, якія занятыя простай, мірнай працай.

Затым на сцэне сярод пастухоў, валхвоў з’явілася Божая Маці з дзіцем на руках, паклала яго ў яслі, стала на калені і схіліла галаву. З паклонам і падарункамі падышлі да калыскі маленькага Ісуса валхвы, пастухі, анёлы. Усе памаліліся.

У гэты вечар кружыліся ў танцы сняжынкі, якіх выконвалі дзеці нядзельнай школы, анёлы “ляталі” вакол дзяўчынкі, з бяднячкі яна ператварылася ў звычайную дзяўчынку ў прыгожай сукенцы, з дахам над галавою і ежаю ў доме… Маленькая здагадалася навошта анёл расказаў ёй гісторыю нараджэння Богадзіцяці. Яна зразумела, што Божы сын аддасць сваё жыццё за людзей, за яе… “Цяпер я ведаю, дзеля чаго мне жыць, — выгукнула маленькая. — Я аддам сваё жыццё, каб служыць яму”.

Пасля заканчэння спектакля было дадзена слова настаяцелю Свята-Пакроўскага храма Сергію Петрусевічу. Усе з асаблівай увагай слухалі яго, а затым разам сфатаграфаваліся.

Свята атрымалася прыгожым. Хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць кіраўніку групы юных артыстаў Галіне Іванаўне Піўчык за падрыхтоўку спектакля, дзе ролі ўмела, душэўна выконвалі Ганна Андрасюк, Фёдар Шорах, Ганна Шорах, Каця Фёдарава, а таксама бацькоў нашых чытачоў Алену Мікалаеўну Андрасюк, Алену Віктараўну Шорах, Ганну Паўлаўну Фёдараву, якія дапамагалі ў арганізацыі дзіўнага відовішча. Актыўна ўдзельнічалі ў свяце таксама Грыша Лугаўцоў, Аня Кучарэнка і Дзіма Антановіч.

Пакуль дзеці ласаваліся саладосцямі і гулялі, дарослыя гутарылі са святаром. Не заўважылі, як і вечар надышоў. Прыемна, што такая сустрэча дапамагла людзям забыць крыўды, успомніць пра міласэрнасць.

Галіна ХАНДРЫКА, намеснік дырэктара ЦБС у рабоце з дзецьмі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top